Усім вядома ўжо гадоў дзвесце: беларусы нараджаюцца на свет толькі праз дзяржаўную міласць, а паміраюць толькі па сваёй віне.
Надоечы прайшла незаўважная навіна: ад каранавірусу памёр бадзяга Андрэй, які жыў у намёце на Мінскім моры. Памёр у бальніцы, у самоце — гэтаксама, як пражыў кароценькае жыццё. Тое, што мы даведаліся пра гэтую самотную смерць — дзіўна, бо са смерцю ў беларусаў стасункі надта супярэчлівыя. Але ж ці стала яна для кагосьці шокам?
Тым часам не так даўно Францыя скаланулася ад навіны пра тое, што проста на вуліцы да смерці замёрз вядомы фатограф. Навошта зараз я супастаўляю дзве такія розныя навіны і смерці? Быццам яны штосьці новае скажуць пра нашае стаўленне да чалавека і ягонага жыцця?
Фота: twitter.com/mompontet
Я магу ўявіць шок французаў. Смерць вядомага творцы на вуліцы разбурае дзве надзвычай важныя ілюзіі і дамовы: па-першае, што людзі вядомыя, «заслужаныя», застрахаваныя ад самотнай бадзяжнай смерці, што калі ўсё жыццё старанна біць лапкамі, то дакладна не акалееш, як сабака, пад нагамі ў людзей, а па-другое, значна важнейшае, — што чалавечае жыццё перадусім, чалавек чалавеку не воўк і не раўнадушны мінак. Ін’екцыяй ад крывадушнасці і стала гэтая французская навіна — прынамсі, для французаў. У самотнай безыменнай смерці на вуліцы аказалася імя. Бадзяжнасць і галеча ў адзін момант перасталі быць выключна асабістым выбарам і зрабіліся выракам грамадству: так-так, сакраментальным «мы ўсе вінаватыя, а не ён адзін, гэты небарака, які выбраў бадзяцца».
Колькі каштуе і чаго вартая смерць у Беларусі, нам патлумачылі яшчэ пасля першай каронавіруснай смерці: «Чаго ты ходзішь па гэтай вуліцы, яшчэ і працуешь?» Тым, хто намагаўся не ведаць нічога пра рэгулярныя, толкам не расследаваныя смерці салдат у Пячах, пра знікненне людзей, нават, здавалася б, «застрахаваных» ад знікнення, пра даўнія смяротныя пакаранні і нядаўнія нерасследаваныя забойствы ды шмат пра што яшчэ, — такім людзям, добра схаваным ад нашага сапраўднага жыцця, варта было б насцярожыцца ад аднае гэтае рэплікі. З гэтага дня, зразумела ж, такія людзі будуць паміраць сотнямі і ўсім сваім жыццём не заслужаць нават адзінкі ў статыстыцы па каронавірусных смерцях. Чаго ходзішь, чаго працуешь?
Твая смерць — твая віна. Ці не гэты месадж паўтараецца нам шмат гадоў па ўсіх афіцыйных каналах, праз якія з беларускім народам гаворыць беларуская дзяржава, нашае Супер-Эга.
Смерць — справа прыватная, віна ў ёй ляжыць выключна на памерлым, і калі чалавек памёр, то дакладна гэтага заслужыў. Быў п’яны. Правакаваў. Атрымаў турэмны тэрмін. Не адкасіў ад арміі. Адкасіў ад арміі. Хадзіў па вуліцы. Працаваў.
Віна кладзецца на ахвяр з чысцюткай дзіцячай упэўненасцю ў бессмяротнасці. Пагарда да смерці — проста выварат пагарды да жыцця. Тыя, хто жывуць, проста больш вартыя таго, каб жыць. Чалавек заслугоўвае сваёй смерці. Усё як мае быць.
Аніводны беларус у цвярозым розуме не скажа, што яму падабаецца такая грамадская дамова. Але ж во дзіўна, што мы заключаем выключна тыя грамадскія дамовы, якія нам страшна не падабаюцца. Быццам, стагоддзямі прывучаныя да прыніжэння, беларусы перамруць, калі іх уласная дзяржава пачне ставіцца да іх годна. Такая сабе завядзёнка.
Роўнасць, годнасць, спачуванне, увага, дапамога, неабыякавасць — усё, што сцвярджае каштоўнасць чалавечага жыцця, — усё гэта гадамі паціху выціскалася з афіцыйнай культуры ў неафіцыйную, недзяржаўную, і дзякуй богу, былі недзяржаўныя арганізацыі, якія падхоплівалі выцесненае.
Неяк мы пагадзіліся з тым, што дзяржава не павінна ставіцца з адпаведным спачуваннем да дзяцей з рэдкімі захворваннямі, да жанчын, якія сутыкнуліся з хатнім гвалтам, да бадзяг, да людзей у пазіцыі ахвяры. Мы дазволілі дзяржаве ўвогуле не дурыцца наконт уласна чалавечага, і дачакаліся, калі афіцыйная культура ўзяла ды абвінаваціла неафіцыйную ў экстрэмізме.
Ці маглі мы яшчэ пяць год таму, радуючыся, як расцвітаюць прыватныя грамадскія ініцыятывы і прарастаюць grass roots, прадбачыць, што яно павернецца вось так? Па часнаку — маглі. Але зрабілі ўсё, каб яшчэ крышку больш верыць у сваю значнасць — што гэтымі ініцыятывамі мы створым тую грамадскую дамову, якая нам даспадобы. Не, мы яе створым, але ж у той дамове варта не забыцца, што разам з тым нам яшчэ патрэбная і дзяржава, якая афіцыйна ні ў што не ставіць чалавечае, — і вось гэты пункцік дамовы не забыцца б добранька прапрацаваць.
Мяркую, самае цяжкое з гуманітарнага пункту гледжання наступства рэпрэсій — афіцыйны дазвол людзям быць адно аднаму ворагамі і ставіцца адно да аднаго з найлюцейшай пагардай, якая штодня выпрадукоўваецца прапагандай. Той самы выпадак, які спужаў Францыю, у Беларусі цяпер робіцца не проста магчымым, а адзіным натуральным: ты сам вінаваты ў сваёй смерці, і калі добрая душа зверне на цябе, калеючага на вуліцы, увагу, дык тая душа — экстрэмістка.
Між тым, іншая маленечкая навіна з Паўночнай Македоніі кажа, што дзесьці існуе вялікі свет, у якім афіцыйная культура ўмее трансляваць і зусім іншае: даведаўшыся пра булінг у бок дзяўчынкі з сіндромам Даўна, прэзідэнт краіны адвёў яе ў школу асабіста. І няхай гэта будзе сто разоў дэмагогіяй, як лёгка дакажуць нядобрыя людзі, але ж у афіцыйную культуру той ўчынак трансляваў добра чытэльны месадж: дзяржава сцвярджае, што чалавек чалавеку не воўк. Ці ж мы дажывем да таго часу, калі такі месадж дазволіць сабе наша афіцыйная культура?
Пакуль што яна добра спраўлялася толькі са спачуваннем героям, якія аддавалі здароўе і нават жыццё. Ёй зразумелы толькі подзвіг — але ж у подзвігу няма таго самага Іншага, якое так важна для ўзаемапаразумення ў грамадстве. Іншае ў тым чортавым подзвігу падмяняецца Належным: афіцыйная культура нас, як малых дзяцей, дагэтуль павучае — ты павінен быць такім, як я скажу, а не які ты ёсць. Ты павінен пераадолець сябе ў імя нечага, што больш за цябе. Табе належыць адпавядаць узору. І ты сам вінаваты, што не атрымліваецца. Усімі, у каго «не атрымліваецца», займаліся збольшага прыватныя ініцыятывы, — не надта дзяржаўная гэта справа.
А можа, сапраўды, справа ў тым, што дзяржаву нашу, у тым выглядзе, якім мы ведаем яе зараз, стваралі стомленыя піянеры-героі — дзеці, якіх рыхтавалі будаваць утопію, а яны спужаліся, што не справіліся, што дзеля радзімы неабходна ахвяраваць жыццём, а гэта страшна — карацей, спужаліся таго, што не адпавядаюць Належнаму.
Калісьці ўся паўсядзённая, неафіцыйная савецкая культура працавала на тое, каб гэтаму чортаву афіцыйнаму Належнаму, геройскаму, якое разумее толькі ахвяру, супрацьпаставіць простае хамства, штодзённы напамін пра тое, што чалавек — ён маленькі і кволы, і нельга яму забараняць быць слабым, інакш ён пачне кусацца.
Цяпер расчараваныя піянеры, якім не ўдалося, на шчасце, стаць героямі, а тым больш пабудаваць загаданую утопію, і давялося пражываць маленькае негераічнае жыццё, — цяпер замест сябе яны прыносяць у ахвяру сваіх дзяцей і унукаў, каб яшчэ крыху падаўжэй схавацца ад дзяржавы, якая зноў патрабуе толькі подзвігу і не хоча слухаць, што ў іх высокі ціск і маленькая пенсія. Ты сам вінаваты ў тым, што не адпавядаеш. І будзеш вінаваты ў тым, што памрэш.
Больш за тое, стомленыя піянеры, якім не выпала ахвяраваць сабой дзеля радзімы, навучылі створаную імі дзяржаву трактаваць подзвіг зусім вычварна: жыццё нічога не вартае, і смерць, якая здарылася не дзеля Належнага, таксама нічога не вартая. Ці не пра гэта крычыць нам дзень і ноч афіцыйная культура вуснамі прапаганды?
Страшная гэта штука, бо пагарда да смерці — а значыць, і да жыцця як такога — урэшце рэшт патрабуе абставінаў, якія апраўдалі б гэткае бессэнсоўнае грэбаванне чалавечым. І тут дарэчы стане памяць пра вайну, дзякуй ідэалогіі, што не забывалася нам нагадваць пра тую вялікую перамогу і пра тыя вялізарныя ахвяры. Ну, вы самі ўсё разумееце.
Пад маімі вокнамі малады татка ганяе туды-сюды каляску. Афіцыйныя навіны нястомна паведамляюць пра тое, што мы адстаялі сваю дзяржаўнасць. Неафіцыйныя, выцесненыя — пра набліжэнне нікому не зразумелай вайны і пра тое, што філосаф Уладзімір Мацкевіч трымае галадоўку.
Малады татка, бачна, не задумваецца, як ягонаму дзіцяці жыць размазанаму паміж двума пластамі беларускай культуры, дзе жыццё афіцыйна не вартае нават лічбы ў каронавіруснай статыстыцы, калі яно не прынесена ў ахвяру дзеля радзімы. Тата проста ведае моц часу, які проста ідзе. Яго дзіця пражыве жыццё проста для таго, каб прайшоў час і штосьці змянілася.
Яшчэ малады татка, верагодна, ведае, што паміраць яму давядзецца ў самоце, і ў сваёй смерці, гвалтоўнай, раптоўнай ці чаканай, будзе ён вінаваты сам. Ён вызваліў грамадства ад неабходнасці спачуваць яму. Ён, магчыма, прымірыўся і з тым, што гэтаксама будзе і з малечам, які ляжыць у калысцы.
Цікава, ці вялікая частка беларусаў, чытаючы гэты тэкст, справядліва абурылася: «Чаму яна ўспамінае французаў, калі вось тут і зараз беларус Уладзімір Мацкевіч набліжаецца да смерці і мы не можам яму дапамагчы?!» А якая частка беларусаў, даведаўшыся пра галадоўку Уладзіміра Мацкевіча, скажа проста: «Памрэ — сам будзе вінаваты», маючы на ўвазе і тое, што яны дазваляюць суайчыннікам не клапаціцца пра сябе і свой лёс і змірыліся з тым, што так яно і будзе?
Калі мы сядзем перапісваць грамадскую дамову, першым пунктам парадку дня варта паставіць наступны: як нам навучыць дзяржаву афіцыйна і безумоўна цаніць чалавечае жыццё? З чаго пачаць?
Пакуль малады татка яшчэ пад акном, пайду дапамагу яму зацягнуць каляску ў пад’езд. Спадар Уладзімір, трымайцеся.
budzma.org