Аўтарка «Па што ідзеш, воўча?» наведала Вільню, каб адказаць на шматлікія пытанні чытачоў. Сустрэча з аншлагам прайшла ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Партал Budzma.org наведаў сустрэчу са Святланай Курс (Евай Вежнавец), лаўрэаткай прэміі Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове 2020 года, і прыводзіць самыя цікавыя адказы пісьменніцы.
Пра будучыню Беларусі
Я ўпэўненая, што нашая будучыня будзе вельмі добрай — і ўжо ў дастаткова агляднай гістарычнай перспектыве. Я магу памыліцца, але мне так здаецца. Толькі гэта будзе аплочана такой цаной..
Мы ведаем, якая зараз цана плоціцца. Нават калі не гаварыць пра суседнюю краіну, а гаварыць пра нашых палітвязняў, то мы бачым, што робяць з людзьмі, як ім выкручваюць суставы фактычна — і духовыя, і фізічныя.
Чаму верыць у цудоўную будучыню Беларусі
Верагодна, з-за сваёй прыроднай наіўнасці і аптымізму.
Мне здаецца, зараз наступіў той момант, калі Расія пайшла на сваё апошняе кола. Спонсар усіх нашых няшчасцяў, прынамсі 90 працэнтаў, гэта, безумоўна, наш усходні сусед
Я бачу гэта, працуючы зараз у Катынскім музеі (Варшавы). Я зразумела, што гэта такі спосаб сацыяльнай інжынерыі ў Расіі. Яны ж сабралі (на смерць у Катыні) не толькі афіцэраў дзейных, каторых захапілі ў палон, яны яшчэ сабралі афіцэраў рэзерву Рэчы Паспалітай. А туды ўваходзілі лекары, мастакі, паэты, матэматыкі, тэатральныя дзеячы, пісьменнікі, інжынеры і гэтак далей. То-бок была ідэя, каб абезгаловіць і знішчыць польскае грамадства. Каб яно не паўстала, без галавы цела — як кадаўр, яно паслухмянае геннай інжынерыі. Гэта — пякельныя планы для суседзяў Расійскай імперыі. Але цяпер яна слабая. Я лічу, што яна зайшла на сваё апошняе кола. А без гэтай пякельнай падтрымкі, мне здаецца, не ўтрымаецца нідзе ніякі рэжым.
Чаму не варта раздражняцца так званымі простымі людзьмі і чаму важна адукоўвацца
А што яны ў жыцці бачылі? Вам жа ёсць куды ўцякаць, праўда? Ад паўсядзённасці, ад плётак, ад чапляння за дробязі, ад таго, што хтосьці табе нахаміў і ад таго, што на працы цябе падседзелі, ад таго, што ў цябе штосьці ўкралі... Ім уцякаць няма куды, у іх надбудовы няма вось гэтай светапогляднай. Я буду гаварыць непаліткарэктныя рэчы, але вышэйшая адукацыя — альбо набытая ва ўніверсітэтах, альбо набытая ўласным шляхам, дае чалавеку гэтую надбудову, гэтую мансарду, якая дапамагае яму не звяртаць увагі на дробязі. А ўявіце сабе, што вы зусім не ведаеце, што ёсць духовае жыццё, зусім не ўяўляеце? Куды ўцякаць? Тады для вас кожная дробязь набывае вялізнае значэнне. (...) Богу дзякуй, што Ён даў магчымасць бачыць духовае, некаторыя людзі папросту гэтага не ведаюць. (...) Я не гавару, што яны дурнейшыя, я гавару, што яны не бачаць перспектывы. А мы бачым, нам пашанцавала, нам ці лёс, ці бацькі далі гэтую магчымасць, і мы павінны быць удзячныя. І таму я зусім на іх не гневаюся, не тое, што я такая вялікая чалавечыца, я проста разумею, што ў іх нашмат горшы агляд.
Пра новую кнігу і чаму яна дагэтуль не выйшла
(Увесну 2020 года) я вырашыла, што буду апякункай старэйшых асобаў, таму што ім выдавалі «аўсвайсы» — ездзіць па горадзе можна было (падчас каранціну з-за пандэміі ковіду). І мне даводзілася часам за дзень наведаць 17 чалавек. Я бачыла зусім рознае жыццё: адныя шчаслівыя, другія — не, і гэта зусім не залежыць ад наяўнасці дзяцей. Мне вельмі падабалася, што я пераадольваю гэты досвед старасці. Адначасна ў мяне быў вельмі бурлівы раман. Такім чынам гэтыя два дасвядчэнні — вялікай радасці жыцця і памірання — зліліся ўва мне ў адно. І мне спадабалася накруціць вакол гэтага верацяна вельмі многа апісанняў старасці і маладосці, многа ўрокаў, якія я атрымала ў гэтае лета. (...) Вось я пісала такую кнігу, толькі там жа ж няма канца... я не ведаю, чым яе скончыць, а няскончаная кніга гэта... Можа, яна і не будзе напісаная. Ляжыць пакуль.
Як будзе жыць грамадства ў новай Беларусі пасля траўмаў старой
Я не сацыёлаг. Інтуітыўна я разумею, як гэта можа быць. (...) Я думаю, нам трэба будзе падзяліць зоны адказнасці і навучыцца жыць кожны ў сваіх межах і не ўлазіць у чужыя межы. Нам трэба будзе шмат з чым памірыцца, шмат што зразумець. Пакараныя павінны быць толькі тыя людзі, каторыя дачыніліся да злачынстваў супраць чалавечнасці. Іншыя, каторыя фальсіфікавалі выбары, міліцыянты... Я думаю, усё гэта выправіцца, калі будзе ўсталяваная нармальная дзяржава, на маю думку. Не ведаю, ці наш досвед, людзей, якія вернуцца, будзе прыдатны. Думаю, будзе. Але трэба вельмі многа цярплівасці, не лезці на чужую тэрыторыю, разумець людзей.
Вельмі складана зразумець і дараваць, але некаторыя рэчы трэба зразумець і дараваць. І тады чалавек гэта ацэніць і можа здольны будзе — у новых умовах — зразумець і дараваць табе тваю рацыю. На гэтым заснаваная дэмакратыя, на тым, што ты церпіш іншага чалавека. Нам давядзецца цярпець адно аднаго.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org