Марыя Грыц: «Я ненавіджу канкурэнцыю — і маю доказы, што гэта нармальна»

Многім з нас з дзяцінства казалі, што канкурэнцыя — гэта карысна. Яна добра матывуе і дапамагае дасягнуць найлепшых вынікаў. Ці сапраўды гэта так? Марыя Грыц катэгарычна не згодная і ў сваім тэксце расказвае, што працуе значна больш эфектыўна, чым канкурэнцыя.

Maryja HrycМарыя Грыц

Я ненавіджу канкурэнцыю літаральна ўсёй душой. Калі мне выпадае з некім за нешта змагацца, у мяне проста адключаюцца мазгі, і адзінае, што я магу, — гэта сядзець і чакаць, калі ўсё скончыцца. 

Мая галоўная тэза простая: канкурэнцыя — марнаванне высілкаў. Калі два ці некалькі чалавек робяць адно і тое ж, але прызнанне атрымае толькі адзін, — гэта падаецца мне падманам. Але я не веру, што мы заўжды ў гульні з нулявой сумай, бо няма такіх рэсурсаў, за якія варта хапаць адно аднаго за горла.

Я перакананая, што кожны і кожная з нас мае свой унікальны набор навыкаў і магчымасцяў, каб заняць месца ў супольнасці ці зрабіць сваю справу. Я вам зараз дакажу!

А можна я не буду спаборнічаць нават у спорце?

Я яшчэ ў школе не магла ўцяміць, навошта змагацца за адзнакі, калі іх колькасць — бясконцая. У дарослым жыцці таксама не памятаю, каб брала ўдзел у нейкіх спаборніцтвах. Ну, хіба ў эстафеце, дзе наша каманда вырашыла проста дабегчы да фінішу і кайфануць ад працэсу. Мы апрануліся піраткамі, і гэта было сапраўднае свята, а не бойка за секунды.

Такія моманты нагадваюць: супраца прыносіць шчасце, а канкурэнцыя — стрэс. Даследаванні Масачусецкага тэхналагічнага інстытута паказваюць, што праца ў асяроддзі пастаяннага спаборніцтва павялічвае рызыку выгарання на 55%. А выгаранне — гэта занадта вялікая раскоша для беларускай супольнасці, праўда?

Канкурэнцыя часта апраўдваецца міфам: маўляў, яна натхняе, прымушае развівацца, рухае прагрэс. Але прагрэс сапраўды рухаюць не тыя, хто адно аднаго перамагаюць, а тыя, хто ствараюць разам.

Культурны досвед: калі разам — то ўсё магчыма

Я сама пераканалася ў гэтым не раз. Калі я падавалася на першы ArtPower Belarus, то кайфавала ад самога працэсу: столькі ідэй, столькі людзей вакол, што адмова мяне нават не засмуціла. За час падачы я пазнаёмілася з цэлым морам цікавых асобаў, з якімі потым зрабіла некалькі сумесных спраў.

Таксама была мая авантура з мультфільмам «Блізняты-важаняты» — гісторыя пра тое, як невялікая група людзей без бюджэту, але з верай у ідэю, можа стварыць нешта прыгожае і жывое. Мы збіралі грошы праз краўдфандынг, і атрымалася зрабіць тры мульта! Без канкурэнцыі, без гонак, без «лепшых і горшых».

А сёлета ў Белавежскай пушчы адбыўся сапраўдны цуд — летнік для дзяцей з рэпрэсаваных сем’яў. Ён прайшоў толькі дзякуючы таму, што беларусы і беларускі ў Польшчы аб’ядналіся і сабралі сродкі. Людзі прыязджалі, каб проста падзяліцца сваімі талентамі — хто ляпіў, хто спяваў, хто распавядаў пра пчол. Тры тыдні ў паўзакінутай вёсцы віравала жыццё, якое нагадала: супольнасць — гэта наймацнейшая сіла. А стала магчымым гэта таму, што беларусы і беларускі з Польшчы скінуліся на летнік сваімі грашыма!

 Kłub histaryčnaj rekasntrukcyi Invictus 1863
Клуб гістарычнай рэкаснтрукцыі Invictus 1863 выступае падчас летніка

Замест канцэптуальнага завяршэння — пра веру

Сёння думаю пра яшчэ адзін смелы міжнародны праект. Я ўжо распавяла пра яго сотням людзей — і кожны прапанаваў нешта сваё, і найчасцей — бясплатна. За магчымасць рабіць нечаканае, што не робіць ніхто. Ніводзін конкурс не можа стварыць такой энергіі, як той, калі людзі ідуць разам, каб зрабіць нешта новае. Клянуся ў хуткім часе распавесці ўсім, але пакуль пра іншае.

Мы ўсе выраслі ў сістэме, дзе канкурэнцыя падавалася рухавіком прагрэсу. Але, здаецца, сёння галоўная наша місія — навучыцца ісці разам, а не насуперак адно аднаму. У гэтым — і чалавечнасць, і ўстойлівасць, і сіла, якой бы неймавернай не падавалася такая мэта для нашага грамадства! 

Бо, як паказвае практыка, супольна мы можам — ой, ды ўсё мы можам!

Вось вам мая вера. Амінь.

Марыя Грыц, Budzma.org