Дабрыдзень, Беларусь! У сённяшняй рубрыцы «Гітары Мулявіна» мы высветлім: куды падзеўся выдатны беларускі гурт Litvintroll, чаму сторытэлінг на альбоме — гэта стылёва, модна і маладзёва, як жыве беларускае тэхна і чаму на яго можна не плакаць, а таксама разбярэмся, якая «Купалінка» нам бліжэй. Гатовы? Тады пагналі!
Троль памёр. Вітайце новага троля!
Ці памятаеце вы гурт, які наводзіў варушняк, дзецьці ў 2010-х? Мы зараз пра фолк-рок хеўру Litvintroll, з альбомам «Czornaja Panna», які і да сёння нядрэнна стрыміцца на Spotify. Нават мне, чалавеку не самага высокага густу ў цяжкой музыцы, успрымаць гэны твор лёгка. Магчыма, за кошт знаёмых мелодыяў дуды, якія я ўжо не раз чуў, а магчыма, з-за тыповых гітарных рок-патэрнаў. Але, на жаль, усё у гэтым свеце мае канчатак... ці не? А справа ў тым, што там, дзе скончваецца гісторыя Litvintroll, ужо бярэ свой пачатак, сабраны, літаральна, на аскепках старой гвардыі, гурт Trollwald! Пра іх альбом з аднаіменнай назвай «Trollwald» мы сёння і пагаворым. Так, хлопцы вельмі любяць троляў.
У новым альбоме хлопцы перайшлі да больш металёвага гучання, а ў трэку «Троль-байструк» нават было заўважна гітарнае сола, якое нагадала мне штосьці з рэпертуару Black Sabbath у свае залатыя гады. За вакал на альбоме адказны ўсё той жа Aндрэй Апановіч, які добра спраўляецца са сваёй роляй, бо эмацыйна перадаць вар’яцкі настрой некаторых песень — трэба пастарацца. Але, відавочна, месцамі бракуе адметнасці і хітовасці саміх вакальных партый. Пад канец стамляешся.
Калі браць агульна, то гурт надта добра, пры ўжыванні шчырых мастацкіх вобразаў, распавядае нам гісторыі ў фармаце казак і, калі слухаць уважліва, то мозг сам пачынае маляваць выяву: лясы, палі, вёскі, карчмы, сярод гэтага — жыццё простых людзей, і, безумоўна, усе гэта не без удзелу троляў. Слухаць раю, нават, калі вы не прыхільнік жанру.
Нам усім патрэбна крыху тэхна
Пра гэта сведчыць трэк беларуска-польскай артысткі AnaMovа з назвай «Aj, mama mama».
Класічныя беларускія (можна навата сказаць, матчыны) спевы тут арганічна перапляліся з сучаснай электроннай музыкай. У кампазіцыі адчуваецца грунтоўны падыход да працы не толькі з асноўным лід-вакалам, але і з бэкамі (той другі голас, што вы чуеце побач з асноўнай вакальнай партыяй), а таксама эйр-бэкамі (тыя кавалачкі словаў, гукаў, распеваў, шэптаў, што вы ледзь адчуваеце, але яны дадаюць настрою трэку). Нягледзячы на тое, што кампазіцыя прабівае на сумоту, пад яе можна нядрэнна патанчыць. Такі накірунак асабіста я часта характэрызую як «сумны дэнс». Не абышлася Ана і без гісторыі і вобразнасці ў самім трэку, але гэта вы ўжо можаце адчуць самі, проста паставіўшы сабе трэк і націснуўшы на кнопку «play».
Старая «Купалінка» на новы лад
За апошнія некалькі месяцаў, беларускія артысты нібыта запусцілі нейкае ўнутранае спаборніцтва пад слоганам «Купалінка для ўсіх!» і цяпер намагаюцца выпусціць кожны сваю інтэрпрэтацыю. У нашай падборцы за травень месяц, мы ўжо ўзгадвалі пра версію «Купалінкі» ад гурта Naviband, а цяпер сваім поглядам на народны спеў нас вырашыла парадаваць і Šuma. Адразу заўважым сур’ёзную працу, якая была праведзена па гукарэжысёрскай частцы і чароўнаму электроннаму інструменталу, які дадае большай загадкавасці народнаму хіту. Вакальнага адрознення ад арыгінала асабіста я не ўбачыў, пераспеў якасны.
Але гэта яшчэ не ўсё: Šuma абвесцілі конкурс рэміксаў з грашовым прызам, каб стымуляваць цікаўнасць да культуры Беларусі і стварэння музыкі. Спасылку на ўмовы пакінем тут на ўсялякі выпадак.
Любіце беларускую музыку, слухайце беларускую музыку і да сустрэчы на наступным тыдні! Будзьма!
Хатні Томпсан, budzma.org