Беларускі хіт Мары Тамковіч, поўнаметражная версія нашумелага сатырычнага серыяла «Працэсы», анімацыйны трылер Юрыя Сямашкі і іншыя фільмы як добра вядомых рэжысёрак і рэжысёраў, так і менш слынных шырокаму гледачу, — з гэтага склаўся Беларускі конкурс X кінафестывалю «Паўночнае ззянне». З 4 па 21 лістапада ў глядачак і гледачоў будзе магчымасць убачыць 14 фільмаў Беларускага конкурсу і 2 стужкі пазаконкурснай секцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва». Паказы адбудуцца анлайн і афлайн у Таліне і Вільнюсе, а таксама ўпершыню ў Варшаве.
Большасць стужак сёлетняй праграмы — малабюджэтныя карціны, але ўсе яны, — гэта вельмі сумленныя праекты з беларускім кодам, звернутыя да гледача. Яны з’яўляюцца свайго роду запрашэннем задумацца і падыскутаваць пра нашае нядаўняе мінулае, сучаснасць і будучыню.
«Працэсы», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
8, 14, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
5 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
20 лістапада — Талін (дакладны час і месца будуць вядомы пазней)
Рэжысёр Андрэй Кашперскі ператварыў папулярны сатырычны серыял «Працэсы», які ён стварыў сумесна з шоўранерам Міхаілам Зуем, у поўнаметражны фільм. Атрымалася смелая і дасціпная антыўтопія па-беларуску. У цэнтры сюжэту — кафкіянская калекцыя абсурдных анекдотаў пра грамадства, якое паступова трапляе пад уладу татальнага кантролю і прапаганды, дзе людзі ператвараюцца ў бяссэнсныя «шрубкі» сістэмы. Стужка адлюстроўвае пагрозлівыя працэсы: страх, рэпрэсіі, знішчэнне культуры і чалавечай годнасці, стварэнне вінаватых без віны. Гэта сатыра на рэчаіснасць, дзе лозунгі «Вайна — гэта Мір» і «Свабода — гэта Рабства» становяцца часткай паўсядзённага жыцця.
«Кроў і караоке», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
10, 16, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
«Кроў і караоке» — анімацыйная прытча ў абгортцы камедыйнага трылера ад рэжысёра Юрыя Сямашкі, таго самага, які забраў дадому найбольшую колькасць «цаглін», форму якіх мелі ўзнагароды прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24». У гэтай іранічнай крымінальнай анімацыі мы назіраем за баязлівым ахоўнікам супермаркета, які трапляе ў небяспечную сітуацыю. Сямашка спалучае гумар і абсурд, расказваючы гісторыю пра сілу кплівага лёсу.
«Беларусь 23.34», 2023, Бельгія, Украіна, Польшча, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
Закрыты паказ
Фільм-дакумент, які захоўвае памяць аб 2020 годзе ў Беларусі праз пераказ тых падзей непасрэднымі ўдзельнікамі беларускага пратэстнага руху. Рэжысёрка Таццяна Свірэпа бярэ інтэрв’ю ў 25 чалавек і суправаджае іх расказ архіўнымі відэа тых дзён, што дазваляе гледачу пагрузіцца і быццам самому прайсці ўсё кола гвалту: ад затрымання да вызвалення, — якое прыйшлося прайсці шматлікім беларускам і беларусам.
«Краіна Оз», 2024, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
6, 12, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Фільм пра творчасць у псіханеўралагічным інтэрнаце. Пра самабытнае мастацтва і асаблівых людзей. Пра каханне і вечнасць. Пра тое самае ментальнае «плато», дзе ўсе мы адзіныя і непераможныя.
«Чамадан», 2024, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
9, 13, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
Кароткаметражная стужка Дашы Брыян пра цяжар вымушаных рашэнняў, што прымаюць маладыя людзі ў час войнаў і рэпрэсій. Праз побытавыя дэталі фільм паказвае псіхалагічныя наступствы, якія даганяюць бежанцаў на чужыне, калі яны пакідаюць сваю радзіму, не маючы часу на падрыхтоўку і развагі. Фільм раскрывае, што адбываецца ў душы чалавека, які вымушаны развітацца з домам, сутыкнуўшыся з невядомасцю і цяжкім выбарам наконт свайго будучага.
«Кут чужога шчасця», 2024, Германія
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
7, 15, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
Псіхалагічная драма, у якой Соня Харытанюк адлюстроўвае актуальную тэму дамашняга аб’юзу ў беларускіх рэаліях. Па сюжэце: дабрадзейная дзяўчына з артадаксальнай сям’і падвяргаецца сэксуальнаму гвалту.
«Выбар», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
9, 13, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Заснавана на рэальных падзеях: што мы адчуваем, калі ідзём на праўладныя выбары. Выбар... Ці ёсць ён... А калі ёсць, што з ім рабіць? Аб гэтым разважае Валерый Навічкоў у кароткаметражнай карціне, якая займае часу не больш, чым многія выбары ў нашым жыцці: тры хвіліны.
«Раб танца», 2024, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
5, 17, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Сюррэалістычны цік-токерскі скетч у стылістыцы 80-х пра мары i «жорсткія» рэаліі марнатраўцаў жыцця. Філіп усёй сваёй натурай намагаецца супрацьстаяць пустэчы дзён з дапамогай танца, рамантычнага погляду на свет і новай шчырасці. Што гэта: бесклапотная камедыя ці сатыра на будзённасць?
«Пад шэрым небам», 2024, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
9 лістапада, 19:00 — Варшава, к/т Kinoteka
Натхнёны сапраўднымі падзеямі, першы поўнаметражны фільм рэжысёркі Мары Тамковіч распавядае гісторыю журналісткі Лены, якую арыштоўваюць за асвятленне пратэстаў 2020 года. «Пад шэрым небам» — эмацыйная драма пра выбар паміж свабодай і бяспекай у рэаліях палітычнага тэрору ў Беларусі. Міжнародная прэм’ера карціны адбылася на Нью-Йоркскім кінафестывалі Tribeca, акрамя гэтага стужка атрымала ўзнагароду за найлепшы дэбют на найбуйнейшым польскім кінафестывалі ігравых фільмаў у Гдыні.
«Непажаданае сваяцтва», 2024, Германія
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
20 лістапада — Талін (дакладны час і месца будуць вядомы пазней)
Выкарыстоўваючы вуліцы свайго берлінскага раёна ў якасці фону, рэжысёр, які нарадзіўся ў Беларусі, даследуе сістэматычны характар ваенных злачынстваў ва Украіне і даследуе ўласную адказнасць за гэтую вайну.
«За мяжой рэальнасці», 2024, Беларусь, Расія, Польшча, Украіна
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе10, 16, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
«Паралельны» фільм жахаў аб паралельным свеце гарадской ускраіны. Неахайны мужчына гадоў 45 знаходзіць у сваёй паштовай скрыні дзіўны канверт. У ім — аўдыякасета, а на запісе — голас яго сына, які расказвае сваю нялёгкую гісторыю жыцця ў праклятым мікрараёне «Валынка».
«Барбі.ру», 2024, Беларусь
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
10, 16, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Саркастычная алюзія на папулярны блокбастар Грэты Гервіг, якая прапануе незалежны беларускі погляд на «рускі свет» і яго рэаліі. Фільм даследуе, што адбываецца, калі лялька Барбі сутыкаецца з жорсткай рэчаіснасцю: макіяж змываецца, на тварах з’яўляюцца сінякі, а пластык не вытрымлівае ціску сапраўднага жыцця. Ці трэба, каб выжыць у гэтым свеце, ператварыцца ў нешта мацнейшае і абляпіцца шыпамі для абароны?!
«Скрозь святло», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
7, 15, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
Ігравая стужка Вікторыі Ягоравай расказвае гісторыю беларускай эмігранткі Наталлі, якая з’ехала ў Польшчу, ратуючыся ад пераследу за ўдзел у пратэстах, а на новым месцы стала ахвярай сэксуальнага дамагання. «Скрозь святло» — меладрама са шчаслівым канцом, у якой тэма нацыянальнай траўмы суседнічае з актуальным еўрапейскім трэндам барацьбы жанчын за свае правы.
«Шэры край», 2023, Польшча
Фільм удзельнічае ў Беларускім конкурсе
9, 13, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Рытм колаў і знаёмыя радкі пра родны кут ператвараюцца ў медытацыйнае падарожжа, напоўненае сімваламі і вобразамі. Станіслаў Багдзя ў сваёй эксперыментальнай кароткаметражнай карціне задаецца пытаннем: ці можна змяніць напрамак у гэтым падарожжы, ці магчыма вярнуцца назад, у той «шэры край», які існуе толькі ў памяці і душы.
«Транзіт», 2023, Беларусь
Фільм у пазаконкурснай секцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва»
11, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Эксперыментальны праект, у якім мастак і акцыяніст Аляксей Кузьміч расказвае сваю гісторыю. Яна пра затрыманне і збіццё, уцёкі з ізалятара на Акрэсціна, вымушаную эміграцыю, чарговыя ўцёкі — ужо да прарастання на новых месцах у Еўропе. Нарэшце, пра шлях да кропкі, з якой усё пачалося: Няміга, Беларусь, 9 жніўня 2020. Карціна «Транзіт» дапамагае зразумець творчасць акцыяніста і разабрацца, дык што ж хацеў сказаць аўтар?
Беларускія фільмы будзе ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі эстонская кінапрадзюсарка Марэянэ Острат, кінапрадзюсарка і дырэктарка кінафестывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн, беларуская рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка.
Кінафестываль «Паўночнае ззянне» імкнецца быць пляцоўкай і трыбунай для галасоў беларускіх рэжысёрак і рэжысёраў. Але фестывалю патрэбна ваша падтрымка! Зрабіце свой унёсак, каб «Ззянне» і далей было месцам для размоў на важныя тэмы і аб’ядноўвала тых, хто верыць у моц незалежнага кіно.