У польскі пракат выйшаў фільм «Kos», які распавядае пра лёс Тадэвуша Касцюшкі, піша MOST. Стваральнікі характарызуюць карціну як гістарычны баявік і адзначаюць, што такога фільма пра Касцюшку яшчэ не было.
Кадр з фільма «Kos»
Сюжэт закручваецца вакол падзей 1794 года. Сам Касцюшка знаходзіцца ў эміграцыі, але неспрыяльнае становішча ў Польшчы: эканамічныя праблемы і расейская акупацыя — спараджаюць новую хвалю рэвалюцыйных настрояў. Будучы лідар паўстання вяртаецца на радзіму, кансалідуючы вакол сябе польскае дваранства і сялян.
Cцэнарыст фільма Міхал Зяліньскі ў размове з выданнем Wyborcza адзначае, што Касцюшка — гэта сумесь прагматызму і рамантызму, рэдкая для Польшчы з’ява.
«Патрыёт, які крытычна ставіцца да ўладкавання Польшчы. Сёння не так шмат гістарычных асоб, якія маглі б аб’яднаць палякаў,» — дадае ён.
Зяліньскі лічыць, што асоба Касцюшкі здольная аб’ядноўваць і іншыя грамадствы, згадваючы і беларускі Полк Каліноўскага.
«Беларускі батальён, які абараняе Украіну, у сваёй прысязе ўспамінае «касінераў Касцюшкі», бо будучы лідар паўстання нарадзіўся і вырас на тэрыторыі Беларусі.»
Фільм ужо ўганаравалі гран-пры на Фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні. Афіцыйная прэм’ера карціны адбылася 26 студзеня, цяпер «Kos» ідзе ў кінатэатрах Польшчы.