Учора праўладны эксперт Пётр Пятроўскі напісаў у сваім фэйсбуку кароткі пост: «Толькі ад прэзідэнта. Было вельмі цікава. Асабліва пра 4 супрацоўнікаў ГРУ РФ, затрыманных у Беларусі». Пасля пост быў выдалены, а Пятроўскі напісаў, што ўсё гэта жарт і праверка СМІ на вашывасць.
Неўзабаве быў выдалены і гэты допіс, але інтэрнэт усё помніць. Паспрабуем патлумачыць на пальцах чаму у гэтай гісторыі «крайнія» не СМІ, а сам ньюсмэйкер. У нашыя часы ад журналістыкі патрабуецца аператыўнасць — калі тваё медыя не паспела пра нешта напісаць, пра гэта прачытаюць у канкурэнтаў. Але трэба разумець, што аніводнае СМІ у гэтым выпадку нас не падманула, усе напісалі пра факт. А факт заключаецца ў тым, што Пятроўскі напісаў у сваім фэйсбуку пост. Тое, што ён пры гэтым агучыў інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці — пытанне цалкам да яго сумлення, а не пра прафесіаналізм журналістаў.
Пятроўскі ціснуў на тое, што ніхто не стаў правяраць інфармацыю, але і гэта апынулася хлуснёй, бо да эксперта датэлефанавалася «Камсамолка», якой ён інфармацыю падцвердзіў і нават развіў сваю думку. Не абышлося без закідаў у бок палітычнага зняволеннага Сяргея Ціханоўскага і яго прыхільнікаў.
У яшчэ невыдаленнай публікацыі, хаця і яе можа напаткаць лёс падобны пастам пра ГРУ, Пятроўскі піша:
«Сустрэча прадстаўнікоў СМІ з А. Р. Лукашэнка насіла сёння мэтанакіраванны характар барацьбы з фэйкамі, укараненне новых форм працы ў інтэрнэце. І гэта зразумела. Доўга абмяркоўвалі, разбіралі небяспеку. І, прычым. не ў першы раз. Канешне, у такіх выпадках патрэбны рэальныя, бачныя механізмы і ілюстрацыі распаўсюджвання гэтых фэйкаў. Мой укід якраз і стаў такой праверкай».
Што з гэтага вынікае? А вынікае тое, што Пятроўскі зусім не ўяўляе сабе працу СМІ. Навінавая журналістыка апісвае факты, а факт гэта не тое, што затрымалі грушнікаў, а тое, што ён пра гэта напісаў. Болей за тое, Пятроўскі ўскосна прызнаецца ў тым, што ягоны «укід» у фэйсбуку — гэта фактычна замова зверху.
Асноўная выснова, якую варта зрабіць з гэтай гісторыі, што навіны ў сеціве трэба чытаць уважліва і глядзець, хто з’яўляецца крыніцай інфармацыі. І добра падумаць, ці варта давяраць выказванням падобнага кшталту экспертаў. Варта ўзгадаць, што «джэнтльмену вераць на слова», а пасля такіх захадаў эксперт дакладна не джэнтльмэн. Найноўшая беларуская гісторыя памятае «Фрау А»., увесну мы сутыкнуліся з «Фрау Б.», цяпер вось дачакаліся і «Фрау П.».
Д.Н., budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!