Беларуская школа ў Варшаве адкрывае набор вучняў на 2026-27 навучальны год

Беларуская школа ў Варшаве вось ужо жо пяты год запрашае на новы навучальны год сваіх былых вучняў і навічкоў. Праз яе парты прайшлі ўжо многія дзясяткі маладых беларусаў і беларусак удалечыні ад родных краёў, якія застаюцца вернымі роднай мове і Бацькаўшчыне.
Запісаць дзяцей у школу можна па спасылцы.

Alieś Lozka
Дырэктар Беларускай школы ў Варшаве Алесь Лозка

«Каторы год наглядаю, як школа становіцца цёплым домам для яе насельнікаў, нягледзячы на тое, што большую частку, пяць дзён на тыдзень, беларускія дзеці навучаюцца ў польскіх адукацыйных установах, — гаворыць дырэктар школы ў Варшаве Алесь Лозка. — А тут, у суботу, яны стасуюцца са сваімі, блізкімі, аднамоўнымі як аднагодкамі, так і настаўнікамі. Разам увіхаюцца над сшыткамі і наноў аддрукаванымі старонкамі падручнікаў, весяляцца на перапынках, развучваюць беларускія песні і танцы, сябруюць, успамінаюць родныя і не так блізкія мясціны».

Bielaruskaja škola ŭ Varšavie

Алесь Лозка нагадвае, на чым грунтуецца канцэпцыя навучання ў школе:

— У нас усё прадумана. Праграма навучання мае сістэму, навучанне аптымізавана.

Па-першае, праводзяцца заняткі па прадметах, якіх няма ў звычайнай польскай школе, родная мова і літаратура, гісторыя і мастацтва Беларусі.

Па-другое, праграмы па прадметах звязаны з афіцыйнымі айчыннымі праграмамі, што надае сістэмнасць у навучанні. Нашы навучэнцы ў гэтым выпадку не адстаюць ад сваіх аднагодкаў на радзіме і пры спрыяльных умовах могуць бясстратна працягваць вучобу ў Беларусі. Тым больш, што класную класіфікацыю мы захавалі ранейшай. Змяняецца ў нас навязлівы ідэалагічны складнік беларускіх дапаможнікаў. Узамен настаўнікі падбіраюць кантэнт з лепшых узораў роднай і сусветнай літаратуры, культуры, які выхоўвае любоў да Бацькаўшчыны, развівае нацыянальную ідэнтычнасць, вернасць прынцыпам дэмакратыі.

Да таго ж, трэба сказаць і пра саміх настаўнікаў. У пераважнай большасці гэта людзі з вопытам працы, маюць пачэсныя заслугі на ніве адукацыі: раней прысвоеныя прафесійныя катэгорыі, пераможцы ў конкурсах, званні і г.д.

Міністэрства адукацыі Польшчы штогод прадстаўляе магчымасць навучацца ў прыдатных кабінетах, прадстаўляючы іх у бясплатную арэнду.

Навучанне праводзіцца па суботах у памяшканні школы № 395 Варшавы (ul. Sierakowskiego 9).

Запісаць дзяцей у школу можна па спасылцы.

Bielaruskaja škola ŭ Varšavie

Беларуская школа ў Варшаве (БШВ) існуе з верасня 2022 года. Афлайн-заняткі былі арганізаваны ў аддзелах школы гарадоў Польшчы і іншых краін (цяпер працуюць самастойна). У анлайн-рэжыме праводзіліся ўрокі з прадстаўнікамі 28 краін свету.