Cуарганізатарка і каардынатарка «Minsk x Minga» Хрысціна Дарапей распавяла budzma.org пра тэматыку і адметнасці сёлетняга фестывалю беларускай культуры ў Мюнхене, які адбудзецца 11-13 кастрычніка.
Хрысціна Дарапей. Фота: Minsk x Minga
— Чым будзе адметны сёлетні фестываль, які праводзіцца пад парасонам аб’яднання беларусаў у Нямеччыне RAZAM?
— Тэматыка першага фестывалю, які адбыўся ў 2022 годзе, была абумоўлена свежымі ранамі і траўмамі з-за падзеяў у Беларусі і пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Тады мы размаўлялі пра беларускія пратэсты і антываенную пазіцыю.
Падчас другога фестывалю, які адбыўся ў 2023-м, мы намагаліся размаўляць не толькі пра падзеі апошніх гадоў, працэсы XXI стагоддзя, а пра гістарычныя паралелі, меташляхі і метаўзровень беларускай культуры.
Сёлета мы (арганізацыйную каманду разам са мною складае Іна Валіцкая вырашылі сканцэнтравацца на тэме палітвязняў. З моманту масавых мірных пратэстаў у Беларусі прайшло чатыры гады, і ў Заходняй Еўропе, на жаль, пачалі забываць пра сітуацыю ў Беларусі. Таму мы намагаемся вярнуць беларускую тэму ў павестку. Памятаем, як падчас нядаўняга абмену вязнямі паміж Захадам і Расіяй беларускіх палітвязняў у спісе не аказалася, і гэта наш вялікі боль.
Такім чынам, відавочным і зразумелым выбарам для адкрыцця фестывалю стала калабарацыя з ініцыятывай Music for Belarus, якая ўжо чатыры гады звяртае ўвагу на беларускіх палітзняволеных і збірае сродкі для іх праз канцэрты з класічнай музыкай, перформансам і візуальным мастацтвам.
Фінансавая падтрымка фестывалю Minsk&Minga урадам. Фота аб’яднання беларусаў у Нямеччыне RAZAM
На адкрыцці фестывалю Арцём Шышкоў і Даша Мароз-Хідашэлі будуць граць, Таня Купра зладзіць перформанс. Максім Тымінко будзе адказваць за візуальнае мастацтва.
Тэма палітвязняў пройдзе чырвонай ніткай праз усю праграму фестывалю, пра яе будуць гаварыць на розных дыялектах мастацтва. А закальцуецца тэма, закрыецца фестываль тэатральным перформансам Connection ад Марыны Якубовіч, які заснаваны на лістах Марыі Калеснікавай і іншых палітвязынак.
— Якія яшчэ цікавосткі чакаюць навадвальнікаў і наведвальніц фестывалю?
— У межах новай рубрыкі Talks адбудзецца воркшоп ад Русі «Women with a voice», падчас якога яна распавядзе пра жаночы голас у палітыцы, грамадстве, культуры і асабістых адносінах. У рэвалюцыі 2020 года і наступнай пратэснай дзейнасці вялікую ролю адыгралі і адыгрываюць якраз жаночыя галасы.
У межах новай рубрыкі пройдзе таксама лекцыя Алеся Чайчыца «Беларускія сляды ў Германіі». Здаецца, што Баварыя знаходзіцца далёка ад нашай краіны, але пры даследаванні гісторыі выяўляецца, што ў апошнія стагоддзі ў нас выбудаваліся даволі шчыльныя сувязі. У Баварыі знаходзілі прытулак нямала беларускіх дзеячаў.
І традыцыйна на нашым фестывалі мы не забываем пра дзіцячую публіку, якая для нас вельмі важная. Пасля пратэстаў 2020 года многія людзі, якія выязджалі з краіны, былі ўпэўнены, што робяць гэта ўсяго на некалькі месяцаў. І вось некаторыя жывуць за межамі Беларусі ўжо пяты год. Таму, зразумела, дзеткам не стае сувязі з беларускай культурай. У дыяспары гэта зрабіць трошкі складаней, чым на Радзіме.
Летась у нас быў Маляваныч з батлейкай, а сёлета мы запрасілі Школу архітэктурнага мыслення для дзяцей. Праз гэтыя заняткі дзецям нагадаюць пра іх беларускія карані.
Музычная частка будзе працягнутая канцэртам Leibonik і Syndrome Samazvanca. Абодва гурты сёння не працуюць у Беларусі, але актыўна займаюцца творчасцю і выступаюць за яе межамі. Для Syndrome Samazvanca гэта будзе дэбют у Мюнхене, чаму мы вельмі радыя, бо адна з нашых задач у тым, каб прывесці ў Баварыю новых беларускіх мастакоў і мастачак, адрыць іх для мясцовай публікі. Прыемна, што пасля нашых фестываляў беларускія творцы ўжо самастойна вяртаюцца на пляцоўкі Баварыі.
Вельмі асаблівая іпрэза будзе прысвечана адной з найважнейшых кніжак апошняга часу ў беларускай літаратуры «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец. Гэта будуць не толькі размова з аўтаркай, чытанні ад акторкі і мадэрацыя ад перакладчыцы кнігі на нямецкую. Імпрэза пройдзе з музычным суправаджэннем Ягора Забелава, які напоўніць літаратурнае падарожжа магіяй гукаў. То-бок замест трывіяльных чытанняў будзе створаны новы прадукт.
Хрысціна Дарапей. Фота: Minsk x Minga
— Якіх наведвальнікаў вы чакаеце на фестывалі?
— Традыцыйна акрамя беларусаў Нямеччыны да нас прыязджаюць беларусы са Швейцарыі, Аўстрыі, Чэхіі і Польшчы. Многія завітваюць з дзецьмі і застаюцца на ўсе тры дні.
Але сярод наведвальнікаў «Minsk x Minga» не толькі беларусы.
Наш фестываль накіраваны не толькі на тое, каб паказаць беларускую культуру, але і на тое, каб яна арганічна ўспісалася ў баварскі культурны ландшафт. Мы радыя, што на нашыя імпрэзы прыходзяць мясцовыя палітыкі, культурныя дзеячы, інтэлектуалы, супрацоўнікі ўніверсітэтаў. То-бок шырокі спектр людзей, якім не абыякавая тэма Беларусі і Усходняй Еўропы.
Людзям небеларускага паходжання мы паказваем, чым сёння жыве і дыхае беларуская культура, чым яна можа зацікаваць шырокую еўрапейскую грамадскаць.
— Якім будзе маштаб трэцяга фестывалю «Minsk x Minga» у параўнанні з першымі двума?
— Справа ў тым, што ўжо першы фестываль быў досыць маштабным і амбітным. Да прыкладу, яго адкрыццё адбылося ў самым сэрцы Мюнхена, колішняй царкве баварскіх каралёў, якая цяпер з’яўляецца адной з няйвялікшых канцэртных пляцовак тут.
Мы намагаемся трымаць планку і паглыбляць якасць фестывалю.
Пры гэтым, натуральна, імкнемся і да таго, каб сёлета прыйшло больш наведвальнікаў, чым год і два гады таму. Да шчасця, праз тое, што «Minsk x Minga» праводзіцца ўжо трэці год, ужо склалася пэўная база наведвальнікаў, якія чакаюць на фестываль. Працягнем зачароўваць іх беларускім космасам.
Афіша фестывалю
Праграма трэцяга фестывалю беларускай культуры ў Мюнхене «Minsk x Minga»
Пятніца, 11 кастрычніка
19:00 Адкрыццё: Music for Belarus
Amerika Haus, Karolinenpl. 3
Субота, 12 кастрычніка
14:00 Дзіцячая праграма: Школа архітэктурнага мыслення для дзяцей — I дзень
Bellevue di Monaco, Müllerstraße 2
14:00 Minsk x Minga Talks: «Беларускія сляды ў Германіі» ад Алеся Чайчыца
Bellevue di Monaco, Müllerstraße 2
18:00 Канцэрт: Leibonik, Syndrome Samazvanca
Südstadt München, Thalkirchner Str. 29
Нядзеля, 13 кастрычніка
11.00 Дзіцячая праграма: Школа архітэктурнага мыслення для дзяцей — ІІ дзень
Bellevue di Monaco, Müllerstraße 2
11:00 Minsk x Minga Talks: Women with a voice ад Русі Шукюравай
Bellevue di Monaco, Müllerstraße 2
15:00 Чытанні і размова: «Па што ідзеш, воўча?»
з музычным суправаджэннем Ягора Забелава
Кнігарня Lehmkuhl, Leopoldstrasse 45
18.00 Тэатральны пэрформанс: Connection ад Марыны Якубовіч
Einstein Culture, Einsteinstrasse 42
19:30 Канцэрт: Ягор Забелаў
Einstein Culture, Einsteinstrasse 42
Больш падрабязная праграма тут.
Антон Навумчык, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Мастацтвазнаўца Лізавета Міхальчук: «Калі расказваеш у Германіі пра стан сучаснага мастацтва ў Беларусі, складаецца ўражанне, што вам не вераць»