Рыга — Стакгольм — Мальмё — Стакгольм — Варшава — Стакгольм — Талін — Варшава — Кракаў — Варшава — Уроцлаў — Прага — Брно — Варшава — Прага — Берлін — Осла — Мос — Стакгольм — Нікозі — Тбілісі. Такім маршрутам праходзіць літаратурная адысея вядомага беларускага паэта Дзмітрыя Строцава. Перахапілі Дзмітрыя падчас літаратурнага фестывалю ў Тбілісі, дзе ягоныя вершы прагучалі на беларускай, украінскай, англійскай і грузінскай мовах. Паразмаўлялі пра ўражанні ад фестывалю, асаблівасці паэтычных выступаў у розных краінах, планы на будучыню і звышзадачу творцы ў сённяшніх абставінах.
Фота са старонкі Дзмітрыя Строцава ў Фэйсбуку
— Дзмітрый, прыезд беларускага пісьменніка ў Грузію на літаратурны фестываль нашы землякі чакалі з вялікім нецярпеннем. Вядома, што да гэтага ў Вас адбылася сапраўдная адысея па іншых краінах. Ці маглі б распавесці, з чаго пачынаўся гэты цікавы шлях пасля ад’езду з Беларусі?
— У мяне даўно, ужо шмат гадоў як наладжаны сталыя сувязі з калегамі ў розных краінах. Так атрымалася, што пандэмія незалежна ад нашых жаданняў умяшалася ў планы кожнага. Калі можна так сказаць, ад’езд супаў з цэлым шэрагам «падмарожаных», адкладзеных праектаў. Напрыклад, не так даўно ў мяне выйшла кніга ў Італіі. Адразу за ёй выйшла кніга ў Нарвегіі. Былі запрашэнні на некаторыя фестывалі. Атрымалася так: каб не сумаваць, я пабудаваў маршрут, нейкія дэталі дабудаваў па ходзе, і ў выніку склалася: Рыга — Стакгольм — Мальмё — Стакгольм — Варшава — Стакгольм — Талін — Варшава — Кракаў — Варшава — Уроцлаў — Прага — Брно — Варшава — Прага — Берлін — Осла — Мос — Стакгольм — Нікозі — Тбілісі.
Дзмітрый Строцаў на фестывальнай сцэне з Сяргеем Цімафеевым, паэтам з Латвіі, і з грузінскім літаратарам Шата Іаташвілі
— Ведаю, што Вашы мастацкія здольнасці распаўсюджваюцца не толькі на літаратуру, але і на выяўленчае мастацтва, на жывапіс. У гэтым неверагодным маршруце былі мерапрыемствы, акрамя літаратурных?
— Не. На дадзены момант усё ж існуе неабходнасць пэўнага засведчання своеасаблівай беларускай творчай прасторы. Неабходнасць стварэння моўнага ракурсу ў бок унікальнасці нашай культуры, адметнага беларускага позірку і на падзеі ў сваёй краіне, і на ўкраінскія падзеі. У 2020 годзе ўзнікла каласальная цікавасць да Беларусі, да беларускай паэзіі і ў прыватнасці да маёй паэзіі. У мяне вялікая колькасць перакладаў на шматлікія еўрапейскія мовы. І было цікава ўсе гэтыя выступы будаваць па нейкім такім полілінгвальным прынцыпе. Гэта значыць, калі я ў Кракаве, калі там жа знаходзяцца мая ўкраінская перакладчыца, польская перакладчыца, беларускі перакладчык — мы чытаем учатырох на розных мовах. Так і далей — у Берліне далучаецца нямецкі перакладчык і нямецкі голас. Адбывалася паўсюль прыкладна так, хоць кожны раз са сваімі нюансамі. Напрыклад, у Празе імпрэза праходзіла з некаторымі тэатральнымі элементамі, з акцёрамі. Але ж усё ў межах паэтычнага прадстаўлення.
— Якія ўражанні пакінуў у Вас асабіста Тбіліскі фестываль?
— Адразу трэба сказаць, што я вельмі люблю Грузію. Заўсёды сюды імкнуся, не заўсёды даязджаю. Першы раз прыехаў яшчэ за савецкім часам, у 1988 годзе. Люблю гэтую краіну і вельмі за яе перажываю — яна ўжо прайшла праз войны, і зараз ёсць небяспека працягу інцыдэнтаў. Таму для мяне вельмі важна наведвацца сюды, сустракацца з сябрамі, упэўнівацца, што тут усё добра. Запрашэнне на фестываль для мяне з’яўляецца вельмі каштоўным падарункам. На дадзены момант, маючы вялізны досвед удзелу ў фестывалях у Нарвегіі, у Швецыі, у іншых краінах, хочаш не хочаш, але заўважаеш, што ўсюды людзі жывуць па-рознаму. Аднак мяне ўражвае і абнадзейвае, што на такое маё засведчанне ёсць адэкватны водгук — я зноў апынаюся, зразумела ў творчым, і вельмі такім жывым, ні з чым непараўнальным асяроддзі. Так што толькі ўдзячнасць і шчырыя пажаданні, каб у Грузіі было мірнае жыццё, каб яна захоўвала сваё адзінства і квітнела надалей.
Шата Іаташвілі чытае верш Дзмітрыя Строцава на грузінскай мове
— Куды далей пасля Тбілісі вядзе Ваш неверагодны міжнародны маршрут?
— У Літву. Там запланавана міжнародная сустрэча эколагаў. Гэта адкрытае мерапрыемства, дзе бяруць удзел і навукоўцы, і творчыя людзі. Прычына такой адкрытасці зразумелая. Што такое экалогія? Жыццё чалавека ў згодзе з усім светам, з космасам, з прыродай, з самім сабой. Зразумела, што ўдзел творчых людзей у такіх дыялогах неабходны. Потым запланаваны выступ у Берлінскім клубе, потым тур перацякае ў Францыю, пасля ў Італію. Крыху пазней выстава і выступ — два розныя мерапрыемствы — у Мюнхене, зноў у Германіі. Усё распісана, усё вельмі сцісла ўкладаецца ў расклад. Трэба адпавядаць. Пасля такой своеасаблівай скаванасці і немагчымасці працаваць падчас пандэміі, зараз зноў усё наладжваецца. У запуску некалькі кніг на разных мовах у еўрапейскіх выдавецтвах. Гэта таксама вельмі важны момант.
— Вядома, што ўжо многія Вашы вершы перакладзены на грузінскую мову. Можа быць, ёсць верагоднасць выдаць зборнік і ў Грузіі?
— Пакуль прамых прапановаў не было. Паглядзім — гэта ўсё адбываецца нейкім цудоўным чынам. Вось, напрыклад, не думалася раней, і раптам польскае выдавецтва прапануе адразу дзве кнігі — на польскай мове і на ангельскай.
— Пры размове з адным з удзельнікаў фестывалю была закранута такая тэма, што любую творчую сітуацыю трэба выкарыстоўваць, каб данесці людзям праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, пра расійска-ўкраінскі канфлікт. Ці ёсць у Вас у гэтым плане нейкая звышзадача пры паэтычных выступах?
— Я б сказаў так, што нейкі час таму мне давялося сфарміраваць, або стварыць ці адкрыць для сябе такі новы жанр як паэтычны рэпартаж. Гэта з’ява мае свой час узнікнення — сярэдзіна і другая палова 2000-х гадоў. Так, гэта нейкі водгук на тое, што адбываецца вакол. Спроба для сябе сфармуляваць пэўныя ўяўленні, пераасэнсаваць уражанні. Але гэта не палітычны рэпартаж, не журналісцкі, а менавіта паэтычны. Гэта значыць, што мяне ў першую чаргу цікавіць чалавек вось у такой складанай, цяжкой сітуацыі. Не стратэгіі партый, не тактыка нейкіх такіх сіл уладных альбо праўладных.
Мяне захапляе чалавек, які ці супраць свайго жадання, або па нейкім уласным дазволе апынаецца ўцягнутым у катастрафічную сітуацыю. І, як апынулася, даваць голас чалавеку, які пакутуе, чалавеку ўзрушанаму і агаломшанаму — гэта важная задача. У паэта ёсць голас, ён можа за іншага альбо, дапамагаючы іншаму, гаварыць пра нешта значнае і неабходнае.
— Відавочна, што ў выніку такой рэтрансляцыі атрымліваецца не штосьці абстрактнае і адарванае ад жыцця, не прыдуманы творцам свет і героі ў ім, а больш экзістэнцыйная прастора — ці правільна будзе так пазначыць?
— Вось прыклад: у маёй блізкай украінскай сяброўкі адразу пасля пачатку вайны, у першыя тыдні расійскага ўварвання, на фронце загінуў сын. Не ваенны чалавек, ён проста пайшоў добраахвотнікам. Малады прыгожы хлопец, інтэлектуал. І ў мяне з’яўляецца тэкст — зварот да яе і да яго. Іншымі словамі — адзінства жывых і мёртвых. Я звяртаюся да забітага хлопца, і кажу: «Дзіма, ты вельмі падобны на маму...» і распавядаю яму пра пэўныя падзеі. І заканчваю словамі: «Ала, Дзіма вельмі падобны на цябе...» Такая сітуацыя, такі твор — гэта акалічнасці майго сяброўства. Але ў кантэксце вайны.
Іншая мая знаёмая харкаўчанка, яе імя Іна, займалася і працягвае займацца людзьмі з вялікімі фізічнымі праблемамі. Шмат гадоў яна забірала хворых з інтэрнатаў. З пачаткам вайны абшчына з 16 чалавек была эвакуіравана ў Італію. Іна ўладкавала ўсіх і... вярнулася ва Украіну. Сітуацыя вельмі асаблівая для яе кола сяброў — усе яе знаёмыя харкаўчане на той момант выехалі з горада. Я магу з ёй сазвоньвацца і гаварыць. Яна распавядае пра тое ці іншае. Невычайная сітуацыя: чалавек у горадзе, які ўвесь час пад абстрэлам. І зразумела, што яна мне распавядае значна болей, чым я ўключыў у тэкст. Але для мастацкага твора я пакінуў лінію, чым яна займалася да вайны, а потым момант вяртання ў зруйнаваны горад, каб аберагаць той дом, куды пасля вайны павінны вярнуцца хворыя людзі.
Іна
засталася на Халоднай гары
дакладней вярнулася
калі
адправіла ўсіх да Італіі
.з дзясятак гадоў
забірала з харкаўскіх
інтэрнатаў
людзей
з парушэннямі
апорна-рухальнай
сістэмы
пакуль не сабралася
абшчына альбо сям’я
.сябры-бізнесмэны
купілі кватэру
на Халоднай гары
для новай сям’і
ужо з шаснаццаці
чалавек
тут пасяліліся
самыя ўцятныя
.астатнія
збіраліся на святы
прыходзілі патусіць
вельмі важна ведаць
што ў цябе ёсць сям’я
ёсць дом
вельмі важна
аднойчы прыйсці да мамы
і распавесці пра першую
цяжарнасць
.Іна распавядае
калі пачаліся прылёты
дзеці вельмі спалохаліся
збіраліся
на Халоднай гары
прыціскаліся
адно да аднаго
.спачатку
усіх вывезла ў Дняпро
цяпер уся тусоўка ў Італіі
людзі з абшчыны святога Эгідыя
проста цудоўныя
запрасілі дзяцей у горы
накіроўваюць на абследаванні
дзеці атрымліваюць дапамогу
якой не маглі знайсці
ва Украіне
.кватэра
на Халоднай гары
на першым паверсе
перад вокнамі
палісаднік
Іна кажа
ніколі не ўдзяляла
столькі ўвагі кветкам
30.08.2022
Паглядзіце, як Дмітрый Строцаў чытае Майсея Кульбака ў арт-праекце «Словы мацней»
Ю. Н., budzma.org