«Хто я сёння? Чалавек, які пакінуў свой дом, але абавязкова вернецца? Альбо эмігрантка, якая хай і не вырашала свой лёс, але што адбылося, тое адбылося? Дзе жыць далей і кім быць? Пра што марыць, калі песімістычны погляд на жыццё пераважае?». Разважае пісьменніца Ганна Златкоўская.

Ганна Златкоўская. Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай
Пяць гадоў прайшло, як з’ехала, а ўсё роўна я не магу дакладна на ніводнае з гэткіх пытанняў адказаць. Я не веру ў магчымасць вярнуцца, але часта ў думках гуляю па Менску, назіраючы за людзьмі. Я не магу сказаць: «Бывай, Беларусь, назаўсёды». Проста не магу, без тлумачэння. Я адчуваю толькі, што паціху губляю сувязь, губляю разуменне жыцця там. У мяне яно трохі аднабаковае, бо я жыву ў рэальнасці «і цяпер я мамкін экстрэміст», мой свет складаецца з навін пра затрыманні, вызваленні, дапамогу былым палітвязням і пра тое, з кім зноў пасварыліся беларусы замежжа. Мой досвед пяці гадоў жыцця ў іншай краіне складаецца з простых правіл:
Стабільнасці больш не існуе
Твой дом там, дзе ты
Кожны дзень як апошні
Мары пра будучыню, пенсію і закруткі на дачы ператварыліся ў простыя маніфесты: «Жывы, дах над галавою ёсць — і добра».
Нягледзячы на маленькія радасці і вандроўкі па свеце, так ці інакш жадаеш недзе зачапіцца. Каб было нешта накшталт дому — месца, дзе табе рады, дзе цябе чакаюць. Побач сям’я, родныя людзі і сябры, хай мала, але ж свае. Месца, дзе ты карысны, паважаны чалавек. На жаль, такога дома пакуль няма, мы ўсё яшчэ быццам таполевы пух — плывем па паветры, чапляючыся тонкімі варсінкамі па розных краінах па ўсім зямным шары.
А мне б хацелася, калі шчыра. Ведаць, што людзі думаюць пра сучаснасць. Як жыць, калі побач затрымліваюць людзей? Як жыць, калі не маеш права голасу? Калі ведаеш увогуле, што «ў шпіца больш правоў, чым у цябе»? Пра што мараць беларусы там і ці вераць, што аднойчы Беларусь будзе вольнай? Альбо гэта не важна больш, і нармальна жывецца і так?Але краіна існуе, і там жывуць людзі. Розныя, з рознымі поглядамі. Яны дома і адчуваюць сябе гаспадарамі насуперак палітычным гульням, таму што так было заўсёды — гэта такі асаблівы скіл, які лагічна не патлумачыш. Хай дыктатура, хай рэжым, але не ўсё грамадства хворае, хаця мы і не можам ведаць іх думкі — небяспечна.
У мяне насамрэч пытанняў вельмі і вельмі шмат. Я так многа пісала пра маю Беларусь, але трэба прызнацца: яна цяпер для мяне чужая і незнаёмая. І гэта сумна.
Я не ведаю, як паводзяць сябе цяпер настаўнікі ў школах, наколькі прыветныя жанчыны на пошце... У паліклінічных калідорах, як і раней, вялікія чэргі, а лекары стомленыя і трошкі раздражнёныя, альбо нешта змянілася? Аб чым гавораць моладзь ды дзеткі, ці памятаюць яны пра той самы 2020 год? Мы жывем у межах моцнага пратэсту, дагэтуль чуем ягонае рэха. Так, не адбылося і параскідала нас па Зямлі, але ні я, ні мае сябры не паставілі кропку. Мы яшчэ марым. А беларусы там?

Малюнак Андруся Такінданга
Ведаеце, я гляджу канал аднаго чалавека з Мінска, які здымае мінакоў і трошкі з імі размаўляе пра рознае. Простыя пытанні — простыя адказы. Мне падабаецца глядзець на людзей, згадваць знаёмыя вуліцы... Кожны чалавек — гісторыя, хай мы і бачым толькі маленькі фрагменцік. Я з задавальненнем гляджу на незнаёмцаў, для мяне гэта невялічкае акно ў той свет, дзе калісьці жыла і я. Падабаецца, што людзі ўсміхаюцца, як расказваюць пра хатніх гадаванцаў ці любімую працу. Часам сустракаюцца цікавыя героі з асаблівым вайбам, бачна, што перад табой незвычайны, неабыякавы чалавек. Усе (за рэдкім выключэннем) цёпла рэагуюць на блогера, радыя пакамунікаваць ды зняцца. Не падабаюцца мне толькі чырвона-зялёныя сцягі, якія заўсёды трапляюць у кадр, і тое, што жыццё бяжыць там сваім шляхам, а мяне ў ім больш няма.
Трэба прызнаць нарэшце, што наколькі Беларусь мне родная краіна, настолькі яна стала і чужая. Бо важны кожны дзень, кожны крок па сваёй зямлі. Гэтая адарванасць не робіць нас ворагамі, не. Проста прысутнічае смутак, што мы больш не разумеем таго, што там адбываецца. Як бы ні жадалі.
Хтосьці спытае: «І навошта мне гэта разумець? Як гэта зменіць маё жыццё?».
Я сябе таксама пытаю пра гэта. Разважаючы і рэфлексуючы, мяркую, што адлегласць ад роднага краю і наш новы досвед вядуць нас да нечага новага. Тое, пра што яшчэ трэба дазнацца, адчуць, сфармавацца ў іншых асоб, якія выжываюць не тое што ў цяжкіх умовах, а кожны дзень намагаюцца захаваць асабістую ідэнтычнасць. Па-за межамі, па-за краінай, якая там неяк жыве без нас. Балюча гэта ўсведамляць, але зараз так.
Ганна Златкоўская, Budzma. org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma. org