Пабачылі свет 10 і 11 выпускі «Дзённікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна

Днямі выдавецкая серыя «Бібліятэка Бацькаўшчыны» патаўсцела на дзве кнігі — такім чынам быў цалкам завершаны даўгабуд па расчытванні і публікацыі запісных кніжак Рыгора Барадуліна. Гэтая праца агулам заняла каля дзесяці гадоў.


286987833_2132175503610803_3818800109084784498_n.jpg
Фота са старонкі Суполкі беларускіх пісьменнікаў у Фэйсбуку

Усе адзінаццаць тамоў «Дзённікаў і запісаў» Рыгора Барадуліна цяпер можна паставіць на паліцу разам! А ўдосталь нацешыўшыся іхным выглядам — з нецярпеннем разгортваць і прымацца за даследніцкую працу, вывучаць з іх дапамогай творчасць народнага паэта, гісторыю беларускай літаратуры і краіны, пранікацца духам паўсядзённасці не абы-якой творчай асобы на зломе эпохаў, чытаць не друкаваныя раней вершы, дазнавацца пра невядомыя раней факты з жыцця сяброў і блізкіх дзядзькі Рыгора...

Не хапае словаў, каб выказаць падзяку ўкладальніцы тамоў — беларускай пісьменніцы і даследчыцы творчасці Рыгора Барадуліна Наталлі Давыдзенка, якая сама расчытвала, набірала і каментавала рукапісы (а трэба заўважыць, што «дзённікі» Барадуліна — гэта назапашаныя за 60 гадоў неўпарадкаваныя стосы нататнікаў, аркушоў паперы і да т.п. матэрыялаў). Такі, без перабольшвання, подзвіг застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры прыкладам для наступных пакаленняў даследчыкаў.

Супольнасць беларусаў замежжа «Бацькаўшчына»