Фестываль «Нямая ліхаманка» другі раз пакажа прызнаныя шэдэўры і малавядомыя стужкі эпохі нямога кіно ў суправаджэнні жывой музыкі беларускіх і польскіх кампазітараў. Паказы будуць адбывацца з 1 да 17 верасня ў дворыку камяніцы ў цэнтры Варшавы пры Музеі Вольнай Беларусі і Цэнтры думкі Яна Паўла II (Foksal, 11).
У праграму ўвайшлі стужкі з ЗША, Францыі, Нямеччыны і Беларусі. Музыку адмыслова да гэтых фільмаў напісалі беларускія кампазітары Вольга Падгайская і Канстанцін Яськоў, польская кампазітарка Александра Хмелеўска. Фільм адкрыцця, якім станецца камедыя Бастэра Кітана, будзе паказвацца ў суправаджэнні класічнага тапёра. У гэтай ролі выступіць Канстанцін Гарачы — беларускі піяніст-віртуоз, вядомы як сузаснавальнік джазавага гурта Apple Tea.
«Нямыя фільмы не былі сапраўды нямымі — яны гучалі дзякуючы музыцы. Сёння эпоха нямога кіно амаль цалкам выключаная з увагі публікі, і для нас асабліва каштоўна, што на нашым фестывалі мы даем гэтым стужкам новае прачытанне і новае жыццё. Кампазітары Вольга Падгайская і Віталь Эпаў, якія адказваюць за музычную частку, забяспечваюць для фільмаў «Нямой ліхаманкі» прафесійнае і аўтарскае музычнае асэнсаванне. Мы таксама захоўваем аб’яднаўчы характар фестывалю і запрашаем да супрацы польскіх калегаў ды паказваем карціны з розных краінаў», — кажа арганізатарка фестывалю, кінакрытыца Ірэна Кацяловіч.
Уваход на паказы вольны. Усе фільмы будуць суправаджацца субцітрамі на беларускай і польскай мовах.
ПРАГРАМА:
Першая камедыя легендарнага коміка Бастэра Кітана, адной з ключавых постацяў сусветнай кінакамедыі, знятая для студыі Metro-Goldwyn-Mayer. Хаця гэтая супраца сталася пачаткам абмежавання творчай свабоды Кітана, «Кінааператар» многімі ўважаецца найлепшай камедыяй з ягоным удзелам. У рэчышчы «кіно пра кіно» стужка расказвае гісторыю маладога чалавека, які намагаецца ўладкавацца кінааператарам на MGM, каб быць бліжэй да дзяўчыны, у якую закаханы.
Рэжысёры: Бастэр Кітан, Эдўард Сэджўік Тапёр: Канстанцін Гарачы — фартэпіяна
Працягласць: 70 хвілін
Адзін з найвялікшых фільмаў у гісторыі нямога кіно і кінематографу агулам. Дацкі рэжысёр Карл Тэадар Драер паказвае ў ім апошнія дні нацыянальнай гераіні Францыі Жанны д’Арк. Фільм быў забаронены да паказу ў Вялікай Брытаніі праз некампліментарныя вобразы брытанскіх салдатаў. На фестывалі будзе паказаная версія фільму ў арыгінальным мантажы. Яна доўга лічылася страчанаю, пакуль не была знойдзеная ў 1981 годзе ў каморы псіхіятрычнай клінікі ў Осла.
Рэжысёр: Карл Тэадар Драер Кампазітар: Канстанцін Яськоў
Выканаўцы: Канстанцін Яськоў — фартэпіяна, Палiна Горбач — віяланчэль
Працягласць: 80 хвілін
Культавы твор нямецкага экспрэсіянізму ў жанры горару і адзін з самых уплывовых фільмаў у гісторыі сусветнага кіно. Таямнічы гіпнатызёр просіць у мэрыі дазволу паказаць на мясцовым кірмашы незвычайнага персанажа — Самнамбулу. Пазней капрызнага чыноўніка, які не надае належнай увагі і павагі візіцёру, знаходзяць забітым у ягонай спальні. Адна смерць ператвараецца ў серыю таямнічых забойстваў...
Рэжысёр: Робэрт Вінэ Кампазітарка: Вольга Падгайская
Выканаўцы: Вольга Падгайская — арган, Кузьма Папакуль — 1-я скрыпка, Анастасія Пятрова — 2-я скрыпка, Віталь Эпаў — сапрана-саксафон (Five-Storey Ensemble)
Працягласць: 75 хвілін
Гэта адна з цэлай серыі беларускіх стужак 1920–1930-х гадоў, прысвечаных праблеме жаночай эмансіпацыі. У кантэксце «Нямой ліхаманкі» яна сэнсава працягне мінулагодні паказ «Прастытуткі». Фільм распавядае пра судовы працэс над пяццю мужчынамі, якія абвінавачваюцца ў згвалтаванні лабаранткі электразаводу Алены, а таксама пра вяртанне ахвяры да паўнавартаснага працоўнага жыцця.
Рэжысёры: Яфім Дзіган, Барыс Шрэйбер Кампазітарка: Александра Хмелеўска
Выканаўцы: Александра Хмелеўска — фартэпіяна/электроніка, Філіп Спорняк — віяланчэль
Працягласць: 63 хвіліны
Фестываль адбываецца пры фінансавым падтрыманні фонду Trzy Trąby, German Marshall Fund Злучаных Штатаў Амерыкі (GMF), Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага, Старамейскага дома культуры і пры ўдзеле Музея Вольнай Беларусі, Цэнтру думкі Яна Паўла II — культурнай установы сталіцы Варшавы ды Беларускай незалежнай кінаакадэміі.