Андрэй Эзерын: Мой літаратурны дэбют «Ген мігранта. Пачатак» — гэта інструмент, кансультацыі ў мастацкай форме

Камунікацыйны кансультант і аўтар сацыяльных праектаў Андрэй Эзерын выдаў сваю першую кнігу «Ген мігранта. Пачатак». «Я не псіхолаг, але людзі, якія займаюцца камунікацыяй, маюць пэўны досвед, разуменне, як дапамагаць чалавеку. Ва ўсіх 25 маіх фрашках ці гісторыях прыхаваныя лайфхакі», — кажа аўтар.

Andrej Ezieryn

Андрэй Эзерын толькі-толькі выдаў сваю дэбютную кнігу «Ген мігранта. Пачатак», наклад прыйшоў на гэтым тыдні. Паводле анонсу, выданне ўяўляе сабой «гібрыд мастацкай прозы і камунікацыйнага кансалтынгу». 

У кнізе чытач знойдзе «25 кароткіх гісторый, 10 000 слоў аб выкліках, з якімі сутыкаецца чалавек, які адважыўся на пераезд у іншую краіну ў немаладым узросце». Кніга мае пазнаку «45+», але, як адзначае аўтар, яе варта чытаць і маладзейшым людзям. Для іх яна стане настаўленнем, якое засцеражэ ад многіх памылак і дазволіць падысці да чарговага жыццёвага рубяжу падрыхтаваным да магчымых выпрабаванняў.

У размове з Budzma.org Андрэй Эзерын распавядае, што яго падштурхнула да творчасці, у чым сэнс кнігі і ці будзе выданне па-беларуску. 

— Андрэй, ведаю, што частка вашых продкаў не з Беларусі. Гэта паўплывала на назву пра «ген мігранта»? 

— У пэўнай ступені я пішу і пра гэта. Дарэчы, калі ўжо пра гены казаць, то я нарадзіўся ў Маладзечне, адносна невялікім горадзе, у той час ён яшчэ толькі рос. І я быў адзіным у класе, хто не меў бабулі ў вёсцы. На канікулах усе мае аднакласнікі і аднакласніцы раз’язджаліся па бабулях, а ў мяне адна бабуля была з Віцебска, другая — прыехала з Расіі. Бацька — з Віцебска, з тых віцебчукоў, якія мелі латышскую кроў. Віцебск для іх быў горад родны, бо трэба ж улічваць, што ў пэўны час у Віцебскую губерню ўваходзілі і землі, якія зараз у Латвійскай Рэспубліцы. Вось адтуль Эзерыны, пра гэта таксама трохі пішу ў кнізе. 

«Hien mihranta. Pačatak»

Але ўсё ж чаму «ген мігранта». Мабыць таму, што міграцыя — гэта сур’ёзнае выпрабаванне, якое камусьці падаецца няўздымным. Я ж спадзяюся кожнаму свайму чытачу давесці, што калі ты апынуўся ў міграцыі, то ты маеш гэты ген. Бо твае продкі таксама праходзілі праз гэта ўсё, яны ж не раптам спыніліся, напрыклад, у вёсцы пад Глыбокім ці дзесьці пад Літвой. Яны ж аднекуль прыйшлі, нейкім чынам аказаліся ў пэўным месцы.

Таму міграцыя — гэта такі стан, досвед якога, думаю, у кожнага чалавека ёсць дзесьці ўнутры. Гэта так, стратэгічна.

— А што стала нагодай для вывучэння ці роздуму пра гэты «ген мігранта»? 

— Ёсць, канечне, больш прыземленая нагода, чаму я напісаў кнігу. Таму што, як мне падаецца, у эміграцыі ўсім цяжка. Не хачу сказаць, што толькі людзям сталага ўзросту, майго ўзросту, напрыклад, а мне сёлета спаўняецца 63 гады. Я ж бачу, як цяжка і маладым. У іх свае выпрабаванні, у нас — свае. Мы засталіся, мне падаецца, па-за ўвагай грамадства. То бок грамадскага дыскурсу, накіраванага на гэту аўдыторыю мігрантаў, няма. Што з іх узяць, маўляў. Таму мы з прафесаркай Ірынай Сідорскай і пачалі ўвосень мінулага года рабіць праект «План С» для падтрымкі мігрантаў 45+. 

Andrej Ezieryn

— То бок кніга — гэта частка «Плану С»? 

— «План С» пазначаны нават на ўсіх рэкламных выявах кнігі «Ген мігранта». Але, разам з тым, гэта ўсё ж мой сольны праект. Пісаў я кнігу сам, хаця Ірына, безумоўна, мне дапамагала. Ва ўсялякім разе, стратэгічныя рэчы на пачатку працы над кнігай, безумоўна, я узяў з «Плана С». 

Гэта кніга для мяне — інструмент, каб данесці да людзей, што ёсць такая праблема, ёсць такая аўдыторыя і што з гэтым трэба нешта рабіць.

Што рабіць, я, па шчырасці, пакуль сам не ведаю да канца. Лічу, што трэба сур’ёзна да гэтага падыходзіць. Неабходныя пэўныя даследаванні: колькі нас, гэтых людзей; у якім мы стане; якія патрэбы; якія праблемы і ўсё астатняе. І ўжо на гэтых даследаваннях рабіць рэальную стратэгію. Пакуль усё гэта ў пэўнай ступені эмпірычнае. 

Так, мы бачым, што ў нас праблемы. Ну, як па хворым чалавеку бачна: і вочы такія згаслыя, і настрою няма, і выгляд нейкі такі сабе — але ж чым насамрэч ён хварэе, мы не бачым. Трэба дыягностыка, вось калі ўжо дыягназ будзе, то зможам займацца і лекаваннем. 

Безумоўна, на рэалізацыю такога комплексу дзеянняў у межах праекта «План С» грошай няма, мы робім усё за свае грошы, кнігу таксама выдаў за свае. Шукаем зараз партнёраў, паглядзім, як будзе далей. 

— Ці будзе кніга на беларускай мове? 

— Па-першае, я вельмі сур’ёзна стаўлюся да беларускай мовы і лічу, што літаратура — гэта прафесійная рэч. Сам жа сябе не лічу пакуль прафесійным літаратарам. Калі ўзяць маю кнігу, то гэта ў пэўнай ступені камунікацыйны прадукт, гэта такі сінтэз — камунікацыйны кансалтынг у фармаце мастацкай прозы. 

«Hien mihranta. Pačatak»

— То-бок больш такі, практычны дапаможнік? 

— Так, метафарычнасць прозы я ўзяў, каб данесці вельмі канкрэтныя рэчы, абагульнена гэта можна назваць, «як выстаяць у складанай сітуацыі». Дарэчы, гэта тое ж, што мы робім з Ірынай Сідорскай з «Планам С»: дапамагаем людзям праз свой камунікацыйны досвед, расказваем, як мы можам змагацца з тымі выклікамі, якія ёсць ў эміграцыі. 

Вяртаючыся да мовы, то, мне падаецца, я не настолькі вольна валодаю беларускім мастацкім словам. Але дакладна планую беларускі пераклад, даверу кнігу чалавеку, у кампетэнцыі якога я ўпэўнены. 

Не ведаю, што дакладна гэта будзе, можа быць, аўдыяверсія, можа, друкаваная, тут ужо залежыць усё ад рэсурсаў. Але тое, што я буду рабіць беларускую версію, гэта 100 адсоткаў.

Я не заракаюся, што ніколі не напішу кнігу на беларускай. У мяне ёсць такая задумка, але мне падаецца, што каб пісаць на беларускай мове, то гэта трэба пэўны час, каб падрыхтавацца, і, скажам так, пэўная адукацыя, трэба цалкам увайсці ў кантэкст. Для мяне важна, каб кніга была напісаная на добрай беларускай мове. 

Гэтая кніга ў пэўнай ступені аператыўная, бо калі б я яе пісаў больш па часе, можа быць, яна б страціла значную долю актуальнасці. Гэта рэакцыя на бягучы момант, надзённае. 

І важна сказаць, што гэта кніга не толькі для беларусаў. Калі пісаў, то стасаваўся і з украінцамі, і расіянамі, і ўзбекамі, і многімі іншымі. Напрыклад, шмат размаўляў з цырульнікам у Вільні, маладым хлопцам з Узбекістана, пра нашыя мігранцкія справы. Як фізічна дойдзе да мяне кніга, то падару яму экзэмпляр. 

У планах, акрамя беларускай, перакласці кнігу і на эстонскую мову. Эстонія — першая краіна майго мігранцкага жыцця, дасюль маю шчыльныя стасункі з беларускай дыяспарай у Эстоніі. 

Andrej Ezieryn

— А на радзіме продкаў, пра што мы гаварылі на пачатку, у Латвіі, пабывалі? 

— Ведаеце, не, не быў. Гадоў 15 таму мяне знайшоў мой сваяк па бацьку, ён даслаў мне фатаграфіі сям’і. Але ён, на жаль, ужо сышоў, не паспеў я даехаць туды. Мы з сынам збіраемся ўсё ж з’ездзіць, сын замовіў латышскаму даследчыку аналіз радаводу. Той падняў усе царкоўныя кнігі, даследаваў архівы. Прасачыў лёс роду па гэтых запісах ад пачатку XVIII стагоддзя да рэвалюцыі 1917 года. Гэта былі сяляне, якія ўвесь час жылі на гэтай зямлі. 

Я прысвяціў кнігу сваёй сям’і, гэта мая жонка, сын, мая нявестка, мае ўнукі, бацькі жонкі, гэта, так бы мовіць, маё бліжняе кола. А вось тут яшчэ ёсць вялікая сям’я, якую я бачу на партале MyHeritage, бачу кузэнаў, далёкіх сваякоў і г.д. Яна сапраўды вялікая — у майго дзеда было 10 братоў і сясцёр, якія раз’ехаліся па свеце, частка ў ЗША і Канаду, частка была ў СССР. Разрываліся сем’і, як і сёння. Адна з сясцёр, умоўна, працавала ў гаркаме партыі, а іншыя былі пратэстантамі ў Латвіі. І яны ніяк не маглі камунікаваць. Вось гэты сваяк, пра якога я казаў вышэй, стрыечны брат майго бацькі, ён быў арганістам, не атрымаў вышэйшай адукацыі, бо быў пратэстантам і адмовіўся ўступаць у камсамол. Спецыяліст па арганах, які пражыў усё жыццё ў латвійскіх Алвішах, гэта рэгіён Відзэмэ на поўнач ад Даўгавы-Дзвіны. Хачу ўсё ж даехаць туды і пазнаёміцца з маладымі сваякамі, якія там і зараз жывуць. 

— Ваша кніга — гэта зборнік эсэ ці дыдактычных парад? 

— Там 25 гісторый, такі мікст, не магу сказаць, што цалкам усё ў адным стылі. Ёсць нешта такое, матывуючае, ёсць шмат падказак, лайфхакаў, маіх ацэнак.

«Hien mihranta. Pačatak»

Напрыклад, адзін раздзел называецца «Зайздрасць» — гэта ўвогуле вялікая праблема, а тут, у эміграцыі, яна становіцца відавочнай. Я напісаў, як стаўлюся да гэтага і як стаўлю дыягназ, ці можна з гэтым нешта зрабіць і ці варта рабіць. Шмат у мяне там назіранняў, як людзі змагаюцца, у сцяну б’юцца галавой, а трэба проста абысці гэту сцяну. Ці пра стаўленне да алкаголю, напрыклад, бо сапраўды выпрабаванні эміграцыі вельмі цяжка пераносяцца. Пра тое, як людзі будуюць сабе страхі. 

Не магу сказаць, што я псіхолаг, але людзі, якія займаюцца камунікацыяй, так ці інакш маюць нейкі досвед, нейкае разуменне, як уплываць, як дапамагаць чалавеку. Таму ва ўсіх гэтых 25 фрашках і гісторыях прыхаваныя лайфхакі.

— Больш за паўсотні фота — амаль фотаальбом. 

— За візуальную частку ўзяўся мой даўні сябар і калега, выбітны фотамастак, дызайнер і выдавец Віталь Раковіч. І зрабіў выдатную працу. Гэта ён прыдумаў абгортку са скотчам, думаю, гэта вельмі знакавы прадмет для кожнага мігранта, сімвал пераездаў. 

Здымкі мае, з перамяшчэнняў апошніх чатырох гадоў, гэта і Талін, і Вільня, і Рыга, Польшча, Нямеччына, Італія. На фота няма людзей, гэта заўсёды горад у пэўным стане, у пэўнай атмасферы. Віталь палічыў, што гэта добры візуал дзеля настрою кнігі. 

Мне не хацелася змрочнай атмасферы кнігі, наадварот, хацелася распавесці пра даволі жорсткія і складаныя рэчы, але не пра безвыходнасць, а з надзеяй, каб людзі не стаялі на месцы, каб ішлі наперад і ішлі напоўненымі пазітывам. Лічу для сябе, што гэта мой унёсак у эмпатыю. Сёння, на мой погляд, недахоп эмпатыі — вельмі сур’ёзная праблема. Можа быць, я недастаткова пра гэта напісаў, то значыць, буду пісаць яшчэ.

Andrej Ezieryn

— Чакаць прэзентацый? 

— Пагляджу на першыя водгукі, ёсць ідэі наконт публічнай прэзентацыі. Думаю, у лютым зраблю першую сустрэчу з чытачамі, таксама ёсць ідэя кааперацыі з такімі ж, як і я, дэбютантамі ў літаратуры, якія таксама пішуць пра досвед міграцыі. Можа быць, зробім такую сустрэчу на дваіх-траіх аўтараў. 

Я пішу не пра палітыку, а пра жыццё і пра чалавека. Гэта расповед пра людзей, якія трапілі ў эміграцыю па самых розных прычынах. Але праблемы ва ўсіх аднолькавыя. І самая галоўная — калі зямля сыходзіць з-пад ног і калі няма на што абаперціся.

Я ж таксама займаюся даследаваннем мігрантаў у межах розных праектаў. Гэта таксама дапамагло з кнігай, бо было шмат інтэрв’ю з самымі рознымі людзьмі, рознага узросту, статусу, якія мне расказвалі пра свой досвед, пра тое, што ім баліць. Увогуле, цікаўлюся тэмай глабальнай міграцыі. 

Магу сказаць, што гэтую міграцыйную тэму глабальна чакае вялікі працяг. Сёння мы з вамі бачым толькі пачатак. Усё гэта будзе развівацца, будуць і іншыя выклікі, на якія давядзецца шукаць адказы. 

Сам я тут, акрамя вышэйсказанага, яшчэ займаюся выкладчыцкай дзейнасцю. І тут хацеў бы прыгадаць кампанію «Будзьма беларусамі», для якой я чалавек не выпадковы, маё імя звязана з шэрагам знакавых праектаў «Будзьмы». Мае ўлюбёныя з іх тыя, што звязаныя са стварэннем новай рэчаіснасці, той жа «У пошуках Цмока» і іншыя. Дык вось гэтыя праекты зараз пакладзеныя ў мой новы курс па міфадызайну ў адной з замежных ВНУ. Так што вось і такі досвед у эміграцыі.

Набыць кнігу Андрэя Эзерына «Ген мігранта. Пачатак» можна па спасылцы.

Рыгор Сапежынскі, Budzma.org