1 лютага ў Палацы мастацтва адкрыецца мемарыяльная выстава пад назвай «Эксперыментальны кантакт» выдатнага беларускага мастака Алеся Родзіна, які пайшоў з жыцця 19 снежня 2022 года.
Алесь Родзін — адзін з заснавальнікаў беларускага авангарду. Шмат гадоў быў рэзідэнтам берлінскага Дома мастакоў Tacheles. Дзякуючы дзейнасці Родзіна Tacheles стаў нечым накшталт нефармальнага беларускага культурнага цэнтра.
З 2003 года разам са Змітром Юркевічам Алесь Родзін арганізоўваў штогадовы фестываль «ДАХ», які прадстаўляў творчасць мастакоў з розных мастацкіх сфер: перформанс, мультымедыя, эксперыментальная музыка, скульптура і інш.
«Так супала, што роўна 25 год таму, у Палацы пачалася наша супраца з Алесям Родзіным (падрыхтоўка плошчаў палаца да правядзення фестываля перформанса «Навінкі» і першы сумесны перформанс).
24 гады таму беларускія мастакі ў Берліне Ігар Ермакоў і Алесь Тарановіч запусцілі працэс падрыхтоўкі да выставы ДАХ, якая ў 2003 дала старт міжнароднаму фестывалю саверсізма і ігдрасілізма «ДАХ», куратарамі якога, ад таго часу сталі мы з Алесям Родзіным.
20 год таму ў мурах Палаца Мастацтва ледзь не адбыўся «ДАХ-4», які быў закрыты адразу пасля адкрыцця.
15 год таму на 40 дзён увесь Палац (і прылеглая тэрыторыя) стаў арэнай гладыятарскіх баёў мастакоў «усяго свету», якія вяліся ў межах фэсту ДАХ-ІХ «Ахвяры Мастацтва».
13 год таму на 25 дзён Палац пераўтварыўся ў лабараторыю па даследванні «Цёмных таямніцаў мозга», якія вяліся ў межах фэста ДАХ -ХІ.
9 год таму Палац амаль месяц папулярызаваў постаць нашага Героя Тадэвуша Рэйтана, у межах фэста ДАХ- XXVIII.
Заплюшчваю вочы на дзесяткі іншых нашых фэстаў і мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў чартогах Палаца Мастацтва ад 2004 года да самага апошняга часу.
І думаецца, што ёсць нейкі сівалізм у тым, што менавіта Палац, які стаў нам за гэтыя гады другім домам, ушануе памяць Алеся Родзіна вялікай выставай. Выставай, якая ў дахаўскай нумералогіі атрымае код XXXV», — напісаў Зміцер Юркевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Паглядзіце, як Алесь Родзін распавядаў пра культурніцкую пляцоўку Тахелес у Берліне. Відэа знятае ў 2013 годзе.