Ці чытаюць сучасныя дзеці папяровыя кнігі? Ці ходзяць у старыя добрыя дзіцячыя бібліятэкі па кніжныя навінкі і класіку? Ці чытаюць яны па-беларуску? І не менш важнае пытанне: як прыцягнуць увагу дзяцей і падлеткаў да беларускамоўнай кнігі? Мы скантактаваліся з прадстаўніцамі некалькіх дзіцячых бібліятэк сталіцы і рэгіёнаў і паслухалі іх меркаванні. Інфармацыя пра попыт на беларускамоўную дзіцячую літаратуру і яе наяўнасць ці адсутнасць у бібліятэчных фондах – вашай увазе.
Вольга Амасёнак, Цэнтральная гарадская бібліятэка імя М. Горкага, г. Віцебск:
У нас бібліятэка сямейнага чытання. У аддзеле абслугоўвання – больш за пяць тысяч чытачоў, з іх тысячы дзве з паловай – дзеці. Запісваюцца з бабулямі, дзядулямі, бацькамі, цэлымі класамі прыходзяць на экскурсіі, масавыя мерапрыемствы. Беларуская мова дзецям зразумелая, хаця і не такая распаўсюджаная сярод іх, як руская.
Папулярныя сярод дзяцей кнігі – як і па ўсім свеце, фэнтэзі, дэтэктывы, прыгоды. Што да беларускамоўных выданняў, то мы стараемся ісці ў нагу са школьнай праграмай. Вельмі запатрабаваныя рускамоўныя беларускія аўтары кшталту Я. Пастэрнак. З беларускамоўных чытаюць А. Бадака, В. Гапеева, Г. Аўласенку і інш.
Каб дзеці з малых гадоў размаўлялі па-беларуску, патрэбнае беларускамоўнае асяроддзе, таму дзяржава павінная ставіцца да беларускай мовы з павагай. А ўвогуле трэба пачынаць з сям’і. Магчыма, мы, дарослыя, самі вінаватыя ў тым, што не ведаем сваёй мовы, і дзеці нашыя растуць і таксама ёй не валодаюць.
Таццяна Гурко, Чырванараніцкая сельская бібліятэка, Чашніцкі раён:
Акрамя нашага пасёлка мы абслугоўваем яшчэ 12 маланаселеных вёсак, агулам – 822 чалавекі, з іх – 114 дзяцей, чытаюць 74. У асноўным прыходзяць па “школьную праграму”: заданні на лета, пазакласнае чытво. Але ёсць і тыя, хто чытае шмат па-за праграмай. Меншыя прыходзяць па казкі, старэйшыя чытаюць прыгодніцкую серыю “Таинственные приключения”, дзяўчаты цікавяцца раманамі для дзяўчат.
Па-беларуску чытаюць мала. У мінулым годзе ў нас агулам было выдадзена больш за 3000 кніг, з іх беларускамоўных – 124. Але сёлета толькі за першы квартал выдадзена ўжо 72. Мы пачалі больш увагі звяртаць на беларускамоўную літаратуру: у нас пастаянна дзейнічае выстава для дзяцей “Чытаем беларускую кнігу”, кожны месяц робім агляд кніг пісьменнікаў-юбіляраў. Перакладаў С. Нурдквіста, Э. Сусы ў нас няма: вы ж самі разумееце – сяло. З фінансаваннем тугавата. Але ёсць кнігі М. Пазнякова, У. Мазгова, Р. Баравіковай, А. Масла і інш.
Каб заахвоціць дзяцей да чытання, трэба прапагандаваць беларускую літаратуру, праводзіць мерапрыемствы. У нас цікава прайшоў Дзень роднай мовы ў лютым: мы зрабілі для дзяцей тэматычную палічку “Твае першыя кнігі па-беларуску”, імкнуліся размаўляць па-беларуску з чытачамі, дзеці чыталі вершы, разгадвалі рэбусы і загадкі і інш. З пісьменнікаў угадвалі Я. Купалу, Я. Коласа, сваіх пісьменнікаў-землякоў: Г. Пашкова, А. Шашкова і інш.
Дзеці разумеюць беларускую мову, бо ў нас школа беларускамоўная. А яшчэ ёсць сям’я, якая пераехала сюды з Арменіі: бацькі прымушаюць чытаць дзяцей па-беларуску, каб тыя ведалі беларускую мову.
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка г. Мінска імя М. Астроўскага
Анастасія Новікава, вядучы бібліятэкар малодшага абанемента:
Малодшы абанемент – дзеці да пятага класа. Нягледзячы на панаванне інтэрнэту, дзеці прыходзяць і чытаюць. Але з цікавасцю да чытання па-беларуску праблема: нярэдка дзеці лічаць беларускую мову замежнай, яшчэ горшай за англійскую. Часцяком бацькі ставяцца да беларускай мовы як да прадмета, які будуць вывучаць у школе. У выніку дзіця ў школе нічога не разумее па-беларуску, пачынае лічыць мову дрэннай і адмаўляецца яе вучыць. Але шмат і добрасумленных бацькоў, якія з маленства прывучаюць дзяцей да беларускай мовы. Пераклады твораў Э. Сусы, С. Нурдквіста – гэта ў нас шэдэўры, іх любяць, бо кнігі вельмі добра аформленыя: дзеці ж выбіраюць цукерку па фанціку. На жаль, не заўсёды вокладка кнігі на беларускай мове чапляе вока. Думаю, не прападзе любоў да беларускай мовы, літаратуры, калі кнігі будуць не толькі добра напоўненыя, але і выглядаць будуць прывабна.
Бацькі цяпер прасунутыя: глядзяць у інтэрнэце спісы навінак беларускіх выдавецтваў і прыходзяць да нас па канкрэтныя кнігі. Цікавяць іх, прыкладам, “Сем ружаў” Н. Ясмінскай, “Бася і Піглас” Н. Букі, “Вялікія прыгоды какоса-маракоса” С. Мінскевіча. З класікаў любяць Л. Рублеўскую “Прыгоды мышкі Пік-Пік” і інш. Але ў асноўным усё ж беларускія аўтары карыстаюцца попытам на рускай мове: той жа С. Клімковіч з яго “Тайной квартиры №8”.
Людміла Дуброўская, загадчыца сектара старэйшага абанемента:
Аўдыторыя, што чытае найбольш, – шостыя і восьмыя класы. Збольшага кнігі на беларускай мове, якія чытаюць дзеці, – школьная праграма. З беларускіх аўтараў на першым месцы – рускамоўныя А. Жвалеўскі і Я. Пастэрнак. Добра чытаюцца “Сем камянёў” А. Шэіна, “Адваротны бок люстра” К. Шталенковай, кнігі Л. Рублеўскай, А. Федарэнкі і інш. Нядаўна атрымалі новыя кнігі В. Гапеева “Мая мілая ведзьма” і раман-фэнтэзі С. Умец “Сэрца сакры”.
Старэйшыя беларускую мову разумеюць. Нядаўна ўвогуле прыходзіў беларускамоўны падлетак – здаваў кнігі па гісторыі: размаўляе на беларускай мове ўвесь час. Але такіх мала. Як правіла, гэта дзеці бацькоў, якія размаўляюць па-беларуску.
Хацелася б, каб было больш беларускамоўнай літаратуры для падлеткаў, каб яна адказвала на розныя пытанні, якія іх цікавяць. Калі раней падлеткі добра чыталі кнігі пра каханне, то цяпер яны цікавяцца сучаснай прозай. І яшчэ не хапае кніг духоўнага зместу: такой літаратуры і на рускай мала, а на беларускай амаль зусім няма.
Каб сітуацыя з беларускай літаратурай стала лепшай, трэба працаваць усім разам – і настаўнікам, і бібліятэкарам, і бацькам. Нам трэба больш чытаць па-беларуску. А яшчэ дрэннае для нашай працы існаванне двух пісьменніцкіх саюзаў. На жаль, з Саюза беларускіх пісьменнікаў да нас не ўсе кнігі даходзяць. А трэба саюзам паміж сабой стасункі наладжваць – каб у нас былі найлепшыя кнігі з абодвух. А яшчэ мы радыя супрацоўнічаць з кампаніяй “Будзьма беларусамі!” – разам ладзім мерапрыемствы, прыходзяць цікавыя выступоўцы. Пасля знаёмства з імі складана не зацікавіцца беларускай мовай.
Тэкст: Аляксандра Дварэцкая