Арганізатары “Экслібрысу”, прысвечанага 100-годдзю БНР, да 1 жніўня чакаюць ад маладых аўтараў творы гістарычнай тэматыкі. Сябра журы Валерый Герасімаў нагадвае, што добры гістарычны твор — заўсёды адказнасць для аўтара, бо ён патрабуе не толькі дакладнасці і мастацкасці, але і выразнай грамадскай, нацыянальнай пазіцыі, высокага культурнага ўзроўню. Пра тое, як дасведчаны бібліятэкар-бібліёграф, края- і кнігазнавец, пачаў цікавіцца гісторыяй і якія парады дае ўдзельнікам конкурсу — у нашым інтэрв’ю.
Галоўная парада ад вас для ўдзельнікаў “Экслібрысу”, што спрабуюць сябе ў гістарычнай тэматыцы, — якая яна?
Шанаваць папярэднікаў, не губляць веру ў праўду і моцна трымацца нацыянальнага грунту. Усё было да нас і будзе пасля нас. Але ў беларусаў у гэтым свеце свая місія, ніхто іншы за нас яе не спраўдзіць.
Сапраўдны гісторык, аўтар гістарычнай белетрыстыкі, на мой погляд, павінны займаць і актыўную жыццёвую пазіцыю. Вы паглядзіце на першыя ўрады БНР і ССРБ. За рэдкім выключэннем іх чальцы не прафесійныя палітыкі і чыноўнікі, а вайскоўцы, літаратары, выдаўцы, настаўнікі. Але з якой пасіянарнасцю! Радзіма паклікала, і яны заклалі такія трывалыя падмуркі нашай дзяржаўнасці ў найноўшым часе.
Янка Серада, першы БНРаўскі прэзідэнт, пазней ствараў і ўзначальваў бібліятэку Інбелкульта. Кастусь Езавітаў, першы вайсковы міністр БНР, бібліяфіл і аматар беларускіх кніжных рарытэтаў, сабраў адну з узорных прыватных кніжніц па беларушчыне. Усевалад Ігнатоўскі, выбітны эсэр, наркамасветы БССР — першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук, аўтар адметных гістарычных дапаможнікаў…Часам самавукі, як Купала ці Ластоўскі, але паспрабуйце нават сёння пераўзыйсці гістарычна-культурніцкі ўзровень “Тутэйшых” ці “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі”.
Асабіста я ганаруся, што напачатку 1990-х разам з Лявонам Луцкевічам, Міколам Ермаловічам, Георгіем Штыхавым, Віктарам Шматавым, Віктарам Навуменка, Анатолем Астапенкам спрычыніўся да стварэння Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, адной з статутных мэтаў якой было якраз адраджэнне і папулярызацыя аб’ектыўных ведаў пра нашую гісторыю. Падкрэслю, наш будзіцель Мікола Ермаловіч, як і астатнія адраджэнцы-навукоўцы не лічылі тады для сябе нечым ганебным удзельнічаць у практычнай палітыцы, калі справа датычыла адраджэння нацыі і дзяржавы.Таму сучасным аўтарам гістарычных прац я б да ўсяго параіў актыўна “несці ў народ” свой досвед і заўсёды быць гатовымі стаць за стырно кіраўніцтва дзяржавай, калі ў гэтым з’явіцца тэрміновая геапалітычная неабходнасць. Як бы пафасна, на першы погляд, гэта ні гучала. Кіраваць краінай павінны тыя, хто вядзе радавод яе дзяржаўнасці ад протабеларускіх плямёнаў V–VІ стагоддзяў, а не ад 1917 года.
Чым вас прывабіла даследаванне гісторыі? І чым прываблівае зараз?
Нармалёвы беларус, з нармалёвай сям’і, з нармалёвага беларускага места проста не можа не зацікавіцца гісторыяй. Так было і са мной. Старажытны Брагін 1147-га года першага згадвання ў летапісе. З дзяцінства – атмасфера замка Вішнявецкіх (у 1977 годзе яго раскопкі вёў легендарны Міхась Ткачоў, па просьбе якога праз дзесятак гадоў я апрацоўваў дзялянку ХХ стагоддзя для калектыўнай працы па гісторыі беларускай вайсковасці), камяня кахання Ілжэдзімітрыя да Марыны Мнішак, пошуку падземных хадоў. Родны дом адразу за замкавым ровам, дзе аскепкі сярэднявечнага посуду і ВКЛаўскія талеры ды барацінкі валяюцца проста пад нагамі. Плюс непазбыўнае пачуццё волі і справядлівасці, што ўласціва менавіта беларусам Падняпроўя ледзь не на генетычным узроўні. Усё астатняе – справа лёсу і выпадку. Зараз – як бы адваротны працэс. Трэба аддаваць роднай зямельцы, што атрымаў.
У гэтым сэнсе для мяне вялікая загадка каста чыноўнікаў раённага (і не толькі) маштабу – у побыце – “у дошку свае хлопцы”, якія ўчора тапталі разам з табой тыя ж сцяжынкі, гайсалі па тых жа гаях, узлазілі на тыя ж сівыя муры, а сёння пад сурдзінку пра ўпарадкаванне “малой радзімы” зносяць бульдозерамі драўляныя палескія хаты з унікальнымі малымі архітэктурнымі формамі, адметнасцямі і асаблівасцямі тысячагадовага традыцыйнага народнага дойлідства, руйнуюць гістарычную забудову і нявечаць гістарычную планіроўку старажытных паселішчаў, вырубаюць сады з унікальнымі старадаўнімі палескімі гатункамі яблык – “пуцінка”, “штрыфель”, “малінаўка”, “райка”, “ранет”. І пры гэтым захоўваюць усе гэтыя анахраністычныя вуліцы Савецкія, помнікі сусветнаму правадыру Леніну, сувораўскія музеі і вучэльні ды змагаюцца з бел-чырвона-белым колерам на ўзроўні дэгенератызму. Дзе мазгі, дзе галава, дзе розум, дзе адукацыя? Дзе гонар і годнасць, урэшце?!
Хто з беларускіх аўтараў для вас аўтарытэт у гістарычнай тэматыцы?
Аўтарытэт ён і ёсць аўтарытэт. Ёсць яшчэ асабістыя амбіцыі, сімпатыі і антыпатыі. Ды, як па мне, іх часам трэба ўтаймоўваць у сабе, не ліць ваду на млын фальсіфікатараў айчыннай гісторыі і культуры дзеля агульнай нацыянальнай згоды. Гэта асабліва актуальна ў сённяшніх рэаліях дзяржаўнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Ніколі не хаваў тут сваёй пазіцыі. Лічу, да сярэдзіны 1980-х нацыя загаіла раны, фізічныя і духоўныя, пасля доўгіх гадоў русіфікацыі і рэпрэсій. Паўстала пакаленне ўнукаў Яна Пазняка, Адама Станкевіча, Кастуся Езавітава, Вацлава Ластоўскага, Вацлава Іваноўскага, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мы зламалі хрыбет звыродлівага камунізму, аднавілі беларускую дзяржаўнасць. БНФ, бел-чырвона-белы сцяг, Пагоня паўсталі нашымі сімваламі, ідэалогіяй, ментальнасцю. Зянон Пазняк, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў сталі нашымі абаронцамі і гарантамі незваротнасці працэсаў нацыянальнага адраджэння. На мой погляд, пасля вядомых падзей ў сярэдзіне 1990-х нацыянальнае адрадженне прыняло форму грамадзянскай вайны. Толькі не ўзброенай, а ментальна-ідэалагічнай. На адным баку апынулася нацыянальная эліта, праслойка нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі і духова здаровая частка простага народу. На другім – нашчадкі сталінскіх катаў, кампрадорская частка інтэлігенцыі, вайскова-інжынерна-люмпен-пралетарская пятая калона аскепкаў народна-гаспадарчай эсэсэсэраўскай імперыі. Ад Вясны 1996-га сілы нацыянальнага адраджэння вядуць цяжкія ар’ергардныя баі, баі адстойвання дзяржаўнай незалежнасці, роднай мовы і культуры. І ў гэтых баях працэсы люстрацыі, іншымі словамі, пераследу людзей (нягледзячы на прафесійны досвед) за палітычныя погляды шляхам звальнення з працы і да т.п., адыгрываюць немалую ролю.
Тут на нацыянальна арыентаваных гісторыках і пісьменніках улада адарвалася напоўніцу. Але гісторыю не перавернеш на свой капыл. Ды і беларусы сёння — не статак баранаў. Мне падаецца, нацыянальны супраціў негвалтоўнага характару якраз меў вынікам усплёск развіцця гістарычнай кнігі – і прафесійнай, і белетрыстычнай, і мастацкай. Гэта ўжо нават не дзясяткі, а сотні імёнаў. Нават пералічваць не буду, усе яны на слыху, у кожнага свая чытацкая і інфармацыйная аўдыторыя. Як па мне, дык і графаманскія, міфалагічныя і псеўдагістарычныя творы маюць места быць. Мы багатая інтэлектуальна нацыя – усё пераварым.
Зрэшты, федарэнкаўскі невялічкі раман “Нічые” пра падзеі Слуцкага чыну па мастацкім узроўні – гэта планка Гарэцкага, Караткевіча, Быкава, Брыля ў іх класічных творах на гістарычную тэматыку.
Чаго вы чакаеце як крытык і сябра журы “Экслібрыса” ад аўтараў, чые творы вы будзеце ацэньваць? Ці ёсць у вас ужо цяпер пэўны набор крытэраў?
Гістарычнасць, мастацкасць, нацыянальная пазіцыя – вось і ўсе крытэрыі. Гэта вялізны гонар і адказнасць для кожнага аўтара – удзельнічаць у конкурсе “Экслібрыс”. Нягледзячы на тое, пачатковец ён ці слынны творца. Бо арганізатар конкурсу – Саюз беларускіх пісьменнікаў, тая творчая арганізацыя, якая ці не асноўны цяпер гарант незнікнення беларусаў у цывілізацыйнай прасторы. Помніцца, пасля таго, як у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, дзе я працаваў загадчыкам аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў, пачалі нішчыць нацыянальна арыентаваныя гістарычна-кнігазнаўчыя праекты, а мяне звольнілі, праваабаронца Алесь Бяляцкі, што некалі стаяў ля вытокаў “Тутэйшых”, сказаў: “Нічога, сябра, увогуле добра і так, што ты за столькі гадоў працы ва ўрадавай установе не скурвіўся”. Вось і СБП “не скурвіўся”, нягледзячы на шматлікія спробы расколу і правакацыі з боку вядомых сілаў. Таму яго апека і ўвага дарагога каштуе.
Распавядзіце, калі ласка, яскравы выпадак з вашай працы як даследчыка гісторыі.
Гісторыя стаіць проста за нашымі дзвярыма. Нават не трэба закопвацца рыдлёўкай у пласты стагоддзяў. Вось возьмем адно – вобразна кажучы, “простыя словы, простыя рэчы”.
Сапега, канцлер ВКЛ: “Гэтага яго каралеўская міласць мае з дапамогай Боскай права паспалітае, якога трэба без абцяжарвання прытрымлівацца. І тады падчас усяго панавання яго каралеўская міласць бяспечна на абодва вуха можа ў той меры спаць…».
А. Лукашэнка, Прэзідэнт РБ: “Няхай у нас будзе недасканалы дзяржаўны лад”.
Пры гэтым, ВКЛ – залаты век беларускай дзяржаўнасці, РБ – “апошняя дыктатура Еўропы”. Ці патрэбныя тлумачэнні?!
А дзе Дзень беларускага партызана ў Беларусі? Дзе паймённы спіс-мартыралог усіх (!) загінулых беларусаў у 2-й Сусветнай вайне?
А вы кажаце – цікавая гісторыя…
Падрыхтавала Алена Босава, фота з архіву Валерыя Герасімава