Паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк 25 чэрвеня выступілі ў сярэдняй школе вёскі Баравое на Койданаўшчыне. Выступ паэтаў ладзіўся для ўдзельнікаў семінару кіраўнікоў навучальных установаў Дзяржынскага і Светлагорскага раёнаў і вучняў Бараўской школы.
Вось як пракаментаваў выступленне паэт і бард Эдуард Акулін: “З настаўніцкім і вучнёўскім калектывам Бараўской сярэдняй школы нас звязваюць даўнія творчыя і сяброўскія сувязі. Таму і не дзіўна, што нас запрасілі сюды ў чарговы раз, каб паказаць гасцям школы плённасць і перспектыўнасць творчага супрацоўніцтва паміж навучальнай установай і пісьменніцкай супольнасцю”.
Эдуард Акулін адзначыў, што шматлікія кіраўнікі школаў Светлагорскага раёну з вялікай зацікаўленасцю аднесліся да досведу Бараўской школы і паабяцалі выкарыстаць яго ў сваёй педагагічна-выхаваўчай дзейнасці.
Сустрэчы з вучнямі і ўдзельнікамі семінару ў Бараўской СШ адбыліся ў межах культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”