35 гадоў пасля 25 жніўня: пра што мы думаем, калі кажам «незалежнасць»

35 гадоў таму Беларусь атрымала незалежнасць — 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР набыла статус Канстытуцыйнага закона. За гэты час змянілася шмат чаго: мы нанова адкрывалі сваю гісторыю, мову, культуру і саміх сябе. Але сёння слова «незалежнасць» зноў гучыць асабліва востра. Што яно значыць для беларусаў цяпер? І ці можам мы сказаць, што Беларусь — сапраўды незалежная? Сваімі думкамі дзеляцца грамадскія і культурныя дзеячы.

Аліна Нагорная, праваабаронца, актывістка

Alina Nahornaja
Аліна Нагорная. Фота Рыгора Сапежынскага

Незалежнасць краіны — гэта свабода самастойна вызначаць свой шлях, прымаць рашэнні без знешняга ціску, карыстацца нацыянальнай мовай без абмежаванняў.

Сёння незалежнасць Беларусі выглядае фармальнай. Таму для мяне гэтая дата — напамін пра тое, што сапраўдны суверэнітэт яшчэ трэба адстойваць.

Павел Севярынец, палітык, пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч

Paviel Sieviaryniec
Павел Севярынец падчас прэзентацыі кнігі «Беларусь — гэта святое». Фота Барыса Гарэцкага, з Фэйсбука Паўла Севярынца

Дзяржаўная незалежнасць — скразны матыў беларускай гісторыі і вострая патрэба беларускай сучаснасці.

Незалежнасць — гэта калі мы, беларусы, самі вырашаем, як нам жыць. Якія законы прымаць, якія міжнародныя пакты падтрымліваць ці адпрэчваць, якія галіны гаспадаркі развіваць, як вызначаць будучыню.

Цяпер паняцце незалежнасці — гэта найперш пра незалежнасць ад агрэсіўнай імперскай Расеі, і гэта відавочна. Але ў прынцыпе незалежнасць — базавая каштоўнасць.

Свая, беларуская улада, якая грунтуецца на беларускім нацыянальным інтарэсе — гэта і ёсць гарантыя незалежнасці.

А беларускі нацыянальны інтарэс — гэта павага да кожнай асобы, сям’і, супольнасці, гэта беларуская мова, беларуская культура, свая гаспадарка, моцнае мясцовае самакіраванне, еднасць з гістарычна хрысціянскай заходняй цывілізацыяй, бяспека ад Расеі.

35 гадоў таму беларуская незалежнасць сталася юрыдычнай рэальнасцю.

І гэта — унікальная дата нашай гісторыі, сувымерная з адпаведнымі дзяржаўнымі святамі ў Літве ці Украіне.

Мы, беларусы ў Вільні, рыхтуемся адзначыць 25 жніўня чарадой сустрэчаў, акцыяў, культурніцкіх падзеяў.

Юля Цімафеева, паэтка, перакладчыца


Julia Cimafiejeva
Юля Цімафеева, фота з яе асабістага архіву

У 1991 годзе я была дзевяцігадовай вясковай дзяўчынкай і, безумоўна, зусім не цікавілася палітыкай. Таму на тыя падзеі я ўсё ж гляджу рэтраспектыўна.

Для мяне самым важным тады, акрамя, вядома, здабыцця Беларуссю суверэнітэту і магчымасці абіраць уласную будучыню (пра гэта скажуць і іншыя), бачыцца магчымасць вызваліць мову. Я кажу пра незалежнасць мовы і мову незалежнасці. Не проста пра нацыянальную, беларускую мову, якая была адзінай дзяржаўнай пяць гадоў, тры месяцы і дзевятнаццаць дзён, а пра свабоду мастацкага выказвання ў літаратуры, тэатры, музыцы і ўласна мастацтве. Ці нават вынаходніцтва новай мовы, каб гаварыць пра новую дзяржаву пасля шматлікіх гадоў цэнзуры, самацэнзуры і пастаяннага кантролю. 

Магчыма, я занадта рамантызую, але гэтая агаломшанасць моўнай свабодай, хай і пры пастаянным недахопе матэрыяльных рэсурсаў, была тым імпульсам, што і дагэтуль сілкуе беларускую літаратуру і ўсе жанры мастацтва.

Беларусь была ператлумачаная ці, можа, перапрыдуманая нанова. Яна стала цікавай і маёй.

Павел Гарадніцкі, актор, музыка

Paviel Haradnicki
Павел Гарадніцкі, фота з яго асабістага архіву

У 1991 годзе мне было восем гадоў, таму я, канечне, слаба памятаю сам момант, калі Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была прынятая і набыла статус канстытуцыйнага закона. Але я вельмі добра памятаю тыя адчуванні, якія былі вакол, тое, што нібыта было ў паветры: адчуванне свабоды, адчуванне нейкіх вялікіх пераменаў. Гэта мае дзіцячыя ўспаміны, але яны засталіся са мной на ўсё жыццё.

Для мяне гэта вельмі важная дата, таму што менавіта 25 жніўня стаў паваротным, ключавым момантам на шляху Беларусі ад БССР да асобнай, незалежнай дзяржавы.

Так, у 1996 годзе пасля змянення Канстытуцыі афіцыйны Дзень Незалежнасці Беларусі перанеслі на 3 ліпеня. Але для мяне Дзень Незалежнасці ўсё роўна — гэта 25 жніўня.

Мне здаецца, менавіта ў гэты дзень беларусы зрабілі свой выбар — выбар быць незалежнай дзяржавай, ісці шляхам самастойнага існавання, будаваць сваю будучыню і пры гэтым сябраваць з усімі народамі, быць часткай Еўропы і еўрапейскіх працэсаў. 

Таму для мяне гэта не проста дата ў календары. Гэта дзень, які нагадвае пра наш выбар, пра наша права быць свабоднымі і самастойнымі.

Я віншую ўсіх нас з гэтым цудоўным днём — Днём Незалежнасці Беларусі!«

Ларыса Шчыракова, журналістка, краязнаўца

Larysa Ščyrakova
Ларыса Шчыракова. Фота з яе асабістага архіва

Самае каштоўнае, што ёсць у беларусаў — незалежная дзяржава. Толька яна робіць нас сапраўднымі беларусамі, перашкаджае асіміляцыі, вылучае сярод іншых народаў. Нам не давялося змагацца, праліваць кроў, наогул нечым ахвяраваць, каб яе здабыць, але ўвесь час яе трэба адстойваць, каб не страціць.

Аляксандр Енджэеўскі — актор, рэжысёр

Aliaksandar Jendžejeŭski
Аляксандар Енджэеўскі з сям’ёй. Фота з прыватнага архіву

Мяне вельмі здзіўляюць людзі, мае аднагодкі, якія кажуць, што яны з асаблівай радасцю і захапленнем сустрэлі сам факт незалежнасці 35 год таму. Я заўсёды задаю пытанне: а колькі вам увогуле год было ў той час? Я ў 1991 годзе быў юнаком, і такія словы, як «незалежнасць», «суверэнітэт» былі для мяне незразумелыя. Мне цяжка было ўявіць, што гэта такое. І толькі праз некаторы час я пачаў разумець сэнс гэтых слоў, адкрываць, як і якімі шляхамі, якімі ахвярамі многія народы дасягалі незалежнасці. І, напэўна, дзякуючы сапраўдным беларускім патрыётам, якія працягвалі барацьбу на працягу гэтых трыццаці пяці гадоў і даносілі да грамадства, што ўвогуле такое Беларусь, чаму і для чаго ўзнікла гэтая дзяржава, — дзякуючы гэтым людзям да мяне, як і да многіх іншых, пачаў даходзіць сэнс слова «незалежнасць».

Калі з’явіліся герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг, для мяне гэта было як зніч, як азарэнне — нешта новае і незразумелае: навошта гэта? Трэба ўлічваць той факт, што большасць беларусаў выхоўвалася на камуністычных, савецкіх каштоўнасцях — камуналкі, адзін для ўсіх чырвоны сцяг і ўсё такое. Пасля 1991 года пачаліся змены.

Для мяне незалежнасць Беларусі — гэта гісторыя, якую неабходна захоўваць і беражліва несці і перадаваць наступным пакаленням. Палякі ў жніўні ўспамінаюць цуд над Віслай, калі польскае войска абараняла Варшаву і перамагло Чырвоную армію, і Польшча адстаяла сваю незалежнасць.

Я спадзяюся, што раней ці пазней адбудзецца бітва. Хацелася б, каб яна не была крывавай. У наш час могуць адбывацца бітвы рознага кшталту, у выніку якіх у нас усё ж такі з’явіцца сапраўдная незалежнасць з нацыянальным гонарам, з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам.

Андрэй Новік, рэжысёр, актор

Andrej Novik
Андрэй Новік, фота з яго асабістага архіву

Мне здаецца, што гэтая дата з’яўляецца паваротным момантам для самасвядомасці. Момантам, калі атрымалася давесці ўсяму свету, што мы маем права выбіраць самастойна, вырашаць самастойна. Вызначаць свой лёс.

Тое, што мы можам захоўваць і развіваць сваю культуру і мову без узгаднення і адабрэння з боку. І нават не так — не проста можам, а маем права!

Гэта сімвал таго, што гістарычная справядлівасць рана ці позна бярэ сваё.

Віталь Зайка, даследчык, публіцыст

Vitaĺ Zajka
Віталь Зайка, фота з яго асабістага архіву

Дата 25 жніўня для мяне — гэта і лагічнае дасягненне, уганараванне высілкаў змагання пакаленняў беларускіх незалежніцкіх сілаў. І яшчэ гэта — Цуд Боскі. 

У нацыянальным змаганні кожны момант, кожны аспект, кожны высілак — падстава або для будучай перамогі, або для будучай паразы. Як і кожны крок, кожны чын, кожнае слова. Бо колькі разоў здавалася, што перамога нашая ўжо тут, і да яе можна дакрануцца рукой. Бо развіццё нацыі не церпіць адпачынку. Бо нацыя, як казаў Эрнэст Рэнан, — гэта штодзённы плебісцыт. Гэта галасаванне — чынам, рашучасцю, воляй. Вось і незалежнасць пракламаваная. І ўзняты нацыянальны сцяг. І пашыраецца адукацыя на сваёй мове. Але праходзіць адносна кароткі час — і ўсё знікае. Не хапіла чыну, рашучасці, волі. Гэтым разам не хапіла. 

Змаганне трэба пачынаць нанова. І яно працягваецца. І зноў рыхтуецца чын, збіраецца рашучасць, мацуецца воля. І гэта ніколі не спыніцца, покуль не выйдзе з мараў у рэальнасьць вольная, дэмакратычная, сапраўды незалежная, сапраўды беларуская краіна. Мы, і тыя хто прыйдзе пасля нас, сказаныя на гэты шлях. Наш пошук сябе, і тыя знакі, што пакідаем на гэтым шляху да сябе — яны застануцца нашчадкам, яны будуць вызначаць, пракладаць ужо іхны шлях.

Дзень 25 жніўня 1991 года, дзень надання канстытуцыйнай сілы Дэкларацыі аб суверэнітэце, у тэрмінах таго часу, ёсць абвешчанне Незалежнасці Беларусі. Абвешчанне як слова, як знак — будзе надалей прыцягваць. За словамі паўстануць дзеі. І гэты знак будзе накіроўваць, яднаць, асвятляць. Яго не адмяніць. Як і спяваем: «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!».

Наста Пабягунская, Budzma.org