«Экстрэмісцкую» літаратуру ў бібліятэках цяпер будуць выдаваць толькі па спецдазволе?

Беларускія ўлады збіраюцца навесці парадак з «экстрэмісцкай» літаратурай у бібліятэках. На БТ расказалі, што цяпер яе будуць выдаваць толькі па спецыяльным дазволе.


У тэлесюжэце прызналі, што ўсе «экстрэмісцкія» кнігі складана знішчыць, да таго ж спецыялістам яны часам неабходныя для напісання навуковых прац ці расследаванняў, піша Reform.by. У Нацыянальнай бібліятэцы такія кнігі захоўваюцца ў спецыяльным сховішчы, але ў законе не прапісана, у якіх выпадках можна выдаваць іх чытачам. У Нацбібліятэцы спадзяваюцца, што парадак выдачы будзе вызначаны заканадаўствам.

nacbiblijateka
Фота: bestbelarus.by

«Мы працуем над гэтым пытаннем. І будзем спадзявацца, што бліжэйшым часам гэты заканадаўчы прабел будзе ліквідаваны. Тэарэтычна абмежаванаму колу карыстальнікаў пры спецыяльным дазволе можна будзе гэтымі дакументамі скарыстацца», — заявіў Віктар Пшыбытка, намеснік гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.

Тым часам пракуратура працягвае сачыць, каб экстрэмісцкая літаратура не прадавалася ў крамах і ў інтэрнэце. Найперш пракурораў цікавяць гістарычныя кнігі.

«Цікаваіць увогуле ўся літаратура. Але, вядома, першачарговую ўвагу надаем гістарычнай літаратуры, таму што зараз такія тэмы на вастрыі, значныя. Гэта рэабілітацыя нацызму, якая часам сустракаецца ў друкаванай прадукцыі. Таму менавіта на дадзеную літаратуру мы звяртаем увагу», — заявіла Марына Запрудская, начальнік аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці.

У тэлесюжэце таксама патлумачылі, чаму «экстрэмісцкія» кнігі друкаваліся ў Беларусі.

«Гэта сітуацыя не ўзнікла цяпер. Яна ўзнікла ў 2013-м, 2014-м, у 2017 годзе. Нейкія кніжкі друкаваліся, якія да падзей 2020 года выглядалі нейкімі спрэчнымі. Але ў прынцыпе яны не неслі нейкі характар, не ўзгоднены з агульнай лініяй руху. Пасля 2020 года па гэтых кніжках узніклі пытанні», — заявіў намеснік дырэктара аднаго з выдавецтваў.

Чытайце яшчэ: Чаму прыбралі Караткевіча?