Былому кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктару Фенчуку прысудзілі 2,5 гады калоніі

Былога кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны», навукоўца-арнітолага Віктара Фенчука затрымалі 1 верасня 2021 года, нагадвае«Зялёны партал».


000.jpg

Яго абвінавацілі па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Падставай для абвінавачвання паслужылі некалькі фота з пратэстных маршаў, у якіх удзельнічаў Фянчук.

Па словах дзяржабвінаваўцы, «такія паводзіны чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста не дапушчальныя».

Суд асудзіў навукоўца на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму, залічыўшы час у СІЗА як дзень за паўтара. Такім чынам Фенчуку застанецца правесці ў зняволенні каля паўтара года.

Што тычыцца пазову Мінсктранса ў памеры 196 тысяч 319 рублёў і 74 капеек, то суд вылучыў яго ў асобную вытворчасць.

Фянчук узначальваў АПБ з 2007 па 2014 год, потым быў яе супрацоўнікам. Увосень 2020 года ён ужо адседзеў 15 дзён за ўдзел у пратэстным маршы ў Мінску.

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» — адна з найбуйнейшых прыродаахоўных арганізацый Беларусі, якая больш за 20 гадоў займалася аховай птушак і захаваннем біяразнастайнасці ў краіне. Арганізацыя страціла афіцыйны юрыдычны статус у сакавіку 2022 года.

Арганізацыю абвінавацілі ў тым, што яна «пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча ў краіне».

У прыватнасці, АПБ абвінавачвалі ў тым, што яна публічна падтрымлівае пратэстную актыўнасць, выкарыстоўваючы выраз «Птушкі з народам».