Паэт і бард Эдуард Акулін з творчым візітам наведаў Ляхавічы 2 красавіка, дзе выступіў з сольным канцэртам. Імпрэза ладзілася ў гарадскім Цэнтры пазашкольнай працы.
“Уражанні ад канцэрту засталіся самыя сонечныя. Па-першае, канцэрт супаў з пачаткам сапраўднай вясны, і Ляхавічы проста патаналі ў красавіцкім сонцы і доўгачаканай вясновай лагодзе. Па-другое, канцэрт адбыўся пры поўным аншлагу, нягледзячы на час вясновых вакацыяў. І па-трэцяе, галоўнымі слухачамі сталі дзеці-сіроты з няпоўных і прыёмных сем’яў Ляхавіцкага раёну. Таму вельмі дарэчы прыйшліся прызы ад кампаніі “Будзьма!”, якія на памяць аб канцэрце атрымалі самыя актыўныя наведнікі”.
Нават пасля двухгадзіннага бардаўскага марафону слухачы доўга не хацелі адпускаць сталічнага госця. Сведчаннем несумненнага поспеху Эдуарда Акуліна сталі шматлікія пытанні маленькіх і дарослых ляхаўчан аб ягоным жыццёвым і творчым лёсе і шчырыя запрашэнні наведаць Ляхавіцкі край з новымі творчымі праектамі.
Тэгі: Ляхавічы