У гэтым годзе споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава — беларускага класіка псіхалагічнай ваеннай прозы.
Ушаноўваючы гэтую дату, арганізатары кінафестывалю беларускага кіно «Бульбамуві» ў Варшаве правялі рэтраспектыўны паказ фільма «У тумане» паводле аднайменнага твора пісьменніка. Стужка паўстала ў 2012 годзе і атрымала прыз журы Fipresci на 65-м Канскім кінафестывалі і галоўную ўзнагароду кінафестывалю «Лістапад».
Прадставіць фільм «У тумане» запрасілі яго аўтара — украінскага рэжысёра Сяргея Лазніцу, які нарадзіўся і частку дзяцінства правёў у Баранавічах.
Сяргей Лазніца. Фота: Marcin Oliva Soto
Як выбіралі акцёраў для фільма? Які гук трымае драматургію ўсяго фільма? Чым скончылася спроба ўзнагародзіць фільм прэміяй прэзідэнта? Журналіст Budzma.org занатаваў успаміны аўтара пра здымкі фільма і яго меркаванне пра надзённыя праблемы.
Сяргей Лазніца і Януш Гаўрылюк на кінафестывалі «Бульбамуві» ў Варшаве. Фота: Marcin Oliva Soto
Пра выканаўцу галоўнай ролі Уладзіміра Свірскага
Рэжысёр павінен пытацца ў Госпада двойчы: калі выбірае тэму для фільма і акцёра на галоўную ролю. У мяне наконт узгаднення тэмы з Госпадам поўная згода, а вось акцёраў прыйшлося пашукаць.
Мне параіў такі расійскі акцёр Грыгорый Дабрыгін, ён цяпер з’ехаў з Расіі пасля пачатку вайны, свайго прыяцеля Уладзіміра Свірскага, які родам з горада Барысаў. Ён выглядаў як з абраза спісаны [Хрыстос]. Ён [Дабрыгін] паступіў высакародна, таму што сам хацеў граць у фільме Сушчэню (галоўнага героя фільма і аповесці «У тумане» — «Будзьма»).
Мы сустрэліся з Валодзем, але потым я яго два-тры месяцы «марынаваў». Ён хадзіў капаў ямы (герой у фільме капае яму перад расстрэлам — «Будзьма»), рэпетаваў вельмі доўга. Гэта значыць ён жыў разам з намі, пакуль мы рыхтаваліся да фільма.
Складана паверыць, але ёсць такія непраходныя рэчы. Напрыклад, мы спецыяльна запрасілі на запіс гуку, дубляванне, Валодзю, каб ён сказаў толькі адно слова — лёс. Але сказаў гэта слова не абы-як, а проста. Па выніку было зроблена каля 300 дубляў, і потым Валодзя Галаўніцкі, гукарэжысёр з Мінска, жыве цяпер у Вільні, я з ім працую ўжо дваццаць гадоў, ён склаў з гукаў гэтае слова.
На самай справе складана сказаць нешта простае.
Дырэктар фестывалю MDAG Artur Liebhart і Сяргей Лазніца. Фота: Marcin Oliva Soto
Пра кастынг іншых акцёраў «У тумане»
А іншыя акцёры, напрыклад, Сяргей Колесаў.
Я яго здымаў ва ўсіх сваіх фільмах, акрамя апошняга гульнявога. Там ён не грае, на жаль, вельмі складана запрасіць чалавека, які жыве ў Расіі. Ён надзвычайны акцёр з Екацерынбурга, з Тэатра — Каляда. Ён граў у фільме ролю партызана Войціка — абыякавага, даволі цынічнага чалавека. Гэта чалавек бюракратычнай машыны. Але яму ўсё роўна трэба выканаць заданне, вярнуцца жывым. Ён баязлівы — я думаю, што такія людзі выжываюць, здольныя прыстасавацца да любых абставінаў. Ім напляваць на лёсы іншых. І такіх у такі [сённяшні складаны час] вельмі шмат.
І акцёр Улад Абашын, ён граў другога хлопца — Бурава, які прыйшоў за Сушчэнем, каб расстраляць. Яго голас мы трошкі панізілі. У ім не было такой мужнасці, якая неабходна. А знешнасць мужная, ён вельмі добра сыграў. У яго героя зусім іншая канцэпцыя — ён спрабуе зразумець, наколькі Сушчэня сапраўды здраднік.
Кадр з фільма
Але сам ён трапіў у партызаны па іншай прычыне. Таму што яго пакрыўдзіла акупацыйная адміністрацыя, забрала машыну. Гэтага няма ў сцэнары, у фільме ёсць толькі водгулле гэтага матыву.
Але ў Быкава гэта было добра апісана, як гісторыя яго, як ён любіў машыну і ў яго паліцаі яе забралі. Ён за гэта адпомсціў і пайшоў у партызаны. Гэта складана было перадаць. Я ўзяў толькі апошні драматычны эпізод. Але гэта сусед практычна, ён вырас разам з героем Сушчэнем.
І ён яшчэ сумняваецца. Калі Войціку напляваць, то Бураў сумняваецца.
Пра ахвярны вобраз Сушчэні і фінал фільма
А Сушчэня наогул чалавек з іншага свету. Чаму Сушчэня ўвесь фільм нясе Бурага — спачатку жывога, потым труп?
Гэта доказ для яго, што ён свой. Бо яго незразумела чаму вызвалі з нямецкай варты і мясцовыя перасталі яму давяраць. У яго няма іншых спосабаў даказаць, што ён свой.
Калі Сушчэня нарэшце застаецца адзін з трупамі Бурава і Войціка, у яго няма ніякага шанцу вярнуцца дадому. Ён мог бы гэта зрабіць — і наклікаць на сябе небяспеку ўжо іншых хлопцаў, якія заб’юць яго жонку і дзіця. І не хоча мець на сваім сумленні.
У гэтай карціне сэнс фільму надае адзін гук у самым канцы. Будзе стрэл ці не. І гэта рашэнне. Калі будзе стрэл — адзін сэнс, можна рабіць «У тумане 2», напрыклад. А калі будзе — гэта зусім іншае, гэта прынятае рашэнне.
Але драматургія завісае на самым канцы, на кончыку фільма, і залежыць ад гуку. Я як фармаліст не мог не парадавацца гэтаму.
Кадр з фільма
Пра візуальнае рашэнне фільма
Мы ўвесь час абмяркоўвалі з аператарам Алегам Муту, як мы будзем усё здымаць. Была ідэя рабіць з мінімальным мантажом. Здымаць так, каб знайсці той кут камеры, каб унутраны мантаж раскрываў кожны наступны эпізод павароту сюжэту. І мантавалася толькі там, дзе гэта ўжо неабходна.
У першай сцэне мы рухаемся ад пейзажу да нацюрморта. І камера скача, калі праходзіць гэтая працэсія з арыштаванымі, з ахвярамі, якіх будуць вешаць. Яна скача да іх за спіну і рухаецца разам з імі. І потым я хацеў бачыць твары людзей.
Я сказаў: «Алег, павярні камеру на людзей». На што ён: «Я не магу так зрабіць, таму што тады ты будзеш бачыць волю камеры, а не неабходнасць сюжэту. Ты павінен нешта прыдумаць».
І тады мне давялося прыдумаць жанчыну, якая кідаецца на аднаго з арыштаваных, яе адцягваюць уніз. Унізе дзіця, якое мама падымае. Мы разам з рухам падымаемся на твары і рухаемся далей — атрымліваецца драматычная сітуацыя. Я хацеў бачыць пакаранне вачыма людзей, чуць яго, але не паказваць.
І гэтак жа я скончыў фільм, не паказаў, што здарылася.
Пра спробу памірыць рэжым і апазіцыю
Я не ведаю, ці забаронены фільм «У тумане» ў Беларусі. Мне здаецца, што ён паказваўся па беларускім тэлебачанні не так даўно.
Была дзіўная сітуацыя, калі была прэм’ера фільма ў Берліне. Да мяне падышлі з двух бакоў — беларуская апазіцыя і пасол Беларусі. І тыя, і іншыя казалі, як яны захопленыя карцінай.
Я выкарыстаў гэты момант, кажучы: «Хлопцы, у вас ёсць нешта агульнае. Вы можаце дамовіцца. Гэта ваша культура. І калі ласка, шануйце гэта».
Пра супрацоўніцтва з Беларусьфільмам падчас здымак «У тумане»
Наогул у Беларусі пра гэты фільм шмат розных гісторый ходзіць. Калі мы збіралі грошы на фільм, было б няправільна не прапанаваць Міністэрству культуры Беларусі ўдзельнічаць у праекце.
Нам якраз трошкі не хапала сродкаў. І, па-мойму, тады Ігар Сукманаў (на той момант праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» — «Будзьма») звязаўся з Паўлам Латушкам (на той момант міністр культуры — «Будзьма») і прапанаваў яму ўдзельнічаць у вытворчасці. У выніку мы атрымалі дапамогу — гэта былі не грошы, гэта былі тэхніка, рэквізіт, касцюмы, воз.
Я тады лічыў, што творчасць Быкава як беларускага аўтара не падабаецца ўладам, і, па-мойму, яго кнігі ў той момант не друкавалі. Але тым не менш у іх ёсць шанец, у Лукашэнкі ці хто там прымае рашэнне, да ўдзелу.
І дзякуй богу, міністр культуры падтрымаў ідэю. Латушка распавёў, як гэта было няпроста, што выказваліся галасы супраць. Рашэнне было прынятае — і Беларусь удзельнічала ў гэтай карціне.
Пра скандал з прэзентацыяй фільма ў Канах
Фільм у выніку трапіў у асноўны конкурс Кан. І арганізатары фестывалю пытаюцца ў мяне пра музыку на чырвоны дыванок, калі ідзе каманда, якая здымала фільм. І я па парадзе свайго гукарэжысёра Валодзі Галаўніцкага прапанаваў песню Касі Камоцкай «Мой паляўнічы» (песня з «Народнага альбома» — «Будзьма»). Я патэлефанаваў Касі з такім запытам, а яна ў гэты дзень давала інтэрв’ю на «Еўрарадыё» і распавяла [журналістам] пра гэта.
У гэты ж дзень мой прадзюсар атрымаў званок ад Юрыя Ігрушы (прадзюсар і на дадзены момант супрацоўнік дзяржстудыі «Беларусьфільм» — «Будзьма»), такі быў таварыш. Прадзюсар мне ператэлефаноўвае і кажа: «Які кашмар, што ты там зрабіў такое, што выклікала абурэнне? Беларуская дэлегацыя не прыедзе. Які кашмар! Я не разумею, якая песня можа выклікаць такое абурэнне». З пункту гледжання Германіі гэта сапраўды выглядала поўным вар’яцтвам.
Я кажу прадзюсару: «Хай Ігруша тэлефануе мне. Ты гэта не вырашаеш, гэта не твая справа».
Тэлефануе мне Ігруша і кажа:
— Сяргей, ну як справы?
— Юра, давай бліжэй да справы. Давай сур’ёзна пагаворым — што ты хочаш, у чым праблема?
— Ну ты разумееш, ёсць вельмі шмат беларускіх народных песень. Чаму б табе не ўзяць адну з іх?
— Юра, Кася — гэта забароненая выканаўца, або сама песня забароненая да выканання? У чым там справа?
— Не, не, з гэтым усё добра, усё ў парадку.
— Юра, ты разумееш, у чым справа. У мяне ў вытворчасці пяць краін: Германія, Нідэрланды, Латвія, Беларусь, Расія. Я магу ўзяць песню з любой краіны ці нават Queen — We are the Champions. А я бяру песню беларускую, бо гэта беларускі фільм. Таму што гэтая песня для прадстаўлення гэтага фільма. Ты разумееш? Ты павінен усё гэта паўтарыць тым людзям, якія табе сказалі, што гэтага рабіць нельга. Рабі гэта!
— Я зразумеў.
Праз тры гадзіны тэлефануе Алег Сільвановіч (на той момант гендырэктар «Беларусьфільма» — «Будзьма») і радасна паведамляе: «Я іду да міністра. Песню зацвердзілі!».
Гэта так працуе. Трэба быць цвёрдым, стаяць на сваім. Ва ўсім ёсць логіка, здаровы сэнс. Гэта першая гісторыя, там было яшчэ шмат іншых.
Пра спробу ўзнагародзіць фільм «У тумане» прэміяй прэзідэнта
Быў месяц верасень 2012 года. Я атрымліваю званок:
— Добры дзень. А вы эмігравалі ў Германію ў 2001 годзе, а працавалі на студыі дакументальных фільмаў у Пецярбургу да 2008 года? А як гэта? Так не бывае.
— А хто вы? І чаму вам неабходны адказ на гэтае пытанне? Чаму вы мяне пра гэта пытаеце?
— А гэта Аляксей Бязуглаў з Міністэрства культуры Беларусі.
А я памятаю гэтага таварыша. Ён прыходзіў ад ведамства на прыёмку фільма «11 манетак» дакументалісткі Вольгі Дашук, маёй сяброўкі. Чыноўнікі прыходзілі зладзіць Оле аутадафэ (у сярэднявеччы публічнае пакаянне ерэтыкоў ў Каталіцкай Царквы Іспаніі — «Будзьма»). Прысутнічаў пры гэтым і Віктар Аслюк (дакументаліст і муж Вольгі Дашук — «Будзьма») таксама.
— А навошта вам уся гэтая інфармацыя патрэбная? — удакладняю.
— Вы разумееце, мы вам дамо прыз на кінафестывалі «Лістапад», ваш фільм у конкурсе там.
— Але калі ён у конкурсе, значыць, там ёсць журы. Вы не можаце наўпрост зараз аддаць прыз мне, людзі павінны прыехаць і паглядзець стужкі, выбраць і ўзнагародзіць пераможцу.
— Вы разумееце, у нас ёсць такія прызы, якія журы не можа абмяркоўваць.
На што я яму кажу, разумеючы, пра што ён (гаворка пра прыз прэзідэнта Беларусі — «Будзьма») і адкуль гэты прыз:
— Вы разумееце, у чым справа? Я не магу прыняць што-небудзь ад таго, каму не ведаю, чым адказаць.
Бязуглаў задумаўся глыбока, хвіліны дзве маўчаў і нарэшце адказаў:
— Ёсць такія мастакі, якія шчасця свайго не ведаюць.
На гэтым гутарка была скончаная, на адкрыццё фестывалю я не прыехаў. Я прыехаў толькі на другі паказ фільма ў рамках «Лістапада». І на другі паказ яны [чыноўнікі] удаву Васіля Быкава (Ірыну Міхайлаўну Быкаву — «Будзьма») не запрасілі. Гэта было маё патрабаванне, каб яны знайшлі яе і запрасілі на паказ, на які я прыеду. На закрыцці фестывалю мяне таксама не было, таму што хто яго ведае [што ім прыйдзе у галаву]. Але яны разумна вырашылі аддаць прыз Карэну Шахназараву (дырэктар «Масфільма» — «Будзьма»). І дзякуй богу!
Але фільм тым не менш, ніхто ж не злапомны, фільм атрымаў галоўны прыз кінафестывалю «Лістапад». Гэта другі мой галоўны прыз, які знік дзесьці ў кабінеце Алега Сільвановіча.
І яшчэ — паколькі фільм трапіў у Каны і атрымаў узнагароду на «Лістападзе», было прынята рашэнне зрабіць хай маленькі, але музей Васіля Быкава. Улады яго адкрылі [у вёсцы Бычкі].
Пра скандал з выключэннем з Украінскай кінаакадэміі ў 2022 годзе
Ва Украіне «У тумане» адбылося. А дакладней — лёс Сушчэні (героя фільма і аповесці — «Будзьма»). Я ў гэтым сэнсе паўтарыў лёс свайго героя, [пайшоў супраць меркавання большасці і пацярпеў за гэта].
Расказваць гэтую гісторыю даволі доўга. Трэба ведаць, як гэта адбывалася.
І калі гэта нармальная супольнасць, то пачынаецца размова, дыскусія. А мне не далі нічога сказаць. Гэта ўсё [рашэнне аб выключэнні] было зроблена на працягу пяці гадзін у Фэйсбуку двума людзьмі, кожны з якіх меў прычыну мне адпомсціць.
Адзін капрадзюсар фільма «Данбас» Дзяніс Іваноў, якому я не даў магчымасць эканоміць на сваю карысць грошы на вытворчасці.
Другі — Філіп Ільенка, сябра Кансерватыўна-нацыяналістычнай партыі «Свабода» і кіраўнік Дзяржкіно Украіны. Апошні па прычыне нежадання даваць ад дзяржавы грошы на здымкі фільма «Бабін Яр», такім чынам зрабіў немагчымым атрыманне гэтых сродкаў. Ён адкрыта казаў, што ён не падтрымлівае гэтую карціну, яму не блізкая гэтая тэма. У выніку грошы не далі, і магчымасць зняць фільм знікла. А потым пачалася вайна.
А калі казаць коратка — поспех не даруюць.
Чаму Лукашэнка 30 гадоў знаходзіцца ва ўладзе, калі пра яго ўсё было вядома з сярэдзіны 1990-х?
Напэўна, не было зроблена такога фільма, які адказваў на вашае пытанне. Я бачыў фільм [«Звычайны прэзідэнт» Юрыя Хашчавацкага пра Аляксандра Лукашэнку], калі ён быў зроблены, і паглядзеў на яго сёння. І маё стаўленне за гэты час ніколькі не памянялася.
Гэта не стаўленне да Лукашэнкі, гэта стаўленне да фільма. Аўтар загадзя ўжо ўсё ведае < ... > і яго [меркаванне Хашчавацкага] не змяняецца на працягу фільма. У нейкай ступені ён займае пазіцыю аб’ектыўнага знаўцы, якую нам выкладае на працягу 55 хвілін.
Гэта фільм прысвечаны Міхаілу Рому, аўтару фільма «Звычайны фашызм». І назва фільма Хашчавацкага з ім пераклікаецца. І гэты фільм таксама зроблены іранічна.
Але сітуацыя вельмі сур’ёзная, а падыход да яе, наадварот, не вельмі сур’ёзны. У прынцыпе, там усе ідыёты. І той, пра каго кіно, і тыя, хто яго выбірае. Усе вакол. І ў выніку мы губляем сутнасць. Пытанне застаецца ранейшым — а чаму гэта адбылося? Наколькі паспяховы гэты фільм, залежыць ад таго, якія задачы перад сабой ставіў рэжысёр.
А так можна захапляцца мужнасцю Юры і яго калег, калі было вядома, чым гэта [рэжым Лукашэнкі] скончыцца. І мужнасцю журналістаў, якія працягваюць працаваць у Беларусі.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org