Кавалак вельмі прыстойнага нойз-року, апрацаванага і адшліфаванага ў Гародні, ад гурта, які ўзяўся капаць вельмі глыбока.

Тое, што робяць гэтыя гарадзенскія хлопцы, ня мае аналягаў прынамсі ў беларускай музычнай прасторы і выглядае вельмі небанальна. Гэта не свавольствы студэнцікаў музвучэльні ў абедзенны перапынак, а добра прадуманая праграма з выразнай гукавой канцэпцыяй ад каманды, пра якую кажуць “вядомая ў вузкіх колах”. Earworm намацвае свой адметны стыль ужо з 10 гадоў. Іх музыку выдавалі ўжо на лэйблах ЗША і Расеі, прычым у Амэрыцы – на вініле.
У “Бурштынавым альбоме” чуваць, што музыкі ведаюць, дзе шукаць (чытай – “капаць”) свой скарб. Яны занураныя ў сьвет экспэрымэнтальнага року, і найлепш іх музыку адчуе слухач, неабыякавы да спадчыны Velvet Underground, Swans, Сяргея Курохіна. Рэй у музыцы Earworm вядзе віяланчэль, якую падтрымлівае электрагітара з рытм-сэкцыяй. Прытым не пяецца і не прамаўляецца падчас гучаньня дыску ані слоўца, толькі сям-там чмель праляціць. Такім чынам, атрымліваецца такі безгалосы, занураны ў сябе шчыльны і сыраваты нойз-рокавы інструмэнтал. Дзіўныя подпісы да трэкаў толькі нагнятаюць абстаноўку – усе гэтыя назвы ўзятыя з геалягічных слоўнікаў ды абазначаюць розныя віды выкапнёвай смалы. Earworm капаюць глыбока, факт.
Ясна, што тое, што робіць гэты гурт, – не для шырокіх масаў. Але для тых, хто цэніць у музыцы перадусім бязьмежнасьць мысьленьня і дух экспэрымэнтатарства, “Amber” – як знаходка. Адзінае, чаго не стае камандзе, – дык гэта яркага пазыцыянаваньня.
Спампаваць альбом адным файлам можна на 34mag.net.
Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: –
Запіс: 7
Аздабленьне: 6
Сяргей Будкін