Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане захоўвае ўнікальную калекцыю арыгінальных мап — дзясяткі экзэмпляраў, якія адрозніваюцца памерам, станам і аздабленнем. Калекцыя супастаўная з фондамі дзяржаўных музеяў Беларусі. Пра найбольш цікавыя старыя мапы, якія сабралі беларусы ў Лондане, мы пісалі ў папярэдняй частцы артыкула. У сённяшнім тэксце Ілля Андрэеў распавядае пра мапы перыяду БНР, часоў Другой сусветнай вайны і паваеннага часу, а таксама каштоўныя прыклады ментальнай картаграфіі, якія захоўваюцца ў Скарынаўцы ў выглядзе рукапісаў, выразак, атласаў, асабістых рэмарак на палях друкаваных мап.

Ілля Андрэеў і Павал Шаўцоў у Скарынаўскай бібліятэцы, верасень 2025
Але што менавіта мапы распавядаюць пра Беларусь? Ці бачым мы яе на гэтых мапах? Калі прыгледзецца, то так — сярод сотняў іншых тапонімаў, якія назапашваліся стагоддзямі, яшчэ з антычных часоў. На сярэднявечных мапах Russia Alba не абазначала дзяржаву, а толькі адзін з асноўных гандлёвых маршрутаў паміж Поўначчу і Поўднем — уздоўж Дняпра і Дзвіны. Толькі пазней, у Вялікім Княстве Літоўскім, а потым у Рэчы Паспалітай, тапонім Белая Русь азначаў лакальную тэрыторыю з адметнай моўнай і рэлігійнай культурай.
Канец XVIII стагоддзя — гэта час глабальнай «інвентарызацыі і вымярэння» ўсяго, што толькі магчыма (адзін з вынікаў эпохі Асветніцтва). Для больш эфектыўнага кіравання дзяржаўныя інстытуты пачалі збіраць статыстычныя звесткі: спачатку больш простыя — неабходныя для збору падаткаў, а пазней — даныя пра этнічныя, моўныя і рэлігійныя адрозненні. На падставе гэтай працы і ўзніклі этнаграфічныя і палітычныя мапы — ужо больш звыклыя для сучаснага чалавека, дзе тэрыторыі былі фармалізаваныя паводле нацыянальных прыкмет.
Першай мапай, на якой беларусы былі паказаныя як этнаграфічная тэрыторыя з акрэсленымі знешнімі межамі, стала мапа славянскіх народаў, створаная чэшскім і славацкім філолагам Паўлам Ёзафам Шафарыкам у 1842 годзе. Мапа застаецца адным з артэфактаў еўрапейскай Вясны народаў. А межы адведзеныя Шафарыкам як тэрыторыя пражывання беларусаў, на дзіва блізкія да сучасных межаў Беларусі.
Такім чынам, менавіта этнаграфічныя (а дакладней, моўныя) мапы спрыялі «выточванню» контураў сучасных палітычных дзяржаў. Але правесці лінію падзелу на этнаграфічнай мапе (якая ў рэальнасці магла аддзяляць адну вёску ад суседняй) — гэта заўсёды задача з рознымі вынікамі, што залежалі ад абраных метадаў і падыходаў.
ХХ стагоддзе — гэта быў час ментальнай картаграфіі (або своеасаблівага рытуальнага картаграфавання). Мапы, створаныя ў той час, адлюстроўваюць ірацыянальныя спробы змяніць сітуацыю. Мапы пераконваюць нас, што рэчаіснасць менавіта такая. І ў нейкі момант закрадаецца пытанне, ці не працуе гэта таксама ў адваротны бок? Можа, калі змяніць нешта на мапе — гэта зможа змяніць нешта ў нашай рэальнасці, згодна з нашымі ўяўленнямі?
На працягу ўсяго ХХ стагоддзя, асабліва ў эміграцыйных колах, паўстала некалькі тэрытарыяльных канцэпцый «ідэальнай Беларусі». І, мабыць, адзінае месца ў свеце, дзе так поўна сабраныя мапы-сведчанні гэтых пошукаў, — гэта Скарынаўская бібліятэка.
Мапа Беларускай Народнай Рэспублікі застаецца, мабыць, найбольш вядомай спробай «замацаваць» беларускую тэрыторыю ў палітычнай і інфармацыйнай прасторы. У калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане захоўваецца некалькі экзэмпляраў гэтай надзвычай рэдкай і каштоўнай мапы.

Мапа БНР як дадатак да французскамоўнага выдання Мітрафана Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі»
Мапа БНР мела досыць працяглую перадгісторыю і фактычна паўстала на падмурку этнаграфічна-статыстычных даследаванняў, санкцыянаваных яшчэ ў Расійскай імперыі. А «даследаваць» было што, згадаем толькі некаторыя імёны: Іван Насовіч (аўтар першага беларускага слоўніка на 30 тысяч слоў, выдадзенага ў 1870 годзе!), Яўхім Карскі (акадэмік, аўтар манументальнай працы «Беларусы»), Мітрафан Доўнар-Запольскі (гісторык і актыўны ўдзельнік беларускага руху) і многія іншыя.
Менавіта мапа распаўсюджанасці беларускай мовы Яўхіма Карскага (першае выданне 1903 года; у калекцыі Скарынаўкі захоўваецца некалькі асобнікаў) легла ў аснову мапы БНР. Лічыцца, што яна была адкарэктаваная пад уплывам даследаванняў Мітрафана Доўнар-Запольскага, якія пашырылі межы беларускага арэала, асабліва на Берасцейшчыне.
Схаваны патэнцыял моўнай мапы акадэміка Карскага раскрыўся пасля падзення Расійскай імперыі. Тое, што раней было справай філолагаў і этнографаў, раптам набыло палітычнае значэнне: мапы сталі галоўным аргументам у спрэчках пра межы і права на незалежнасць. Лінгвістычныя межы ў адзін момант ператварыліся ў дзяржаўныя.
Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва і Польшча змаглі здабыць незалежнасць, і іх увасобленыя ў мапах «дэкларацыі» ў большай ці меншай ступені сталі рэальнасцю. У іншых народаў былой імперыі гэтага адразу не атрымалася.
Мапа БНР павінна была прадэманстраваць беларускія межы на Версальскай мірнай канферэнцыі. Варта адзначыць, што хоць мапа і мела картуш з надпісамі на дзвюх мовах — французскай і беларускай — яе падрыхтавалі ў беларускай дыпламатычнай Місіі ў Берліне, г. зн. у «варожай» для пераможцаў краіне. Магчыма, гэты «нямецкі след» стаў дадатковым фактарам недаверу да беларускай дэлегацыі на канферэнцыі, якая вызначала новы, у тым ліку тэрытарыяльны, уклад Еўропы пасля Першай сусветнай вайны.
Нягледзячы на няўдачу, уласная беларуская дзяржаўная тэрыторыя была ўпершыню зафіксаваная на паперы і выдадзеная вялікімі накладамі. Гэты ўплыў цяжка пераацаніць: нават у Савецкай Беларусі ў 1920-х гадах выдаваліся мапы, на якіх, поруч з межамі БССР, працягвалі пазначаць гэтыя межы (але як этнаграфічныя). Вядома, гэта не выклікала сімпатыі ў метраполіі новай, ужо савецкай імперыі. Таму пасля згортвання палітыкі беларусізацыі «буржуазна-нацыяналістычныя» мапы падлягалі знішчэнню.
Тым не менш станоўчы досвед новых дзяржаў падказваў: трэба працягваць «уяўляць» сваю тэрыторыю, мадэляваць яе на мапах і чакаць спрыяльнага моманту.
Зразумець кантэкст узнікнення другога канцэпту «ўяўленай» Беларусі ўдалося толькі дзякуючы матэрыялам Скарынаўскай бібліятэкі.
Маю ўвагу даўно прыцягвала этнаграфічная мапа Беларусі-Крывіі, падрыхтаваная ў Празе ў 1939 годзе (перавыдавалася ў 1940 і 1942 гадах). Адзін асобнік у свой час атрымалася адшукаць у Беларускім дзяржаўным гістарычным архіве. (Пры ўсім жаданні апублікаваць мапу ў дзяржаўным выдавецтве, зрабіць гэта не атрымалася.) На самой мапе было пазначана, што яна падрыхтаваная беларускім дзеячам, случаком і ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну Васілём Русаком.
З візуальнымі крыніцамі часта бывае так, што яны існуюць самі па сабе — без згадак пра аўтараў і прычыны выдання. Так было і з гэтай мапай: яна не тлумачыла, на падставе якіх даследаванняў былі вызначаныя этнаграфічныя межы, але заўважна адрознівалася ад аўтарытэтных мап Карскага, мапы БНР і папярэдніх этнаграфічных прац, створаных яшчэ ў Расійскай імперыі.
І вось у фондзе Віктара Астроўскага знайшлася невялікая, знешне непрыкметная фотакопія мапы з подпісам па-нямецку. Выведзены на ёй контур вельмі нагадваў пражскую мапу Беларускай Крывіі, а бібліятэчная картка падказвала, што арыгінал паходзіць з выдання BALTICOSLAVICA (vol. II, 1936).
Мапа беларускіх дыялектаў доктара Яна Станкевіча. Вільня, 1936
Далейшыя пошукі пацвердзілі: у гэтым зборніку сапраўды былі некалькі лінгвістычных артыкулаў Яна Станкевіча і згаданая мапка-ілюстрацыя, якая стала тэарэтычнай асновай для цэлага шэрагу пазнейшых мапаў Крывіі — у тым ліку мапаў самога Станкевіча, згаданай мапы Васіля Русака, а таксама іншых выданняў, што з’яўляліся ў эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны.
На гэтых мапах да беларускіх этнаграфічных земляў шчодрай рукой былі «далучаныя» Пскоўшчына, частка ўзбярэжжа Фінскай затокі, а Ленінград і Вялікі Ноўгарад фактычна станавіліся яе паўночнай перыферыяй. Гэтыя контуры сустракаюцца і як самастойныя выданні, і як уручную нанесеныя дадаткі да іншых мап Еўропы ці рэгіёна.
Гэты картаграфічны феномен — добрая ілюстрацыя таго, як функцыянуюць палітычныя ідэі, нават калі яны не маюць шанцаў на рэалізацыю. Розніца паміж уяўленымі Крывіяй, Вялікай (ці Сярэдняй) Літвой і рэальнымі палітычнымі прасторамі, якія на той час увасабляліся на мапах, у пачатку ХХ стагоддзя была яшчэ вельмі тонкай.
Па сваёй сутнасці ідэя крывіцкай палітычнай прасторы мела пэўнае гістарычнае абгрунтаванне: цэнтрам крывіцкіх плямёнаў была Полаччына, а арэал крывічоў працягваўся да Пскоўшчыны і Вялікага Ноўгарада. Адзін з ідэйных прыхільнікаў Крывіі, Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі, бачыў у гэтай саманазве і тэрытарыяльным выбары палітычны патэнцыял. Аднак тагачасны палітычны расклад не пакідаў шанцаў для гэтай ідэі. І нават яе картаграфічнае ўвасабленне і наступнае культываванне ідэі Крывіі ў паваеннай эміграцыі — не аказалі заўважнага ўплыву на рэчаіснасць.

Мапа Крывіі на бланках Беларускай скаўцкай арганізацыі
Перад тым як перайсці да наступнага тэрытарыяльнага канцэпту, звязанага з беларускім інтэлектуальным жыццём у Лондане пасля Другой сусветнай вайны, варта ўзгадаць чалавека, які не быў беларусам, але мог назіраць за беларускімі эмігрантамі з уласнай посткаланіяльнай перспектывы.
Англійскі даследчык беларускай культуры Гай Пікарда ў адным са сваіх інтэрв’ю, разважаючы пра беларускі характар, падкрэсліў уласцівую беларусам рысу — індывідуалізм:
«...кожны беларус мае таксама свой канцэпт, што такое Беларусь. І кожны беларус, які сюды прыехаў пасля вайны, трымаў Беларусь у сваёй валізцы, [трымаў]... ягоны канцэпт».
У фондзе Скарынаўскай бібліятэкі захоўваецца партрэт айца Аляксандра Надсана. На заднім плане карціны — мапа Беларусі.

Партрэт айца Надсана. Мастак Міхась Саўка-Міхальскі. Размешчана ў Марыян-Хаўзе
Гэтая мапа звязаная з імем Радаслава Астроўскага, старшыні Беларускай Цэнтральнай Рады. Ягоная асоба дагэтуль застаецца складанай для адназначнай ацэнкі: з аднаго боку — калабарант, які меў высокія пасады ў акупацыйнай адміністрацыі; з другога — трэба памятаць, што камуністычны рэжым лічыў усіх, хто займаўся беларускай культурай, ворагамі, вартымі фізічнага вынішчэння.
Гэтая мапа, на якой прысутнічае манаграма RO, стала яшчэ адным уяўленнем пра Беларусь для многіх, у тым ліку і для айца Надсана, які пакінуў Радзіму ў свае няпоўныя 18 гадоў у 1944-м, а наведаць яе змог толькі ў пачатку 1990-х
Мапа Беларусі. Складальнік Радаслаў Астроўскі. 1950 год
Мапа паказвае этнаграфічныя межы Беларусі (блізкія да межаў БНР, але крыху пашыраныя і «акругленыя»), а таксама дзяржаўную мяжу БССР з адміністрацыйным падзелам у межах да 1954 года (12 абласцей). У такіх этнаграфічных контурах мапа часта паўтараецца ў выданнях Віктара Астроўскага, а таксама ў перыёдыцы — напрыклад, у штомесячніку «Аб’яднанне».
Мяркуючы па ўсім, гэтая мапа мела першакрыніцу з ранейшага часу. Падобную мапу ў 1947 годзе падрыхтаваў да выдання ў лагеры перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце Янка Сурвіла — будучы муж сённяшняй старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. У такіх самых знешніх контурах была надрукаваная мапа Беларусі ў 1952 годзе ў Парыжы (Выданне часопіса «Моладзь/La Jeunesse»).
Да гэтай групы можна аднесці таксама некаторыя «адміністрацыйныя» мапы Беларусі з калекцыі бібліятэкі — напрыклад, датаваныя 1944 або 1948 гадамі, без выходных звестак, легітымізаваныя толькі гербам Пагоня. Такія мапы, нягледзячы на сваю назву і дакладнасць зместу, выглядаюць неверагоднымі ўжо самім фактам існавання. Яны адлюстроўвалі ілюзорнасць улады над ужо непадуладнай (і нават недасяжнай для беларускай эміграцыі) прасторай.

Беларуская адміністрацыйная мапа. 1948 год
Сярод безлічы картаграфічных канструкцый, выразак і копій варта ўзгадаць яшчэ некалькі прыкладаў, якія можна аднесці да ментальнай картаграфіі, але ў нашым выпадку, здаецца, больш трапным будзе азначэнне «рытуальная картаграфія».
Цяжка сказаць, як у фонды бібліятэкі трапіла мапа Украіны 1955 года, падрыхтаваная ўкраінскім дысідэнтам Вільямам Карпам. Вядома, украінцы маюць свой погляд як на Кубань, так і на Палессе, і гэта адлюстравана на мапе: тэрыторыі, дзе прысутнічаюць асаблівасці ўкраінскай мовы, не аднесены да Украіны, толькі пазначаныя жоўтым нахільным штрыхом. Паверх гэтых «спрэчных» зон, уздоўж беларускай мяжы, нехта метадычна праставіў штампы з гербам Пагоня. Ніводны з апанентаў не меў нават «алавяннага салдаціка» на месцы гэтага сімвалічнага супрацьстаяння, «бітва» разгарнулася на палях надрукаванай мапы ўмоўнымі візуальнымі сродкамі.

Мапа Украіны. Беларускую мяжу «сцеражэ» вершнік на штампе «White Russian (Byelorussian) American National Council — Chicago, Ill.»
Вялікую групу складаюць мапы, выпраўленыя ўручную — з намаляванымі паверх межамі, наклеенымі назвамі, подпісамі. Але што тут казаць — нават у сваім дзіцячым атласе народаў СССР я, яшчэ будучы падлеткам, таксама «адмежаваў» Беларусь ад «нерушымага саюзу» — старанна, аркуш за аркушам.
Мапа Еўропы 1950-х гадоў з нанесенымі ўручную беларускімі межамі
Тапаграфічны змест мап Беларусі быў нестабільны не толькі ў тых, хто «марыў» пра тэрыторыю сваёй Айчыны. Дастаткова ўзгадаць бурлівыя тэрытарыяльныя трансфармацыі 1920-х гадоў або перыяд пасля 1945-га. І ўсё ж сёння тэрыторыя былой БССР, а цяпер незалежнай Беларусі, мае выразны, амаль кананічны абрыс, які актыўна выкарыстоўваецца афіцыйнымі ўладамі — ад «метровага торта ў форме мапы Беларусі з архітэктурнымі славутасцямі» да контураў праектаванага гістарычнага музея. Гэты абрыс застаецца запатрабаваным і ў беларускай дыяспары: ад візуальных інтэракцый да разнастайнага беларускага мерчу — згадаем, напрыклад, папулярныя падвескі брэнду belaruskicry, які нядаўна быў прызнаны экстрэмісцкім. Як і калісьці, мапы застаюцца месцам, дзе праецыруюцца памкненні і пачуцці — палітычныя і асабістыя.
Менавіта ментальныя мапы — ад другой паловы ХІХ стагоддзя і асабліва ад часоў БНР і паваеннага перыяду — з іх антрапалагічным вымярэннем складаюць найбольш унікальную частку картаграфічнай калекцыі бібліятэкі ў Лондане. Гэта сапраўдная каштоўнасць, якая не вымяраецца аўкцыённымі справаздачамі.
Калі класічная мапа распавядае пра кірункі і перамяшчэнні ў прасторы, то ментальная картаграфія — пра прысутнасць у каштоўнасных каардынатах. І менавіта такія мапы жывуць у калекцыі Скарынаўкі — у выглядзе рукапісаў, выразак, атласаў, планаў, асабістых рэмарак на палях друкаваных мап і г.д. Пералічаныя прыклады — толькі вяршыня таго, што захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы: яшчэ вельмі шмат застаецца нераспазнанага, не ўведзенага ў навуковы ўжытак, недарасказанага.
Ілля Андрэеў, Budzma.org