“Этнаўсё”: амаль TED Talks, каб фальклор не стаў “fakelore”

30.05.2018 Культура

27 траўня ў “Грай” можна было за адзін вечар даведацца пра беларускую этнаграфію амаль усё. Распавесці пра свае падзеі і планы мелі ажно 18 спікераў.

Тэмы былі самымі разнастайнымі: бортніцтва, спевы, гандаль, танцы, фестывалі, экспедыцыі і іншае. Глядзіце, якая разнастайнасць.

Выступоўцам адводзілі 15 хвілін, але ніхто ў гэтыя рамкі не ўклаўся. Аповед перарастаў у жывую гаворку з аўдыторыяй, і людзі часам забываліся, што наперадзе яшчэ шмат каго варта паслухаць.

Першым слова ўзяў кіраўнік праекта “Этнаўсё” Яўген Барышнікаў: “У параўнанні з суседнімі краінамі мы былі самай вясковай нацыяй, а сталі самай гарадской за некалькі пакаленняў. Гэта адна з прычынаў, чаму Беларусь — такі этнаграфічны запаведнік”.

Матэрыялаў па беларускай этнаграфіі мора: кнігі, фільмы, аўдыязапісы, фота… “Але гэта застаецца невядомым грамадству і цяжкадасяжным”, — падкрэсліў кіраўнік праекта.

Патрэба ёсць. Так, этнаграфічную спадчыну выкарыстоўваюць у турызме, модзе, рэкламе. Адных удзельнікаў фальклорных калектываў тысяч дзесяць.

“Пасля кампаніі фастфуду можна лічыць, што дуда ў Беларусі канчаткова адроджаная. калі 20 гадоў таму людзі пачыналі гэтым займацца, ніхто б і не падумаў, што “Макдональдс” будзе рэкламавацца праз беларускую дуду. Але гэта адбылося”, — адзначыў Яўген.

Аднак праз розныя акалічнасці і адсутнасць лёгкага доступу да назапашанага багацця ведаў з’яўляецца “fakelore” — тое, што падаецца як фальклор, але гэтым не ёсць. Каб выправіць становішча, і ладзіцца #Этнаўсё.

“Мы хочам аб’яднаць вакол гэтай платформы як прафесіяналаў галіны, так і аматараў, у якіх ёсць вольны час на нейкую справу і дапамогу. Яшчэ намагаемся зрабіць міжсектарныя стасункі. І спрабуем аказаць тэхнічную дапамогу”, — так акрэсліў мэты праекта яго кіраўнік.

Яўген Барышнікаў

Яўген Барышнікаў

Такім чынам, ёсць публічны сайт з кнігамі, фільмамі і запісамі ethno.by. Не шукайце там кнопачку “спампаваць” — усё зроблена паводле закона, і піратаў тут не кормяць.

Дарэчы, тут можна дадаць і свае матэрыялы, калі маеце. Варта толькі зарэгістравацца.

Яўген закрануў і тэму фінансаў: “Яшчэ праект ёсць на “Талацэ”. Калі будзе больш падпісантаў і фундатараў, мы зможам узяць прафесійнага бібліятэкара на стаўку, каб апрацоўваў матэрыял, бо натуральна не хапае рук”.

Цяпер багата сайтаў па этнаграфіі, але часцяком яны вузкапрофільныя ці зробленыя на гранты, а калі грошы заканчваліся, то перапынялася і праца. “Мы робім усё легальна. І праект устойлівы. Тэхнічнае забеспячэнне — 200 даляраў на год. Але калі шмат сталых падпісантаў будуць ахвяраваць 2 даляры на месяц, мы зможам зрабіць значна больш”.

На партале хутка з’явяцца відэаўрокі па этнаграфіі. “Будзе конкурс выкладчыкаў. Збольшага эпізоды будуць з удзелам рэгіянальных знаўцаў. Можа, будуць тэарэтычныя і практычныя курсы”, — Яўген перакананы, што за лета гэтыя відэа паздымаць рэальна.

“Мы робім такі этнаграфічны Тут.бай і запрашаем далучацца да яго экспертаў і аматараў”, — абагульніў свой выступ Барышнікаў.

Далей былі прамовы, прэзентацыі і дыскусіі знаўцаў з самых розных напрамкаў этнаграфіі, і кожнаму з іх можна было прысвяціць асобны вечар ці як мінімум асобны артыкул, але лепей паглядзець відэа з канферэнцыі. Яго хутка змантуюць і выкладуць на сайце праекта.

Барышнікаў пакуль не ведае, ці будуць яшчэ такія імпрэзы (але і “не” ён таксама не сказаў, так што надзея ёсць).

Марыя Грыц