Экалагічна і весела. Топ-5 мабільных прыкладанняў для экалагічнага ладу жыцця

Сучасныя тэхналогіі прыносяць не толькі шкоду навакольнаму асяроддзю, але і карысць. А жыць экалагічна на самай справе няцяжка, а часам нават пацешна і вельмі весела. Экалагічны стыль жыцця можа не толькі дадаць вам грошай, але і даць шмат пазітыўных эмоцый.

Зразумела, што ніхто ў адзін момант не стане Грэтай Тунберг, дый гэтага і не патрабуецца. Але палегчыць сабе жыццё, захаваць прыроду і дадаць станоўчых эмоцый (і ўсё гэта адначасова!) мы можам. І для гэтага ў нас павінныя быць усяго толькі жаданне, мабільны тэлефон і (часам) непатрэбныя рэчы.

Прыкладанне, што забіла газету

У некаторых артыкулах мы ўжо згадвалі пра прынцып «zero waste» — «нуль адходаў». Гэты прынцып мае на ўвазе, што ўсё, што вырабляецца, спажываецца, і нічога не выкідваецца на сметнік, наносячы шкоду навакольнаму асяроддзю. Здавалася б, жыць па гэтым прынцыпе, нават часткова, досыць складана, бо рэчы маюць уласцівасць зношвацца і ламацца. Аднак у нашым «грамадстве спажывання» мы часцяком купляем тое, што нам не трэба.

Пазбавіцца такіх рэчаў дапаможа знакамітае ўжо прыкладанне і сайт Kufar.

Opera Снимок_2020-05-17_180139_www.kufar.by.png

У канцы 1990-х — пачатку 2000-х найбольш папулярнай і аб’ёмнай была газета «З рук у рукі» — газета прыватных аб’яваў. Са з’яўленнем інтэрнэту гэтая газета сышла ў мінулае, і не здолела перафарматавацца ў новую, лічбавую эпоху. Яе месца ў байнэце трывала заняў Kufar. І калі вам, па словах ката Матроскіна, трэба «прадаць што-небудзь непатрэбнае», каб набыць што-небудзь патрэбнае, — вам сюды.

Тут вы можаце знайсці амаль усё — новае або карыстанае. І прадаць нешта сваё, таксама карыстанае. Будзьце ўпэўненыя, калі-небудзь нехта ў вас вашу рэч купіць — калі вы будзеце своечасова абнаўляць аб’явы. Дзіцячы ровар сваёй дачкі я прадавала паўтара месяца. Але ж прадала!

Такім чынам мы даём «другое жыццё» рэчам, якія ў іншым выпадку выкінулі б на сметнік.

Вялікі плюс «Куфара» — ёсць беларускамоўная версія. Мінус — усё, што вы там знойдзеце, вы знойдзеце за грошы. І яшчэ варта адзначыць, што Kufar— найбуйнейшая пляцоўка прыватных аб’яў Беларусі паводле дадзеных gemiusAudience 2019 года.

«Ад душы. Проста так!»

Але часам бывае, што вам не патрэбная нейкая дробязь, цана якой — дзве капейкі, яе нават прадаваць сорамна. Такіх рэчаў у вас знойдзецца вельмі шмат, асабліва калі вы пераязджаеце. Тады для вас — прыкладанне «Аддам задарма».

Варта адзначыць, што гэтае прыкладанне ад пачатку было экаарыентаваным. Як пішуць яго распрацоўшчыкі, прыкладанне стваралася для прасоўвання шэрынг-эканомікі — яе сэнс у тым, каб браць рэчы на час, пакуль яны патрэбныя, а потым аддаваць далей. Так кожны атрымае карысць ад рэчаў бясплатна, а адна рэч прынясе карысць вялікай колькасці людзей.

Тут, каб «набыць што-небудзь непатрэбнае», грошы не патрэбныя. Трэба толькі спачатку «прадаць што-небудзь непатрэбнае». У абмен на аддадзеную рэч вам налічваюцца балы кармы — і за гэтыя балы можна ўзяць іншую рэч. Аддача пабудаваная па прынцыпе аўкцыёну: чым больш рэчаў або чым цікавейшую для іншых рэч вы аддаяце, тым больш балаў кармы вы атрымаеце. І потым балы кармы можаце выдаткаваць, каб прыдбаць больш патрэбную вам рэч.

Opera Снимок_2020-05-17_180237_darom.by.png

Тут аддаецца ўсё. Адна з удзельніц гэтага праекта расказвала, што сустрэла аб’яву кшталту: «Разбіраў гараж, знайшоў незразумелую хрэнь. Можа, трэба каму?» І за гэтую «незразумелую хрэнь» сярод удзельнікаў разгарэлася самая сапраўдная бітва.

Акрамя таго, «Аддам задарма» апошнім часам ператвараецца ў самую сапраўдную сацыяльную сетку. Тут можна не толькі аддаць лішнія рэчы, але і пацешыцца, гартаючы цікавыя лоты і чытаючы займальныя гісторыі. А некаторыя выкарыстоўваюць сэрвіс для флірту і новых знаёмстваў.

«Аддам задарма» ўваходзіць у лік пераможцаў міжнародных конкурсаў стартапаў. Там ён вядомы пад імем GiveAway.

Сартуй усё!

Паасобны збор смецця ўжо трывала ўвайшоў у нашае жыццё. Але яшчэ не так, каб мы неўсвядомлена выкідалі шкляныя адкіды ў адзін кантэйнер, а пластык — у іншы. І, напэўна, у кожнага калі-нікалі ўзнікала пытанне: а як выкідаць правільна? Што рабіць з рэчамі, у якіх спалучаюцца, напрыклад, пластык з паперай? Тыя ж пластыкавыя бутэлькі з папяровай этыкеткай?

Для такіх людзей украінская кампанія «MacPaw Labs» і прыдумала прыкладанне «Сортуй». Яно дапамагае дэталёва разабрацца ў тыпах адходаў і правілах іх сартавання. Максімум за тры крокі прыкладанне дапаможа вызначыць тып адходаў і нават дасць парады, як падрыхтаваць гэтыя адходы да перапрацоўкі.

Opera Снимок_2020-05-17_180402_play.google.com.png

Усе адходы падзеленыя на катэгорыі: аднаразовы посуд, пластык, папера і кардон, шкло, метал, тэтрапак, батарэйкі, і гэтак далей. Калі не можаце знайсці патрэбную катэгорыю, зазірніце ў раздзел «Іншае».

У прыкладанні ёсць карысны для ўкраінцаў і бескарысны для беларусаў раздзел па пунктах прыёму другаснай сыравіны на тэрыторыі Украіны. Але яно як мінімум падкажа, што куды выкідаць. Прыкладанне, зразумела, украінскамоўнае, але ад гэтага не робіцца менш карысным — хутчэй, больш пацешным. Спампаваць прыкладанне можна з Play Market або App Store.

Калі лядоўня дрэнна пахне

Паводле дадзеных ААН, траціна харчовых прадуктаў, якія вырабляюцца ў свеце, выкідваецца на сметнік. Каля 40% харчу, што вырабляецца ў ЗША, аказваецца тамсама. У Еўропе 100 мільёнаў тон ежы штогод таксама аказваюцца «выкінутымі ў прорву».

Як часта вы купляеце прадукты? І як часта выкідаеце з лядоўні тое, што сапсавалася, тэрмін прыдатнасці чаго скончыўся? Бывае, праўда? З дапамогай мабільнага прыкладання No Waste вы зможаце кантраляваць вашы харчовыя звычкі, сачыць за тэрмінамі прыдатнасці прадуктаў і не купляць больш, чым можаце з’есці. Прыкладанне дазваляе кіраваць спісам пакупак і апавяшчае вас кожны раз, калі ў якога-небудзь прадукту мінае тэрмін прыдатнасці.

Opera Снимок_2020-05-17_180506_www.nowasteapp.com.png

На думку распрацоўшчыкаў, выкарыстоўваючы гэтую праграму, можна сэканоміць на прадуктах да 1000 долараў на год і праводзіць менш часу ў краме. Пра 1000 долараў яны, вядома, загнулі, — мабыць, таму, што прыкладанне англамоўнае і існуе толькі ў версіі для iPhone. То бок, па-нашаму, яно для заможных людзей.

Але гэта ідэя для беларускіх распрацоўшчыкаў і энтузіястаў: зрабіць нешта падобнае для таннейшых і больш распаўсюджаных у нас тэлефонаў на базе Android. Хто возьмецца?

Хопіць хадзіць бясплатна!

Напэўна, кожны марыў, каб яму проста так далі грошай. Як гэта ні дзіўна, такое часам здараецца. А калі менавіта вы акажацеся ў ролі таго, хто дае, прычым без шкоды для вашага гаманца? Скажаце, так не бывае? Неверагодна, але бывае.

Цяпер усё больш людзей «паварочваюцца» на здаровым ладзе жыцця. Усталёўваюць сабе на тэлефон прыкладанні кшталту Google Fit, купляюць фітнэс-трэкеры і імкнуцца праходзіць па 10 тысяч крокаў у дзень, уцякаючы ад інфарктаў і інсультаў. Каб заахвоціць такія паводзіны, у Беларусі былі нават спецыяльныя праграмы ад мабільных аператараў — успомнім «Гігі за крокі» ад МТС альбо «Velcom бегом».

Opera Снимок_2020-05-17_180058_charitymiles.org.png

Прыкладанне Charity miles плаціць вам пэўную суму проста за тое, што вы ходзіце пешшу або ездзіце на ровары, тым самым зніжаючы выкіды вуглекіслаты і іншых газаў ад аўтамабіляў. Грошыкі «капаюць» за кожны пройдзены кіламетр. Але забраць іх вы, на жаль, не можаце, вы можаце імі толькі распарадзіцца, пералічыўшы ў абраны вамі дабрачынны фонд. Сярод спісу такіх фондаў ёсць і фонды па ахове навакольнага асяроддзя.

Прыкладанне англамоўнае, але каго гэта спыняла?

Аліна Бялова, budzma.by



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!