У канцы лютага кінапрэмія «Чырвоны верас» чарговы раз раздала ўзнагароды беларускім кінематаграфістам. Звычайныя ж гледачы зноў засталіся ў разгубленасці — а што ж за фільмы гэта былі, і дзе іх можна паглядзець?
Budzma.org распавядае, што гэта былі за стужкі і падказвае пляцоўкі, дзе працы можна цалкам легальна паглядзець.
Рэжысёрка Мара Тамковіч
Перамога ў намінацыях «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм», «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка»
Пра што кіно:
Драма пра сямейную пару беларускіх журналістаў, жыццё якіх разбурае небывалая хваля рэпрэсій, што накрыла ўсю краіну. «Пад шэрым небам» натхнёны лёсам рэпарцёркі тэлеканала «Белсат» Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша, але ў больш глабальным плане — гэта фільм-маніфест пра Беларусь пачатку 2020-х гадоў, які ўніверсальнымі сродкамі распавядае пра драматычныя абставіны, з якімі давялося сутыкнуцца шматлікім беларускім сем’ям.
Дзе глядзець: Стрымінг-платформы Polsat Box і HBO Max
Рэжысёр Андрэй Куціла
Перамога ў намінацыі «Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм»
Пра што кіно:
Безэмацыйнае і вельмі ўважлівае назіранне за кіеўлянамі, якія на свята Вадохрышча ў пачатку студзеня 2022 года акунаюцца ў адну з сажалак аднога са спальных раёнаў горада. Дакументальная праца, што балансуе паміж журналісцкім рэпартажам і глыбокай кінатэатральнай дакументалістыкай, фіксуе крохкія спадзевы простых людзей на лепшае перад самым пачаткам пекла бессэнсоўнай крывавай вайны.
Дзе глядзець: Youtube-канал Belsat Doc
Рэжысёр Юрый Сямашка
Перамога ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм».
Пра што кіно:
Не ўпэўнены ў сабе ахоўнік супермаркета пераходзіць дарогу нахабнаму зэку і яго небяспечнай сям’і. Выдатная безбюджэтная анімацыя, у якой з дапамогай мінімалістычных сродкаў распавядаецца павучальны жыццёвы анекдот пра спіраль паўсядзённага гвалту, які здольны вельмі далёка зайсці для яго носьбітаў.
Дзе глядзець: Youtube-канал Юрыя Сямашкі
Рэжысёры: Аляксандар Гарадок і Канаплёва+Лейдзік
Перамога ў намінацыі «Найлепшы дакументальны рэпартаж (дакументальны фільм тэле- і YouTube-фармату)»
Пра што кіно:
Смешная і адначасова вельмі інтымная размова фатографаў з андэграўндным музыкам, што апынуўся ў эміграцыі, перад і падчас канцэптуальнай фотасесіі. Прастора беларускіх недзяржаўных медыя наскрозь палітызаваная, у ёй вельмі не хапае забаўляльняга кантэнту. Праект «Без рэтушы» выдання Malanka Media зрабіў паспяховы прарыў скрозь звыклыя формы і перадузятасці, стварыўшы цікавы фармат, у якім сумяшчаецца традыцыйная размова і аўтарскі паўдакументальны рэпартаж.
Дзе глядзець: Youtube-канал Malanka Media
Рэжысёр Андрэй Кашперскі
Перамога ў намінацыях «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы))», «Найлепшы мантаж».
Пра што кіно:
Набор макабрычных замалёвак пра аўтарытарную Беларусь пачатку 2020-х гадоў, у якой уладны кантроль і грамадскі страх цалкам перамаглі. Злабадзённасць белсатаўскага праекта «Працэсы» апынулася жыццяздольнай не толькі ў фармаце мінісерыяла, але ў выглядзе кінаальманаха. Беларускае «Чорнае люстэрка», якое мы заслужылі.
Дзе глядзець: Youtube-канал Белсат Life
Рэжысёрка Ганна Авота
Перамога ў намінацыі «Найлепшы гукавы дызайн (праца кампазітара(кі) ці гукарэжысёра(кі))», спецыяльная згадка з фармулёўкай «За руплівую працу — збор, захаванне і ўзнаўленне страчанай часткі нашай спадчыны — культуры беларускага габрэйства, і праз іх — за дапаўненне і ўзбагачэнне беларускасці».
Пра што кіно:
Цікавая стылізацыя пад нямое кіно казачнага вадэвілю пра жыхароў габрэйскага гарадка пачатку ХХ стагоддзя. Безбюджэтны праект-даўгабуд, які вылучаецца сярод бязлікага аматарскага кіно густоўным гумарам, лёгкасцю аповеда і шматгранным адлюстраваннем габрэйскай тэмы як у візуальным плане, так і ў музычным. Сапраўднае мастацтва, што паўстала дзякуючы неабыякавым энтузіястам.
Дзе глядзець: Youtube-канал Dance The Jewels!
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org