Фігуры з камянёў, макеты караблёў і драўляны лялечны домік можна ўбачыць на выставе ў Браславе

Выстава «Святло незвычайных захапленняў» адкрыецца ў Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры 18 кастрычніка. На ёй будуць прадстаўлены вырабы з дрэва, паперы і кардона.

Сярод аўтараў работ як браслаўчане – члены клуба народных майстроў «Ля возера», так і жыхары навакольных вёсак.

Наталля Парахневіч, фота: facebook.com

– Гэтая выстава пакажа, што народная творчасць можа быць рознай, – падзялілася з Край.бай сваім меркаваннем кіраўнік клуба народных майстроў «Ля возера» Наталля Парахневіч. – Я перакананая, што майстры маюць права тварыць не толькі ў традыцыйным стылі, але і рабіць нешта для душы, для ўласнага задавальнення. І часта так бывае, што вынікам такой творчасці становяцца рэчы па-сапраўднаму цікавыя, майстэрскія і дзесьці нават тонкія.

Па словах Наталлі Парахневіч, выстава збярэ ўсіх тых, хто цікавіцца падобнай творчасцю. Яна будзе не вялікай і не пафаснай.

– Штогод мы арганізуем тры-чатыры клубныя выставы, – адзначыла яна. – Як правіла, аўтарскую, зборную – з работ мясцовых майстроў «Браслаўская палітра», якая прадстаўляе які-небудзь з напрамкаў рамёстваў і маштабную “Калядныя ўзоры», прымеркаваную да Калядаў і Нараджэння Хрыстова. Ужо зусім хутка мы зоймемся яе падрыхтоўкай.

Кацярына Сушко, Край.бай

Тэгі: