V фестываль акадэмічнай арганнай музыкі Ars Magna Organi пройдзе з 25 траўня па 28 верасня ў 7 касцёлах Беларусі (Пінск, Лагішын, Ружаны, Мядзведзічы, Іванава, Навагрудак, Іўе), піша katolik.life.
Як паведаміў на сваёй старонцы аўтар і мастацкі кіраўнік фестывалю Аляксандр Бурдзялёў, сёлета фестываль будзе складацца з 68 канцэртаў, якія будуць выкананы на 5 гістарычных арганах Беларусі, адным сучасным аргане і адным электрааргане. Уваход на ўсе канцэрты фестывалю вольны.
Адкрыццё арганнага фестывалю адбудзецца ў Пінскім катэдральным касцёле, дзе запланаваныя 23 канцэрты арганнай і камернай музыкі, якія пройдуць з 25 траўня па 28 верасня на другім па велічыні гістарычным аргане Беларусі 1836/1935 года пабудовы.
Будуць дадзены канцэрты высокай акадэмічнай музыкі і на адзіным у Беларусі барочным аргане, які знаходзіцца ў касцёле Святой Тройцы ў Ружанах. Тут пачнуцца выступы 14 чэрвеня.
Падрабязны расклад, інфармацыю пра ўдзельнікаў канцэрту і арганы глядзіце на старонцы фестывалю.