У мінчукоў з’явіўся ключ для дакладнай адбудовы страчанага помніка архітэктуры, паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
Фота: t.me/spadczyna
На месцы знішчаных у савецкі час яўрэйскіх могілак у Мінску знайшлі амаль дзясятак надмагілляў, а таксама цагляныя фрагменты з дэкаратыўнымі элементамі, якія, на думку аўтараў тэлеграм-канала «Спадчына», з’яўляюцца часткай гістарычных варот.
Фота: t.me/spadczyna
«Зверху, у адвале зямлі ляжыць фрагмент пілястры, якая знаходзілася ў адным з прасценкаў брамы. Яна пазнаецца па прамавугольнай філёнзе і прафіляваным імпасце (карнізіку)...
У самой траншэі — фрагмент пілястры, якая знаходзілася на другім ярусе брамы. Яна пазнаецца па шырыні і філёнзе з фігурнымі кутамі», — напісана ў тэлеграм-канале «Спадчына».
Фота: t.me/spadczyna
Аўтары таксама адзначаюць, што «сёння важна гэтыя элементы захаваць і вывучыць. Па-першае, іх абмеры сумешчаныя з наяўнымі фотаздымкамі дадуць вельмі дакладнае ўяўленне пра страчаны помнік архітэктуры, які не дадуць ніякія праектныя чарцяжы таго часу, бо яны вельмі ўмоўныя.
Па-другое, стан захавання тынкоўкі найвыдатны, праз столькі гадоў многія лінія яшчэ захоўваюць сваю ідэальную геаметрычнасць — майстры рабілі на стагоддзі! Ёсць надзея, што можна адабраць узоры гэтага тынку, каб спецыялісты правялі фізіка-хімічны аналіз і вызначылі першапачатковыя колеры брамы».