Лізавета Міхальчук, мастацтвазнаўца, куратарка зачыненай галерэі «Прасторы КХ», а цяпер — анлайн-галерэі spacekx.com, распавяла ў інтэрв’ю budzma.org, як удалося зрабіць прарыўны мастацкі праект для Берасця і якія мінусы беларускіх творцаў аказваюцца ў Германіі плюсамі.
Лізавета Міхальчук на адкрыцці выставы «Дом дзе я», кастрычнік 2020, галерэя Прасторы КХ (фота: Раман Чмель)
— З 2017 года вы працавалі куратаркай галерэі незалежнай «Прасторы КХ» у Берасці. Што гэта быў за перыяд у вашым жыцці?
— З прафесійнага пункту гледжання гэта быў самы плённы і цікавы перыяд майго жыцця. Я, дарэчы, нарадзілася і вырасла ў Берасці, але затым з’ехала навучацца ў Мінск у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт на мастацтвазнаўства. Працавала пасля і ў Беларусі, і ва Украіне. І вось у 2017 годзе мне пашчасціла вярнуцца ў Берасце, дзе знаёмыя з тэатра «Крылы Халопа» запрасілі мяне курыраваць галерею ў «Прасторы КХ».
Цягам пяці гадоў я была адказнай за галерэйную актыўнасць, арганізавала за гэты час 27 выставаў — 15 самастойна і 12 у якасці сакуратаркі. У мяне быў карт-бланш, я мела амаль неабмежаваную свабоду ў тым, каб абіраць для выставаў тое мастацтва, якое я лічыла вартым паказу. Нячаста ў жыцці здараецца магчымасць атрымаць такую прафесійную свабоду.
Прастора КХ у Берасці (фота: Сяргей Нікрашэвіч)
Калектыў у нас быў невялікі, але вельмі знітаваны. І мне падаецца, тое, што нам удалося зрабіць у Берасці з 2017-га па 2021-шы ў галіне сучаснага мастацтва, было прарывам для рэгіянальнага горада.
Мы прадэманстравалі, што і там магчыма ствараць годныя выставы, рабіць моцныя праекты. Адной з відавочных адзнак гэтага стала тое, што ў Берасце на выставы пачалі прыязджаць людзі з Мінска.
Пры тым, што мы былі вельмі абмежаваныя: мелі зусім невялікае фінансаванне і адну невялічкую залю. І пры тым, што мы працавалі менавіта з крытычным сучасным мастацтвам (не камерцыйным, не забаўляльным, не дэкаратыўным) і ўздымалі важныя тэмы — правоў чалавека, фемінізму, экалогіі і інш.
Выстава «Не/вясёлыя карцінкі», снежань 2020, галерэя Прасторы КХ (фота: Сяргей Нікрашэвіч)
Гэтыя выставы падштурхоўвалі наведвальнікаў да аналізу і рэфлексіі, да працы галавою і сэрцам. Мастацтва, якое яны бачылі, служыла інструментам для разумення асобы і свету.
Пра падтрымку з боку дзяржавы ці ўладаў гаворка ўвогуле не ішла, з пункту гледжання асвятлення дзейнасці галерэі мы заўсёды былі ў ценевым бане. Але ў нас была вельмі моцная матывацыя рабіць сваю справу. Шмат у чым дзякуючы нашай публіцы, якая на працягу дзейнасці галерэі няспынна расла — няглядзячы на тое, што часам мы паказвалі даволі цяжкае для ўспрымання мастацтва.
Выстава «Безаблічныя», верасень 2020, галерэя Прасторы КХ (фота: Сяргей Нікрашэвіч)
Зараз калі я ўзгадваю працу ў берасцейскай галерэі, то шмат думаю пра нашых наведвальнікаў. Мяркую, шмат хто з іх з’ехаў, але ж шмат хто і застаўся. На жаль, тыя людзі, якія сёння цікавяцца сучасным мастацтвам у Берасці, засталіся ў абсалютным вакууме.
На дадзены момант у горадзе няма ніводнай галерэі ці прасторы, якая працуе з сучасным беларускім мастацтвам. Наколькі я ведаю, у Мінску сітуацыя трошкі лепшая — але зусім трошкі. Добра, што ў нашай лічбавай эпосе ў людзей ёсць хаця б інтэрнэт.
Таццяна Кандраценка «Маска», выстава «Безаблічныя», верасень 2020 (фота: Сяргей Нікрашэвіч)
— У 2021 годзе галерэя «Прастора КХ» была зачыненая...
— Так, фізічна галерэі ў Берасці больш не існуе. Гады два пасля ліквідацыі нам было вельмі цяжка ўсвядоміць і прызнацца самім сабе, што нашай прасторы больш няма. Але прайшоў час, прыйшло разуменне незваротнасці і, каб усё ж такі неяк працягнуць дзейнасць галерэі, я вырашыла далей рабіць выставы ў лічбавым фармаце.
Адкрыццё выставы Сяргея Лескеця «Нябачная маці», студзень 2020, галерэя Прасторы КХ (фота: Сяргей Нікрашэвіч)
Сайт spacekx.com — гэта мая спроба перанесці галерэю «Прастора КХ» у анлайн. З аднаго боку, там прадстаўлены архіў найлепшых выставаў афлайн, праведзеных у Берасці. А з іншага боку, мы робім новыя выставы ў digital-фармаце. Выставы, якія ствараюцца менавіта для размяшчэння ў сеціве і якія, па тых ці іншых прычынах, мастакі не могуць паказаць афлайн.
На дадзены момант на сайце можна пабачыць 11 выставаў.
Сустрэча з фатографам Ігарам Саўчанка ў межах выставы «Галоўная драпіна», кастрычнік 2019, галерэя Прасторы КХ (фота: Сяргей Нікрашэвіч)
Мне падаецца, што ў наш турбулентны час варта намагацца захоўваць і развіваць паспяховыя ініцыятывы, якія ўзніклі ў Беларусі да 2020 года (у якасці прыкладу ў галаву адразу прыходзіць лічбавы архіў беларускай фатаграфіі VEHA).
Бо ў нашай краіне так часта здараліся моманты абнулення, закрыцця ўстановаў і знікнення памяці, што праз гады зноў і зноў усё пачынаецца быццам бы з нуля — узнікаюць і «першая» галерэя, і «першы» часопіс, і г. д.
— Вы цяпер у Дзюсельдорфе жывяце? У ім, як і ў Берасці, каля 400 тысяч жыхароў, але ці можна іх параўнаць з пункту гледжання культурнага жыцця?
— Жыву не зусім у Дзюсельдорфе, а ў невялічкім гарадку ў 60 кіламетрах ад яго. Ды і ў Дзюсельдорфе ўжо больш за 600 000 жыхароў, а ў Берасці, на жаль, менш за 350 000. Таму параўноўваць, канешне, цяжка. Дзюсельдорф — буйны еўрапейскі цэнтр сучаснага мастацтва. Нават Мінск у лепшыя часы немагчыма параўнаць з тым, што ёсць у сённяшнім Дзюсельдорфе — па колькасці галерэй, музеяў, імпрэз, арт-кірмашоў і г.д.
Лізавета Міхальчук на лекцыі ў межах выставы «Mater Materia: досвед мацярынства ў беларускім мастатцтве», травень 2018, галерэя Прасторы КХ (фота: Юля Кучко)
Некалькі тыдняў таму, разам з іншай куратаркай з Беларусі Антанінай Сцебур, я брала ўдзел у дыскусіі ў межах выставы беларускіх масткоў in exile «Часам я трымаюся за паветра» ў Берліне.
Мы распавядалі нямецкім слухачам пра беларускае сучаснае мастацтва. Калі расказваеш у Германіі пра яго стан, складаецца ўражанне, што вам не вераць, калі вы кажаце, што сфера сучаснага мастацтва ў Беларусі не проста бедная — а цалкам спустошаная.
Некаторыя думаюць, што «нічога няма» — гэта нейкая ўмоўнасць, што ў горадзе, напрыклад, дзейнічаюць 10 галерэяў, а не 100. Прыходзіцца тлумачыць, што «нічога» — у нашым выпадку азначае сапраўды «нічога», што ў рэгіянальным (абласным) цэнтры, такім як Берасце, напрыклад, няма аніводнай галерэі сучаснага мастацтва.
Працы беларускіх мастачак і мастакоў з праекта #нашамастацтва (www.instagram.com/space.kx) , злева направа: Андрэй Дурэйка «Пунктуацыя», Таня Свірэпа «Прывітанне, я Вам паштоўкі з вёскі прывезла», Аляксандр Бірук «Чалавек і птушкі», Марыя Бане / з праекта «Мая Рака», Глеб Шутаў «New Vertical _ Titian — Perseus and Andromeda (frame 1506)», Таша Кацуба «1»
Мне здаецца, што для еўрапейцаў гэта па-за межамі разумення. Як і тая інфармацыя, што сучаснае мастацтва не выкладаецца ні ў адным з мастацкіх ВНУ Беларусі. Што сучаснае мастацтва ніколі не было інстытуцыянавана ў Беларусі, ніколі не атрымлівала дзяржаўнай падтрымкі. Што ў краіне не існуе музея сучаснага мастацтва. Што за ўсе гады незалежнасці ў краіне не было ніводнай выставы сусветнавядомага сучаснага мастака ці мастачкі.
Нават да 2020 года ўсё абмяжоўвалася нізавымі ініцыятывамі і існавала толькі дзякуючы энтузіястам і альтруістам, якія бязмежна любяць сучаснае мастацтва.
Сітуацыі ў Беларусі і Германіі абсалютна непараўнальныя. Тут дзяржаўных і рэгіянальных праграм падтрымкі сучаснага мастацтва — дзясяткі. Інстытуцыі і формы падтрымкі існуюць самыя розныя.
Водгукі гледачоў на выставу «Забароненыя зоны», сакавік 2020, галерэя Прасторы КХ
— Ці могуць беларускія творцы знайсці сябе ў сферы сучаснага мастацтва ў Германіі?
— Беларускія мастачкі і мастакі неверагодна таленавітыя і прафесійныя. Тыя, хто вырашыў займацца сучасным мастацтвам у Беларусі, — гэта не выпадковыя людзі.
Большасць беларускіх творцаў як прафесіяналы абсалютна канкурэнтныя ў еўрапейскім мастацкім асяроддзі.
Хаця, канешне, шмат каму цяжка інтэгравацца. Еўрапейская мастацкая сістэма мае капіталістычны характар, яна накіравана на атрыманне выніку, на атрыманне выгады. А беларускія мастакі прывыклі выжываць па-іншаму. Але што тычыцца прафесійнага ўзроўню, то мы абсалютна канкурэнтныя. І ў беларускіх мастакоў (як і ўвогуле ў беларусаў) ёсць шмат якасцяў, якія іх вылучаюць.
Надзя Саяпіна, з серыі «Памежнасць», створанай у межах рэзідэнцыі галерэі КХ «Рэкрэацыя на Памежжы», ліпень 2020 (фота: Сяргей Нікрашэвіч)
Гэтыя якасці мы часам лічым нашымі мінусамі, але зараз у Германіі яны мне бачацца як плюсы. Гэта гнуткасць, цярплівасць, настойлівасць, працавітасць, адсутнасць патасу. Думаю, праз пэўны час у краінах, дзе апынуліся беларусы ў эміграцыі, гэтыя якасці абавязкова ацэняць.
Дадам яшчэ, што сёння варта апроч інтэграцыйных працэсаў надаваць увагу працэсам салідарызацыйным. Беларускім творцам варта падтрымліваць адно аднаго, адкрываць свае лакацыі і інстытуцыі, запрашаць да ўдзелу ў выставах творцаў, якія засталіся ў Беларусі, — гэта няпростая схема, але гэта важна шмат для каго. У большасці з тых, хто застаўся ўнутры краіны, сёння няма магчымасці паказваць свае творы.
Парная выстава Жанны Гладко і Аляксея Казанцава на сайце віртуальнай галерэі КХ
Мы павінны зрабіць так, каб разрыў, які з’явіўся ў нашай мастацкай супольнасці, не стаўся непераадольным.
Думаю, што таксама варта рабіць не толькі з беларусамі і дзеля беларусаў, але выходзіць з дыяспаральнага фармату і салідарызавацца з іншымі міграцыйнымі групамі. Мастацтва — вельмі добры сродак падтрымліваць адно аднаго ў гэтыя цяжкія часы.
Антон Навумчык, budzma.org