Аляксей Гайдукевіч для budzma.org пра эканамічныя наступствы апошніх дзеянняў улады.
Паслявыбарчыя падзеі ў краіне і рэакцыя на іх заходніх СМІ і палітыкаў могуць нанесці большы ўдар па беларускай эканоміцы, чым імаверныя санкцыі з боку ЕС і ЗША.
Гэта чарговы ўдар па ўстойлівасці нашай гаспадаркі ў гэтым годзе.
Унутраныя эканамічныя фактары, якія шчыльна звязаныя з палітычнымі, дадаўшыся да знешніх, звязаных з вірусам, могуць падштурхнуць Беларусь да прорвы наймацнейшага з 2011 года крызісу.
Гэтыя аналогія невыпадковыя, таму варта згадаць асноўныя фактары, якія абвалілі беларускі рубель і эканоміку больш за 9 гадоў таму. І параўнаць з сённяшняй сітуацыяй у айчыннай і сусветнай гаспадарках.
- У 2011 годзе свет толькі пачынаў аднаўляцца пасля моцнага крызісу 2008 года, які выклікаў вялікі абвал на фінансавых рынках, а ўслед за гэтым — і попыту на тавары, рэсурсы.
- Беларусь сутыкнулася з праблемамі выплат па знешніх запазычаннях. Улады чакалі пазык з боку інтэграцыйных структур. На фоне гэтага і зніжэння золата-валютных рэзерваў рэзка ўзрос попыт на валюту ў прадпрыемстваў і насельніцтва.
- У той сітуацыі Нацбанк быў вымушаны накіроўваць фінансавыя рэсурсы на ўтрыманне курсу, што яшчэ больш скараціла аб'ёмы назапашаных актываў.
У выніку курс беларускага рубля абваліўся амаль у тры разы. З усімі далейшымі наступствамі: ростам цэн на прадукты харчавання амаль у 2 разы, частковым спыненнем вытворчасцяў праз адсутнасць крэдытных рэсурсаў для прадпрыемстваў, інфляцыяй больш за 100% і г.д.
Ці паўторыцца катастрофа 2011 года сёлета?
Як і напярэдадні падзеяў 2011 года, сёння ў свеце развіваецца маштабны эканамічны крызіс. Гэтым разам у сувязі з каранціннымі мерамі. На планеце назіраецца зніжэнне попыту на тавары, скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці і іншыя адмоўныя эканамічныя падзеі.
Паводле прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду, вытворчасць у Беларусі па выніках 2020 года можа скараціцца на 5,5%. Што, безумоўна, негатыўна адаб'ецца на валютных паступленнях.
Не дадае пазітыву і турбулентнасць на рынках сыравіны. Бо попыт і ўзровень цэн на нафту фарміруюць курс расійскай нацыянальнай валюты, ад якога вельмі залежыць беларускі рубель.
Неабходнасць абавязковых выплат па знешніх запазычаннях ужо цяпер прывядзе да скарачэння рэзерваў беларускага Нацбанка, што негатыўна адаб'ецца на валютным рынку і магчымасці прыцягнення фінансавых рэсурсаў з-за мяжы, праз размяшчэнне аблігацый — асноўнай для краіны крыніцы крэдытавання на сённяшні момант.
«У найбліжэйшай перспектыве рэсурсаў на абслугоўванне знешніх крэдытаў хопіць. Далей — невядомасць», — падкрэслівае эканамістка з даследчага цэнтра BEROC у матэрыяле на сайце myfin.by.
Таксама эксперт адзначае, што каштоўнасць беларускіх аблігацый на знешніх рынках пасля выбараў рэзка знізілася (дасягала падзення амаль у два разы). Гэта скарачае прыток фінансавых сродкаў ад замежных інвестараў, ставіць пад пытанне далейшыя магчымасці па размяшчэнні чарговых аб'ёмаў фінансавых папер беларускім Мінфінам, а таксама павялічвае выплаты па гэтых крэдытных інструментах з 6 да 8-9 адсоткаў.
Бо іншыя магчымасці заахвоціць інвестараў укладаць сродкі ў патаннелыя беларускія аблігацыі амаль адсутнічаюць.
Усе гэтыя акалічнасці, а таксама палітычны крызіс пасля выбараў, прывялі да павышэння попыту на валюту ў насельніцтва і юрыдычных асобаў. Які, з вялікай доляй імавернасці, зніжацца не будзе.
Банкі сутыкнуліся са скарачэннем рублёвых аб'ёмаў на дэпазітах і скупкай валюты.
Таму Нацбанк у жніўні быў вымушаны накіраваць з рэзерваў 1 млрд на падтрыманне курса беларускай валюты. І па выніках першага паслявыбарчага месяца золата-валютныя рэзервы цэнтральнага банка краіны скараціліся амаль на 16% у параўнанні з ліпенем.
Таму нельга не прыгадаць, на фоне ўсіх апошніх падзенняў, менавіта крызіс 2011 года.
Але з адным вельмі істотным адрозненнем. А менавіта — з маштабамі пратэстаў пасля выбараў і рэакцыяй Захаду.
Напэўна, да паслявыбарчых акцый і пэўнай рэакцыі суседніх краінаў беларускія ўлады рыхтаваліся і ўлічвалі магчымыя эканамічныя наступствы. Але да такіх працяглых пратэстаў — наўрад ці.
Таму галоўным сёння можа стаць пытанне, наколькі хопіць рэсурсаў для падтрымання эканомікі і ці існуе запас трываласці ў сістэмы.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org