«Несанкцыянаванае карыстанне чужой інтэлектуальнай уласнасцю будзе найменшым рэпутацыйным выдаткам для Беларусі — калі глядзець на спіс прэтэнзій цывілізаванага свету да цяперашняй Беларусі. А вось у рэзідэнтаў беларускага Парку высокіх тэхналогій праблемы могуць узнікнуць вельмі хутка».
У пятніцу, 6 студзеня, стала вядома, што ў Беларусі ўзаконілі пірацкі кантэнт з «недружалюбных» краін — дазволілі ім карыстацца без згоды праваўладальнікаў.
На просьбу Budzma.org «пірацкія» перспектывы Беларусі каментуе юрыст аднаго з беларускіх бізнес-саюзаў, які пажадаў захаваць ананімнасць.
— Інтэлектуальнае «пірацтва» на дзяржаўным узроўні — гэта беларускае ноў-хаў ці ў беларускай улады былі «калегі» у мінулым ці цяпер?
— Была такая, вядомая ўсім дзяржава ў свой час — Савецкі саюз, у якім лічбавае і аналагавае пірацтва, інтэлектуальнае і неінтэлектуальнае, квітнела проста. У прынцыпе, падобнымі справамі грашылі шмат якія дзяржавы ў розны час. Той жа прамысловы шпіянаж з боку Кітая і Японіі ў пэўны перыяд гістарычнага развіцця.
— Але шпіянаж — гэта шпіянаж. І ў часы СССР, напрыклад, «Мелодыя» не рызыкавала выпусціць паўнавартасны альбом The Beatles, а выдавала нейкі міньён на дзве песні вакальна-інструментальнага ансамбля «Зе Бітлз». Кнігі ж замежных аўтараў выдаваліся з выплатай аўтарскіх.
— Ну так, фармальна аўтарскія і сумежныя правы абараняліся, фармальна абаранялася інтэлектуальная ўласнасць. Але рэальнай абароны ў СССР не было. Дазвалялася «выкарыстоўваць». Кралі тапалогію мікрасхем — то бок афіцыйна не кралі, афіцыйна «выкарыстоўвалі», гэта значыць, куплялі, потым па слаях зразалі і рабілі свае копіі ў прамысловым маштабе. Калі мы возьмем мікрапрацэсар КР 580 — то гэта выпушчаны ў 1977 годзе Intel 8080. І такіх прыкладаў — процьма ў 70-х і 80-х гадах мінулага стагоддзя. Гэта і Microsoft, і IBM, і іншыя. Ды ўспомніце кааператыўныя кіёскі гуказапісу напрыканцы 80-х ці пачатку 90-х — што, яны камусьці нешта плацілі? Ну вось чаму б і не вярнуцца да кіёскаў, кшталту таго.
— Крадзеж ці, як вы кажаце, «выкарыстанне»?
— Разумееце, крадзеж — гэта панятак, які мае пэўнае крымінальнае азначэнне. Калі я раблю копію і выкарыстоўваю ў сваіх інтарэсах, у сваёй дзейнасці, то фармальна гэта, канечне, не крадзеж. Але на абывацельскім узроўні, безумоўна, гэта бачыцца натуральным крадзяжом. Але юрыдычна... Калі я ваш артыкул скарыстаю як свой — гэта плагіят, суд крадзяжом гэта не палічыць. Увогуле, шмат хто краў фільмы, музыку, тэхналогіі, нават тыя, хто потым стаў лічыцца дэмакратычнымі краінамі.
— Але гэта было ў мінулым. Зараз у 21 стагоддзі гэта выглядае неяк так сабе...
— Ну вось гэты закон, на мой погляд, ёсць спробай нейкім чынам выставіць крадзеж не такім ужо ўяўна нахабным. Напісалі пра нешта пра «недружалюбныя» краіны — ну і як бы можна сперці ў такіх. Усё вельмі проста, неяк так па-калгаснаму.
— На што ў першую чаргу скіраваны закон?
— Хутчэй, для беларускай дзяржавы найбольш важным ёсць софт. Можна, канечне, камп’ютар запусціць пад Linux, гэта аперацыйная сістэма адмыслова стваралася як бясплатная, але, па-першае, трэба перавучваць неверагодную колькасць людзей пад яе. Па-другое, большасць софту распрацавана пад Windows. Ну вось і будуць дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы карыстацца скрадзенымі праграмамі. А прыватнае карыстанне, шчыра кажучы, і так у нас было ў асноўным пірацкім заўсёды.
— Як гэтая навацыя скажацца на стасунках з цывілізаваным светам?
— Горш не стане, думаю, куды ж ужо горш. Беларускую дзяржаву ўжо так далёка паслалі, дык што ёй, калі пашлюць яшчэ крыху далей? З гастролямі сусветныя зоркі да нас ужо не едуць, сусветныя кінапрэм’еры не адбываюцца дзень у дзень з Лос-Анджэлесам, што тут губляць? Ды і рынак, калі казаць пра музыку, кіно, кнігі, вельмі невялікі для свету. Кінатэатры, як і ў Расіі, ператворацца, умоўна кажучы, у відэасалоны часоў позняга СССР. Будуць паказваць дакументалку пра дасягненні народнай гаспадаркі, а кшталту для разагрэву які-небудзь «Аватар». І што ўвогуле можа з гэтым зрабіць Галівуд — Дарта Вэйдэра ці Ёду прышле для кантролю? Пляваць у Мінску зараз хацелі.
— Але ўявім, як Беларусь вяртаецца ў той самы цывілізаваны свет — якія чакаюць наступствы за «пірацкія» штукі?
— Думаю, тое, што мы несанкцыянавана карысталіся чужой інтэлектуальнай уласнасцю, будзе найменшым рэпутацыйным выдаткам для Беларусі. Гэты грэх будзе найменшым у спісе прэтэнзій цывілізаванага свету да нашай цяперашняй краіны. А вось у каго могуць узнікнуць праблемы ўжо вельмі хутка, то гэта ў кампаній, якія дагэтуль застаюцца рэзідэнтамі беларускага Парку высокіх тэхналогій. Калі яны будуць ствараць новы софт з выкарыстаннем пірацкага софту, то яго не будуць купляць у свеце. Калі нашыя кампаніі будуць выкарыстоўваць, груба кажучы, крадзенае, то нашых распрацоўшчыкаў інтэлектуальных прадуктаў чакаюць ізаляцыі і санкцыі. На іх будзе чорная метка: прадукты гэтых распрацоўшчыкаў выкарыстоўваць непажадана.
Што тычыцца, напрыклад, медыкаментаў, не ведаю, ці ў стане беларуская дзяржава наладзіць выпуск усіх неабходных джэнерыкаў, але, думаю, адрэзаць нас цалкам ад доступу да лекаў цывілізаваны свет палічыць негуманным. А што да іншага паралельнага імпарту... ну, зноў расквітнее квазічаўночны гандаль. Успомнім торбы ў клетачку, будзем зноў вывучаць памяткі, як адрозніць фірменныя джынсы і красоўкі ад пашытых ў падвалах невядома якіх краін.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org