— Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Экстрэміст? То ўзаемна!

Беларусь — краіна буслоў, зуброў і валошак, працавітых разумных талерантных людзей, тысяч рэк і азёраў? Ну што вы, шаноўныя! Беларусь — краіна... экстрэмістаў. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» удзельнік адразу некалькіх «экстрэмісцкіх фармаваньняў», у тым ліку ўласнага адзінаасобнага, Валера Руселік тлумачыць сутнасьць беларускага нацыянальнага экстрэмізму і шукае адказу на няпросты выбар, які ставяць перад усімі намі цяперашнія ўлады краіны.

3.jpgВалера Руселік каля помніка Кастусю Каліноўскаму і ягоным паплечнікам-паўстанцам, Вільня. Фота з асабістага архіву аўтара

Экстрэмізм у беларускіх умовах

Давайце ад самага пачатку. Уласна ад таго, чым насамрэч ёсьць экстрэмізм. Тэрмін паходзіць ад лацінскага extremus — скрайні. І, калі сьцісла, экстрэмізм — гэта прыхільнасьць да скрайніх поглядаў і дзеяньняў. Кропка. Усё астатняе — інтэрпрэтацыі з рознай ступеньню суб’ектыўнасьці і, найчасьцей, палітычнае заангажаванасьці.

Да прыкладу, у нашай краіне экстрэмізм — панятак надзвычай шырокі, складаецца зь 547 словаў і ахоплівае ажно 57 відаў дзейнасьці (тут я мог зьбіцца зь ліку, вы можаце падлічыць самастойна). Карацей кажучы, калі табе не падабаецца цяперашняя ўлада — гэтага ўжо хопіць, каб зрабіць зь цябе злачынцу.

І пагатоў, скажу я вам, дастаткова... папросту любіць Беларусь, каб цябе залічылі ў экстрэмісты.

І гаворка ня толькі пра знакаміты пароль паўстанцаў Каліноўскага, якіх цяперашнія ўлады ўсяляк намагаюцца ачарніць і выкрасьліць з нацыянальнага пантэону. Калі зірнуць на амаль бясконцы сьпіс гэтак званых экстрэмістаў, створаны беларускімі ўладамі, то цяжка адчапіцца ад уражаньня, што ты гартаеш не пералік нейкіх страшных дзяржаўных злачынцаў, а найперш — перапіс тых, хто папросту любіць нашую краіну і хоча лепшага жыцьця для сябе і іншых.

Дарэчы, сьцягваць афіцыйныя «экстрэмісцкія» базы я б усё-ткі ня раіў: хто ведае, ці не атрымаеце вы разам з файлам яшчэ і які-небудзь вірус на свой кампутар. Таму лепш спраўдзіць чалавека альбо канал празь бясьпечны рэсурс ekstremisty.xyz, створаны актывістамі як раз-ткі зь меркаваньняў бясьпекі.

«Сьпіс экстрэмістаў» увесь час папаўняецца: то кніжку нейкую ў яго дададуць, то суполку ў Тэлеграме на 10 чалавек, то нават нейкую міжнародную арганізацыю, якая і да Беларусі-та аніякага дачыненьня ня мае.

Ну альбо вось, да прыкладу, 26 студзеня суд Партызанскага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкімі адразу 27 акаўнтаў у сацсетцы Threads, сярод іх і канал «Будзьма беларусамі».

1.jpg «Будзьма беларусамі» і аўтар гэтых радкоў — у «экстрэмісцкай» базе рэжыму. Скрын з сайту ekstremisty.xyz

Дарэчы, чамусьці мне думаецца, што гэткі ўдар менавіта па Threads не выпадковы. Апошнім часам гэтую глябальную сацсетку, створаную амэрыканскай кампаніяй Meta, многія называлі... беларускай: маўляў, нашыя суайчыньнікі літаральна захапілі яе сваімі яскравымі флэшмобамі. І пагатоў многія беларусы падхапілі моду карыстацца ў Threads роднай мовай. Сюды пацягнуліся і многія публічныя асобы: актывісты, творцы, палітыкі. Гэтак, сапраўдны фурор сярод карыстальнікаў выклікала зьяўленьне ў сацсетцы і Сьвятланы Ціханоўскай.

Сапраўднае кубло экстрэмістаў, ня йнакш!

Вядома ж, антыбеларускі рэжым на зьяўленьне новае нацыянальнае прасторы ня мог папросту заплюшчыць вочы. Увадначасьсе ў Threads зьявілася велізарная колькасьць чырвона-зялёных акаўнтаў, абвешаных афіцыйнай сымболікай і поўных усхваленьняў цяперашняга рэжыму. Нешта падобнае рэжым арганізоўваў і раней. Да прыкладу, у TikTok адначасова зьявіліся створаныя як пад капірку шматлікія акаўнты рэгіянальных чыноўнікаў і прапагандыстаў, а таксама ябацек «на аўтсорсе».

Гэтак цяпер і ў Threads.

Да таго ж, паралельна ў сацсетцы зьявілася яшчэ адна вялікая група акаўнтаў, якія публікуюць пасты і камэнтары, поўныя абразаў у бок усяго беларускага альбо скіраваныя на разьдзіманьне спрэчак з тымі, хто крытычна настаўлены да лукашэнкавага рэжыму. Закінуў гэткую правакацыю — і ўсё, сядзі перапісвай змагароў у камэнтарах!

Ну а потым — даўно адпрацаваная схема: суд, вырак, забарона. Ну і паляваньне на аўтараў камэнтароў і падабаек.

Выдае, дарэчы, правакатараў і яшчэ адна красамоўная дэталь: яны вядуцца зь Беларусі і пры гэтым большасьць зь іх падпісаная на шэраг каналаў, прызнаных у нашай краіне экстрэмісцкімі. Ну які чалавек у сваім розуме — дый нават хоць звычайны ябацька! — будзе гэтак рызыкаваць, праўда? Бадай, толькі той, хто дакладна ведае, што яго за гэткую забароненую падпіску не пакараюць. І пагатоў яшчэ і прэмію выпішуць.

2.jpgАкаўнт «Будзьма беларусамі» ў Threads. Паспрабуйце знайсьці тут экстрэмізм...

Як максымальна зьменшыць рызыкі для аўдыторыі

Тым часам у нас, «экстрэмістаў», якія застаюцца на свабодзе толькі таму, што пасьпелі зьехаць ад рэпрэсіяў за мяжу — надзённае пытаньне зусім іншага парадку: як максымальна зьменшыць рызыкі для сваёй аўдыторыі? Для вас, сябры — тых, хто знаходзіцца ў Беларусі і (з усімі рызыкамі для сябе) працягвае спажываць нацыянальна арыентаваны незалежніцкі кантэнт, зроблены намі. Тых, без каго ўся нашая дзейнасьць, увесь гэты кантэнт ня мае аніякага сэнсу.

Ну бо калі не захаваць Беларусь унутры Беларусі, то на што нам наагул тады спадзявацца?

Варыянтаў ёсьць некалькі.

Самы надзейны, хоць і не на 100 адсоткаў — папросту нічога не рабіць. Няма чалавека, няма дзейнасьці, няма кантэнту — няма і рызыкі. Вось яно, ідэальнае выпаленае поле, пра якое мараць улады.

Вось толькі, як той казаў, варона з куста — пяць на куст. Хто прыйдзе на гэтае выпаленае поле замест незалежніцкага і прабеларускага асяродзьдзя? Ябацькі? Расейцы?

Не, так сабе варыянт. Не пасуе.

А можна стварыць новы акаўнт і пісаць у ім выключна пра што-небудзь нэўтральнае, кветачкі там розныя, кулінарныя рэцэпты і г. д. Ну а раптам не заўважаць?

Наўрад ці. Да прыкладу, пацікаўцеся ў Таварыства аховы птушак, ці ўратавала іх ад забароны любоў да буслоў і жаўранкаў.

Яшчэ можна паспрабаваць гуляцца з рэжымам, хто каго абдурыць. Стварыць новы акаўнт альбо пераназваць стары, каб адрозьніваўся ад таго, каторы трапіў у экстрэмісцкі сьпіс — і працягваць далей сваю дзейнасьць на фармальна не забароненым акаўнце!

Вось толькі як доўга будуць працягвацца гэтыя гулі? Забараніць новае мэдыя ці новую арганізацыю — куды лягчэй, чым пачаць сваю дзейнасьць з нуля, зноўку сабраць сваю аўдыторыю, наладзіць камунікацыю і г. д. Зрабіць новы лягатып, назву і брэнд пазнавальнымі на ўзроўні папярэдняга, дасяганага гадамі самаадданае працы — колькі на гэта спатрэбіцца часу ў сёньняшніх, куды менш спрыяльных умовах?

Як ні круці, усе гэтыя варыянты вядуць да аднаго — да страты сваіх пазыцыяў і да зьнікненьня беларускага нацыянальна арыентаванага незалежніцкага кантэнту.

Зрэшты, ёсьць яшчэ адзін варыянт. Трэба папросту працягваць рабіць сваю справу далей. Пісаць, гаварыць, здымаць, апублікоўваць. Так, гэта небясьпечна для нашае аўдыторыі ў Беларусі — ну што ж, варта папярэджваць людзей пра існыя рызыкі. Ідзе вайна супраць усяго беларускага, а на ўсялякай вайне — як на вайне.

А таксама прапаноўваць больш бясьпечныя спосабы атрыманьня кантэнту. Не засяроджвацца на росьце падпісак, падабаек і камэнтароў. Спакойна ўспрымаць падзеньне праглядаў зь Беларусі (VPN ёсьць VPN, нічога не паробіш).

І працягваць сваю справу. Іншага выйсьця і іншага спосабу перамагчы ў гэтай вайне я ня бачу. 

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org