Эфект Джоні Косміка. Рэжысёр Максім Швед з камандай здымае новы фільм у інтрыгоўным фармаце «фрактальнай дакументалістыкі»

Рэжысёр Максім Швед працуе над новым дакументальным фільмам пад назвай «Эфект Джоні Косміка». У канцы красавіка адбылася паўтаемная прэзентацыя праекта.

001-sereduk_0001.jpg
Фота: Руслан Серадзюк

Фільм стаў своеасаблівым працягам нядаўняй выставы фатографа Івана Смаляра (менавіта ён хаваецца за псеўданімам Джоні Космік), якую яму падарылі на Дзень народзінаў удзячныя беларускія тусоўшчыкі. А дзякаваць было за што — Іван гадамі хадзіў у Беларусі і ў Польшчы на вечарыны, дзе здымаў людзей і бясплатна раздаваў ім уласныя фотаздымкі.

Зараз стваральнікі выставы вырашылі перакаваць яскравую праяву салідарнасці ў кіно і дзеля гэтага распачалі кампанію краўдфандынгу. Яе мэта — сабраць мінімум 7,5 тысяч еўра на стварэнне 30-хвіліннага фільма, які будзе адпавядаць патрабаванням кінаіндустрыі і яго можна будзе прэзентаваць на міжнародных кінапляцоўках. Урачысты кінапаказ працоўнага матэрыялу якраз і стаў адпраўной кропкай для будучага праекта.

У інтэрв’ю для Budzma.org Максім Швед распавёў, у чым адметнасць будучага фільма, што такое фрактальная дакументалістыка і ці верыць ён у моц народнага збору грошай.

Maksim Švied
Максім Швед. Фота: Руслан Серадзюк

— Максім, калі мы з табой апошні раз рабілі інтэрв’ю, ты сышоў з дакументалістыкі ў сферу публічнага харчавання. А зараз — анонс твайго новага дакументальнага праекта. Як тваё жыццё змянілася за гэты час? І ці ты задаволены ўласным выбарам?

— Інтэрв’ю, якое ты згадваеш, было два гады таму. 

Тады я працаваў у піцэрыі як піцэёла. Гэта быў даволі цікавы вопыт, я называю гэта эксперыментам — даволі цяжкая праца ў таксічным асяроддзі. І сапраўды я тады хацеў скончыць са сваім шляхам дакументаліста. Але пасля таго адбылося шмат іншых выпрабаванняў, і зараз я ўжо ўладкаваўся на іншую адміністрацыйную працу, якая закрывае мае базавыя рэчы: арэнду жытла і ежу. 

Таму зараз магу канцэнтравацца на нейкіх больш творчых пытаннях без заламвання рук і пошукаў адказаў на экзістэнцыйныя пытанні. Дарэчы тая размова была паказальнай — да яе было шмат увагі, шмат хто мне пісаў са словамі падтрымкі. Людзі любяць такія гісторыі ўзлёту і падзенняў болей, чым, калі хтосьці-штосьці зрабіў, яго неасабліва песцяць увагай.

Я не магу не быць дакументалістам. І дадаю слова — на жаль. Я не скажу, што гэта мой уласны выбар. У розныя этапы свайго творчага жыцця я па-рознаму рэагаваў на выклік быць дакументалістам. Пасля 2020 года — гэта была місія, адчуванне ўласнай патрэбнасці. 

Зараз ёсць творчая цяга, ёсць творчыя задачы, якія нават хацелася б вырашыць. І некалькі разоў было жаданне кінуць справу, бо было шмат траўматычнага досведу. І зараз я не скажу, што гэта мой выбар. 

Хутчэй go to the flow, зараз жыццё завіравала так, што я знайшоў цікавую тэму, цікавага героя і вакол мяне сабраліся людзі, якія падтрымалі. І гэта самае важнае, што ёсць людзі, гатовыя дзейнічаць разам з табой. 

— У пачатку гэтай зімы шмат пісалі пра выставу ў гонар фатографа Джоні Косміка, які гадамі фатаграфуе і бясплатна раздае фоты ўдзельнікам шматлікіх тусовак. У які момант культурная падзея трансфармавалася ў ідэю зняць фільм?

— Распавядаючы пра Ваню, то-бок Джоні Косміка. Ён восем год не толькі фатаграфуе людзей, але друкуе фота і аддае іх удзельнікам. 

Я ведаю яго ўжо больш за дзесяць год, здымаў адну сцэну для фільма «Чыстае мастацтва» з яго балкона. Я сам вельмі захапляюся фатаграфіяй, таму ён вельмі блізкі мне герой. Ён дакументаліст, я таксама дакументаліст. 

Ён прыцягвае ўвагу — і я задумаўся яшчэ да моманту, калі мне прапанавалі здымаць фільм, пра магчымасць зрабіць рэпартаж пра яго. Ён робіць простыя рэчы, але фенаменальна — аддае людзям памяць у надрукаваным выглядзе, і гэта ўражвае. І ідэя праекта нарадзілася ў майго калегі, якога не магу называць праз пытанні бяспекі. 

Прапанова паназіраць за Ванем і зрабіць home video, якое планавалася як падарунак, які мы хацелі зрабіць на выставе. І ўжо ў працэсе было зразумела, што гэта гісторыя можа быць большай, чым хатняе відэа пра беларускі івэнт, бо яна сапраўды ўніверсальная. Яна распавядае пра тое, што чалавек, які шмат робіць для іншых, можа неспадзявана атрымаць такі вось падарунак ад іх.

Яшчэ адзначу, што Ваня фатаграфуе не толькі тусоўкі. Ён здымаў маршы ў 2020 годзе ў Мінску, праз што і апынуўся ў эміграцыі. І ту ён здымае шмат сацыяльна-палітычных івэнтаў, не толькі беларускіх. 

Таму гэта не толькі фатаграфія шчаслівых момантаў беларусаў, як мы называем гэта ў праекце. Гэта сур’езная фатаграфія сацыяльна-палітычных падзеяў.

«Efiekt Džoni Kosmika»
Джоні Космік (Іван Смаляр).Скрыншот відэа Максіма Шведа

— Я паспеў абмеркаваць з калегамі паказаны вамі працоўны матэрыял праекта. Пабачанае спарадзіла адчуванне латарэі — ад таго, што можа атрымацца паўнавартаснае фестывальнае даккіно, да таго, што гэта не пойдзе далей за рэпартаж для тэлеканала «Белсат». Ці ёсць у вашай каманды і цябе асабіста канцэпцыя будучай стужкі? І пра што яна будзе?

— Тут ніколі не можаш быць упэўненым, але я вельмі часта шкадую падчас працы над тым ці іншым праектам, што той бэкстэйдж, які адбываецца падчас яго рэалізацыі, бывае нашмат больш цікавым. 

Тое, як робіцца кіно, як пакутуе каманда і адбываюцца нейкія пакуты героя, часам нябачныя, бо не звязаныя наўпрост з тэмай, якую мы ставілі перад сабой, калі пачыналі. І зараз я зразумеў, што трэба абавязкова фіксаваць працэс, як мы гэта робім. 

І вось гэты фільм — making of «Эфект Джоні Косміка» — гэты дакладна фільм паўстане і дакладна будзе цікавым. Узровень фестывальны ці не — гэта ўжо іншая гісторыя. Гэта будзе блізкі да аўдыторыі фільм, блізкі да гледача. 

Гэта глядацкае кіно, якое мне падабаецца. Я ўпэўнены, што такі фільм дакладна будзе. Ці зможам мы зрабіць такі фільм, які будзе пра ўніверсальныя глабальныя каштоўнасці, зразумелы для ўсяго свету, які прымуць фестывалі, гэта пытанне. 

А зараз шмат перашкодаў, каб беларускае кіно трапляла на фестывалі. І гэта не толькі пытанне ў героі ці ў тэме — проста пазнака made from Belarus можа не прайсці, бо фільм зняты ў Беларусі. І гэты кэнселінг ніхто не агучвае — цябе проста не бяруць, каб не мець няікіх праблем. Мы ведаем гісторыю фільма “Дзвіж” пра фанатаў Макса Каржа. 

То-бок кіно на фестывалі — гэта заўсёды пытанне як самога кантэнту, так і яго прасоўвання, нейкай палітычнай павесткі, якая можа выкінуць яго з індустрыі. Таму для мяне гэта дакладна латэрея, але я ведаю дакладна, што, калі ставіць на глядацкае кіно, гісторыю стварэння праекта, які класна змантаваны, класна зроблены, такі фільм дакладна ў нас паўстане.  

«Efiekt Džoni Kosmika»
Скрыншот відэа Максіма Шведа

— Паказаны вамі матэрыял пакідае незразумелай фігуру самога фатографа. Хто ён такі, чаму пра яго здымаюць фільм, каму гэта будзе цікава? Узнікла думка, што ты хочаш паўтарыць трук з фільмам «Чыстае мастацтва», дзе праз постаць мастака Захара Кудзіна ты распавядаў пра правілы жыцця Беларусі канца 2010-х гадоў. Ці будзе такі ж падыход ў «Эфекце Джона Косміка»?

— Сапраўды, з матэрыялу, які мы дэманстравалі, цяжка зразумець паўнавартасна фігуру галоўнага героя. Мы яго бачым як фатографа, які недзе ходзіць, нешта робіць, пару словаў нейкіх кажа. 

І гэта гісторыя болей сапраўды пра сюрпрыз, пра суполку вакол яго. І мы абмяркоўвалі з гледачамі, фатографамі, якія добра ведаюць Ваню. Той жа Яўген Атцецкі, які рабіў пра яго падкаст. І мы задаліся пытаннем — ці цікава сапраўды распавесці пра яго як фатографа, даць нейкую адзнаку ці болей распавесці пра яго стылістыку, паказаць яго фатаграфіі. 

Ці каб ён застаўся больш таямнічай фігурай, такім магнітам, вакол якога аб’ядноўваюцца людзі. Гэта пакажа жыццё, бо павінна быць развіццё героя, персанажа, каб мы бачылі яго эвалюцыю. І ў Вані ёсць мэта — ён хоча зрабіць за гэты год, да наступнага Дня народзінаў, уласную фотакнігу. Гэта было б для яго натуральным наступным крокам. 

Але відавочна, што гэта не так проста зрабіць. Гэта таксама для яго творчы выклік. І мы не можам за яго зрабіць гэтую кнігу, можам проста назіраць — атрымаецца ў яго ці не. Канешне, калі ён глыбей пойдзе ў гэтым напрамку, будзе больш разгорнутай гісторыя пра яго як фатографа.

Але з іншага боку я не стаўлю такой мэты — распавесці пра Ваню як фатографа, глыбей пайсці ў героя. Мне падаецца, што ён вельмі класны герой, якога можна параўнаць з мастаком Захарам Кудзіным. Які прыцягвае ўвагу і дае магчымасць прыглядзецца да людзей, якія побач. 

Ваня варты таго, каб пра яго зрабіць фільм. Ён сапраўды фактурны чалавек. Проста не ведаю, ці ў нас атрымаецца зрабіць больш біяграфічную гісторыю. Але нават падчас працы над фільмам мы знайшлі двух іншых людзей, якія яго здымалі з нейкімі сваімі мэтамі. Зараз у нас ёсць відэаархівы з 2017 і 2021 гадоў. 

Трошкі таямнічасці яго фігуры не зашкодзіць. Але ён сапраўды вельмі прывабны, цікавы чалавек, фактурны, выглядае вельмі класна. 

«Efiekt Džoni Kosmika»
Джоні Космік (Іван Смаляр).Фота: Руслан Серадзюк

— Калі ўсё складзецца, як доўга вы плануеце здымаць, каб атрымалася сапраўдная кінематаграфічная гісторыя?

— Тут усё проста — мы вырашылі здымаць Ваню роўна год, то-бок да наступнага Дня народзінаў. 

Гэта таксама зручна ў творчым плане — мы ведам, які ў нас дэдлайн. У фільма адразу ёсць нейкая форма. То-бок усё проста — да ванінага 35-годдзя.

— Ты называеш свой фільм «фрактальнай дакументалістыкай». Патлумач, што ты маеш на ўвазе?

— Я жартую, што вынайшаў новы жанр — гэта фрактальнае кіно. Бо гэта фільм пра Ваню. Але, пры гэтым, фільм пра людзей, якіх ён фатаграфаваў. Таксама гэта фільм пра тое, як яны глядзяць на сябе і як мы здымаем гэты фільм. 

То-бок шмат розных узроўняў, якія адзін за адным чапляюцца на цэнтральную фігуру героя. І пра тое, як вакол гэтай фігуры ўзнікае супольнасць. І фільм — частка гэтай гісторыі таксама. 

У гэтай гісторыі было важна, што яна не толькі пра траўму. Бо шмат гадоў мы жывем у полі цяжкіх гісторый: стратаў, эміграцыі, болю. І гэта наша рэальнасць. А зараз з’явілася нешта яшчэ — гісторыя пра салідарнасць, удзячнасць, пра людзей, якія могуць гуртавацца не толькі вакол бяды, але і вакол добрага. 

Фота: Руслан Серадзюк

Менавіта з такой прапановай да мяне звярнуўся калега, з якім мы робім фільм: «Давай зробім фільм вакол нечага пазітыўнага». І мяне вельмі гэта натхняе. 

«Efiekt Džoni Kosmika»
Скрыншот відэа Максіма Шведа

— Вельмі спадабалася зразумеласць вашай краўдфандынг-кампаніі, мэта якой сабраць грошы для падрыхтоўкі ўдзелу ў спецыялізаваных конкурсах і фестывалях па атрыманні індустрыйнага фінансавання праекта. Выглядае ўсё вельмі па-даросламу. Ты сам верыш у тое, што можна будзе сабраць патрэбныя вам грошы ў 7,5 тысяч еўра праз краўдфандынг?

— Я сапраўды веру, што мы збяром гэтыя гэтыя грошы. 7,5 тысячаў еўра — гэта не шмат. Я спадзяюся, што мы збяром і ўдвая больш, бо за першыя содні мы сабралі амаль 3 тысячі еўра, то-бок вялікі адсотак ад таго, што плануем.

Максім-Швед! full month edition.00_02_15_00.Still012.jpgСкрыншот відэа Максіма Шведа

Але гэта невялікія грошы, калі казаць пра кінаіндустрыю, калі вытворчасць фільма каштуе 150 — 200 тысяч. Гэта толькі першыя крокі. Тут важна не тое, што мы збяром нейкія грошы, а што праект пройдзе першы тэст на цікаўнасць збоку аўдыторыі. 

І ў нас, як вядома, няма сваёй кінаіндустрыі ў Беларусі. Тут нават, калі нейкую капрадукцыю рабіць, прыходзіць да сур’ёзных людзей з грашыма, мы можам сказаць: «Глядзіце, да фільма ўжо ёсць цікаўнасць»

І гэта добры паказчык для тых, хто думае — упісвацца ў гэты праект ці не. Таму гэта не толькі пра грошы, але і пра ўвагу. Таму і просім звярнуць увагу на наш праект і падтрымаць яго. 

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org