Нядаўна ў Івацэвічах у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пабывалі беларуская паэтка, перакладчыца Наталля Русецкая і паэт, празаік, адказны сакратар літаратурнага часопіса “Дзеяслоў” Анатоль Івашчанка.
Найперш госці наведалі цэнтральную бібліятэку.
У праграме сустрэчы былі знаёмствы з новымі кнігамі Анатоля Івашчанкі “Анаталогія” і Наталлі Русецкай “Каштаны ў кішэнях” і прэзентацыя часопіса “Дзеяслоў”, у двух апошніх нумарах якога друкуецца новы раман “Ноч Цмока” аўтара гэтых радкоў.
Рэдакцыя “Дзеяслова” не толькі імкнецца адлюстроўваць літаратурны працэс у Беларусі, але і пашыраць кола ўжывання беларускага слова. Расказваючы пра часопіс, Анатоль Івашчанка падкрэсліў, што рэдакцыя яго прытрымліваецца галоўнай задачы: друкаваць лепшае, не зважаючы на прыналежнасць аўтараў да тых ці іншых творчых суполак. Найперш – якасць літаратуры.
Сам Анатоль Івашчанка прэзентаваў сваю першую кнігу прозы. Варта сказаць, што калі чытаць гэтую кнігу цалкам, ад першай навелы да апошняй, па парадку, узнікае ўстойлівае адчуванне, што гэта нешта кшталту рэлігійнага трактату, які паступова прыводзіць да таямніцы галоўнага бога ў жыцці чалавека. Дык вось, у аўтара такі бог – яго сям’я: яго любая жонка і трое дзяцей. Нездарма сама кніга заканчваецца з любоўю некалі сабранымі дасціпнымі і смешнымі выразамі яго дзяцей.
Крамя іншага, Анатоль – музыкант, ён выканаў некалькі песень на гітары на вершы беларускіх паэтаў і расійскіх рок-музыкантаў, песні якіх перакладзены на беларускую мову.
Сярод прысутных былі разыграныя невялічкія падарункі-сувеніры ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”, лозунг якой: “Культура паляпшае жыццё” найбольш адпавядае цяперашняму Году культуры.
Прадстаўляць любога паэта вельмі цяжка, а яшчэ калі гэта паэтка, ды яшчэ тонкі, шчыры лірык, вельмі складана. Таму мы разам слушна рашылі, што лепш за любыя словы скажуць пра Наталлю Русецкую яе вершы. Наталля чытала свае вершы – простыя як быццам, але незвычайна глыбокія ў сваіх пачуццях, вобразныя і, скажам так, кранальна жаночыя, у якіх гучала яе любоў і да радзімы, і да дарогі, і да дзяцінства, і да мужчыны…
Мне з прыемнасцю хочацца і самому адзначыць, і перадаць словы захаплення гасцей тым, як грунтоўна і прадумана, старанна падрыхтаваліся да сустрэчы ў бібліятэцы: як сказалі пасля госці, яны былі вельмі прыемна ўражаныя. Асабістая падзяка – дырэктару Галіне Гарэлік.
Пасля мы яшчэ наведалі вучняў ліцэя Івацэвіцкага раёна і далей – навучэнцаў прафліцэя. Зноў жа хачу шчыра парадавацца за сваіх землякоў: сустрэчы былі цёплымі і жаданымі, ад чаго госці былі расчуленыя і выказвалі там, і прасілі яшчэ раз перадаць сваё шчырае дзякуй за ветлівую гасціннасць.
Мэта творчых работнікаў, тым больш у Год культуры, – спрыяць пашырэнню культурніцкага асяроддзя, уцягваць у яго як мага больш людзей. Закон дыялектыкі просты: колькасць заўсёды пераходзіць у якасць, паступовая, але без спынення праца заўсёды дае плён. Мы сёння на самым высокім узроўні чуем пра тое, што культура застаецца адным з галоўных складнікаў развіцця краіны, раскрыцця яе творчага, навуковага, сацыяльнага і эканамічнага патэнцыялу. Адчуваць сябе датычным да культуры – значыць, адчуць датычным і да краіны.
Ну, а слова заўсёды было і застаецца самым дзейсным сродкам і інструментам ці не ва ўсіх праявах нашага жыцця. Недарэмна ж было сказана: “Напачатку было Слова…”. І хай гэтае слова будзе прасякнутае найперш любоўю: да роднай зямлі, да сваёй сям’і, да самога жыцця…