Мы праходзім свой шлях адпаведна тым абставінам, у якія нас закінуў лёс. Значную частку спустошаных савецкімі цэнзарамі біяграфій нам яшчэ трэба будзе пераглядзець. Сяргею Грахоўскаму за свае погляды і вершы выпалі на долю страшныя 16 гадоў канцлагера і высылкі, і гэты цяжкі груз заставаўся з ім да канца жыцця, піша Ігнат Кустаў у «Новым Часе».
Сяргей Грахоўскі (1960). Фота: grahouski.org
Камусьці ў жыцці шчасціць атрымаць «Нобеля», а камусьці — у ім нарадзіцца. Так здарылася з беларускім паэтам, пісьменнікам і перакладчыкам Сяргеем Грахоўскім: ён нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Нобель, што раней адносілася да Мінскай губерні, а цяпер — да Ровенскай вобласці Украіны.
З біяграфіі паэта вядома, што з 1914 года ён з бацькамі жыў на Магілёўшчыне, у Глуску, а ў 17 гадоў пачаў працаваць у Бабруйску на дрэваапрацоўцы. Што да адукацыі, то Сяргей Грахоўскі скончыў літаратурны факультэт Мінскага дзяржаўнага інстытута, дзе навучаўся на газетна-выдавецкім аддзяленні, і гэтыя гады не былі марнымі: пасля інстытута Грахоўскі працаваў на Беларускім радыё і выкладаў літаратуру на рабфаку, за сваё жыццё паспеў папрацаваць таксама на рэдактарскіх пасадах у часопісах «Бярозка» і «Вясёлка», літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР і адказным сакратаром Камітэта па дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Філалагічная адукацыя ратавала яго на пасяленні, у перапынках паміж лагерамі, калі ён выкладаў у школе рускую мову і літаратуру.
Уласна «лагерны» перыяд жыцця Сяргея Грахоўскага адняў 16 гадоў з 89, адведзеных яму лёсам, і быў самым складаным, вызначальным. Гэты перыяд адбіўся на ўсёй творчасці пісьменніка — пачынаючы ад знакамітай аўтабіяграфічнай трылогіі («Зона маўчання», «З воўчым білетам», «Такія сінія снягі») і заканчваючы вершамі, у якіх да апошняга гучалі матывы жалю і смутку па страчаным часе і загубленых гадах.
Сцюжы
Ад сцюжы сэрца халадзела
І прамярзала навылёт,
Шурпацела, як тарка, цела,
Не раставаў на вейках лёд.
Не сунімалася завея,
Збівала і валіла з ног,
Здавалася — душа сівее,
А праведных карае Бог.
За паслушэнства і бязволле,
За непавагу да сябе,
За абыякавасць да болю,
Да гругана, што лоб дзяўбе.
А сцюжы? Сцюжы лютавалі,
Сляпілі вочы ледзяшы,
І часам рэбры прыставалі
Да пасівелае душы.
Я так настыг у маладосці
І навучыўся так цярпець,
Што толькі спадзяюся косці
У крэматорыі сагрэць.
Шмат чаго давялося перажыць Грахоўскаму ў крыважэрныя часы савецкага тэрору. Ён двойчы быў арыштаваны і асуджаны за «антысавецкую дзейнасць», адбыў 10 гадоў канцлагера і 6 гадоў сібірскага пасялення, быў канчаткова рэабілітаваны па абедзвюх справах толькі ў 1955 годзе, а з 1956 года змог зноў жыць у Мінску.
Студэнт Грахоўскі — за 3 гады да затрымання. Фота: grahouski.org
Паслярэабілітацыйныя гады сталі самымі плённымі ў яго творчасці. Агулам жа за сваё жыццё Сяргей Грахоўскі выдаў каля 60 кніг, сярод якіх былі і зборнікі паэзіі, і проза, успаміны, а таксама кнігі для дзяцей. Вялікую частку паэтычнай спадчыны творцы займае пейзажная і інтымная лірыка, сярод якой можна знайсці ўзоры выказвання вельмі тонкага і глыбокага пачуцця.
Твае далоні пахнуць першым снегам,
А познімі антонаўкамі — снег.
Над цішынёю нечаканым рэхам
Звініць і коціцца дзявочы смех,
Што заблудзіўся ў зорнай ночы
За ціхаю застылаю ракой
І радасць бесклапотную прарочыць,
І першага кахання неспакой.
Пастой... Паслухаем і пазайздросцім,
Пакуль праменьчык радасці не згас
Бяздумнай і вясёлай маладосці,
Якая больш не вернецца да нас.
Здольнасць бачыць і адчуваць прыгожае вельмі патрэбна ў мірныя часы, калі вока замыльваецца ад звыклых даляглядаў, але яшчэ больш патрэбна ў часы жахлівыя, анамальныя, калі зло вядзе рэй. Напэўна, толькі так і можна выжыць — па максімуме захоўваючы ў сабе чалавека. Пра гэта (але, безумоўна, не толькі) Грахоўскі напісаў у сваіх тэкстах пра лагерны досвед.
Яго аповесць «Зона маўчання» — гэта развагі пра сутнасць і межы маралі і амаральнасці, грахоўнасці і духоўнай прыгажосці асобы. Гэта доўгі роздум над лёсам чалавецтва, увасоблены ва ўспамінах пра лёсы асобных людзей: ахвяр і карнікаў, якіх аўтар сустрэў на сваім жыццёвым шляху. Грахоўскі здолеў убачыць тое, што рэдка даступна неспрактыкаванаму, не гатоваму да страшнай праўды воку: мяжа несправядлівасці не дзеліць людзей на «сваіх» і «чужых» — яна праходзіць паміж «сваімі» з аднаго боку і «сваімі» з другога.
«Хто страляў? Нібыта ніхто не ведае. А недзе ж у справах ёсць іх подпісы пад актамі аб прывядзенні прысуду ў выкананне, недзе ж яшчэ жывуць натрэніраваныя ў стральбе па жывых мішэнях «варашылаўскія стралкі»... А сумленне? Не муляе і не мучыць. Чаго не было, таго няма. За многія гады духоўнага спусташэння гэтая маральная катэгорыя назаўжды страчана ў паслухмяных служак і прыслужнікаў крывавага рэжыму, гатовых выканаць любы бязглузды і злачынны загад. Яны, як манкурты, па загадзе родную маці застрэляць».
У сваёй аўтабіяграфічнай прозе пісьменнік спрабуе знайсці адказы на пытанні, якія не давалі спакою многім з тых, хто прайшоў праз пакуты канцлагераў: «Якому д’яблу служаць тыя, што апантана ламалі рэбры старым камуністам, што жанчынам заганялі ў саскі завостраныя алоўкі, што ножкамі крэслаў раструшчвалі пальцы ног і месяцамі гнаілі ў халодных і цёмных карцэрах?»
Турэмны здымак Сяргея Грахоўскага (1936). Фота: grahouski.org
Адказы на гэтыя пытанні крыюцца недзе глыбока ў прасторах падсвядомага, асаблівасці якога дагэтуль яшчэ не вывучаны. А вось асаблівасці свядомасці савецкім уладам былі добра вядомы. Карыстаючыся разгорнутымі ў той час шырокімі даследаваннямі ў псіхалогіі, педагогіцы і іншых дысцыплінах, органы ГПУ спрабавалі ўплываць на шырокія масы і пры дапамозе літаратуры.
Загнаных у канцлагеры пісьменнікаў актыўна агітавалі да працы на карысць Саветаў, да ўхвалення камуністычнага рэжыму, калі ж проста словамі не атрымлівалася, уплывалі фізічна, збіваючы да смерці ці маральна — праз пакуты блізкіх: «Жонку з дзіцём на руках выселілі з ведамаснай кватэры, выключылі з інстытута. Без прытулку і грошай да самых маразоў яны начавалі ў скверы на плошчы Волі, і сябры і знаёмыя пазбягалі, баяліся даць прытулак. Калі пахавала сына, падалася на нейкі торфазавод, і нашы шляхі разышліся назаўсёды».
Але нават у такіх абставінах людзі захоўвалі сумленне і знаходзілі сэнс жыцця. У многім дзякуючы менавіта гэтаму сэнсу тыя рэпрэсаваныя пісьменнікі, чые кнігі мы зараз чытаем, змаглі вытрымаць катаванні і выжыць. Падставы верыць у нешта ў кожнага былі розныя. У кагосьці па той бок дроту заставаліся дзеці ці бацькі, хтосьці быў адданы радзіме, а кагосьці проста падтрымлівалі сябры і аднадумцы. Сярод такіх і выпала быць Сяргею Грахоўскаму.
«Павярнула на вясну... задубянелі ад маразоў рукі, на нагах, асабліва ў цяпле, нылі і торгалі прымарожаныя пальцы. Але трымала нас сяброўская еднасць». Еднасць, якая не мела ні колеру скуры, ні прапіскі, ні нацыянальнасці. Героі аповесцей Грахоўскага — людзі без нацыі: у вольным жыцці іх пазбаўляла гэтай характарыстыкі савецкая сістэма, у лагернай зоне — дзяленне на «блатных» і «контрыкаў», «прыдуркаў», «стукачоў», «дахадзяг» і іншыя групы і касты.
Рэдкія, але ўмела ўпісаныя ўстаўкі пра пакінутую радзіму робяць аповед яшчэ больш глыбокім і шматпластавым, калі некалькі соцень старонак пісьменнік можа апісваць усю подласць, на якую толькі здольны чалавек, а пасля некалькімі сказамі супрацьпаставіць яму эвалюцыйна больш высокага, больш развітага індывіда, які мае свае карані і імі жа абумоўлены:
«Аля ўгаворвала ўстрымацца: там жа ўсё спалена і зруйнавана, ды і ўсе мае няшчасці пачаліся там, можа, і людзі, што паламалі жыццё, пазнаюць. А я не ўяўляў свайго існавання без Беларусі. Там, за калючым дротам, бясконца сніліся родныя краявіды, а цяпер неадольная сіла цягнула туды, дзе росы цяплейшыя, сонца ласкавейшае, паветра напоена водарам, а кожнае слова лечыць і цешыць спакутаваную душу.
Толькі ў Беларусь!»
Пра Беларусь пасля ён напіша нямала вершаў — вялікіх і квяцістых, маленькіх і сціплых, поўных любові і болю. Але найлепш пра тое, кім быў і кім застаўся Сяргей Грахоўскі, гаворыць гэта непрыкметнае чатырохрадкоўе:
***
Не паверу хлусам,
Не згаджуся з Каінам,
Што заснуў я беларусам,
А ўстаў расіянінам.
Пісаў і гаварыў ён і пра гістарычную мінуўшчыну Беларусі, і пра бел-чырвона-белы сцяг, і пра будучыню, якой жадаў ніколі не паўтараць памылак сваёй папярэдніцы. Вершы гэтыя і па сёння гучаць так, як быццам напісаны пра нас, і мы да іх яшчэ будзем вяртацца і асэнсоўваць — можа быць, там, недзе паміж радкоў і ёсць адказ на тое, што нам рабіць далей.
Малітва
Як некалі маліўся ў Глуску
На скрыжаванні трох дарог,
Малюся зноў па-беларуску
I веру — зразумее Бог.
Маё апошняе маленне
За ўсе малітвы карацей:
Малю не ставіць на калені
Маіх унукаў і дзяцей,
Бо настаяўся я ў няволі
За грэшнікаў і за святых,
Таму малю, Айцец, даволі
Караць маіх і не маіх
Нашчадкаў на зямлі пакутаў,
Дзе хіжы д’ябал правіў баль,
Усіх калючкаю апутаў
I душы закаваў у сталь.
Магутны Божа, днём і ноччу
Адзінай літасці прашу,
Не засляпі нашчадкам вочы,
Ратуй нявінную душу
Ад жорсткасці і ад здзічэння
I катам не аддай на здзек,
Бо на каленях з нараджэння
Я прастаяў увесь свой век.
Ратуй нас, Божа, ад напасці,
Дзяцей — ад торбы і турмы,
Ад «волі» і такога «шчасця»,
Якое церпім толькі мы.
Вячэрняя малітва
Да поўначы, укленчыўшы, хрышчуся,
У неба, у зорак і ў Бога малю
Даць волю і долю маёй Беларусі,
Вярнуць нашу мову, душу і зямлю.
Даўно мы знямелі, аглухлі, аслеплі,
Зайшоўся ад болю і голас, і зык,
Нас прыхадні гналі пад кулі і ў петлі
I вырвалі ў нашага Бога язык.
А Бог уваскрос, і жывы, і нязводны,
Распяты не раз без адходнай імшы,
У памяці нашай, у долі народнай,
У кожнай жывой акрыялай душы.
Зацятыя прыхадні енку не чуюць,
Бо ведаюць толькі: «крышы» і «карай»!
Пагардай і лютай знявагай лінчуюць
I мараць пра «Северо-Западный край».
Яго нашы продкі і мы паспыталі,
Але не здаліся пякельнай бядзе:
Прарока нам Бог дараваў на Купалле,
Каб ён запытаўся: «А хто там ідзе?!»
О, Божа магутны, малю і малюся:
Спрадвечныя нашы пакуты згадай,
Хоць ты заступіся за лёс Беларусі
I згінуць не дай.