21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі, адбылася творчая сустрэча навучэнцаў Мінскага універсітэта трэццяга ўзросту з бардам Таццянай Дайнека ў межах кампаніі “Пацісотгоднасць”.
На пачатку сустрэчы Таццяна нагадала, што пяцьсот год таму наш знакаміты земляк Францішак Скарына надрукаваў першую беларускую кнігу.
Таццяна прадставіла слухачам свой новы дыск на вершы Яўгеніі Янішчыц “Матылёк”, які пабачыў свет дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Таццяна праспявала песні “Якая я”, “Мова”, “Разлука ўпала на траву” і шмат іншых. Песня “І тчэ жыццё гады…” была праспяваная на біс. Цяпер гэтую песню будуць спяваць і навучэнцы універсітэту, Таццяна прэзентавала тэкст аматару аўтарскай песні спадарыні Святлане.
Падчас выступу Таццяна зладзіла творчы конкурс. Паэтычныя радкі Ніла Гілевіча, Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц гучалі ад душы. Некаторыя удзельнікі зладзілі мастацкае прачытанне вершаў сваіх унукаў і тэатральную пастаноўку басні.
Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.