У сацыяльных сетках з’явіліся фотаздымкі капліцы роду Ажэшкаў у Закозелі ў Берасцейскай вобласці пасля таго, як былі знятыя будаўнічыя лясы. Архітэктурны помнік некалькі гадоў рэстаўравалі, піша belsat.eu.
Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў у аграгарадку Закозель пасля рэстаўрацыі. Фота: сацыяльныя сеткі
Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Месціцца ў аграгарадку Закозель Драгічынскага раёну Берасцейскай вобласці. Капліца была пабудаваная ў 1849 годзе паводле праекту польскага архітэктара Францыска Яшчальда як сямейная пахавальня роду Ажэшкаў і наступных уласнікаў сядзібы: Бабрынскіх, Талочкаў.
Так выглядала капліца ў Закозелі да рэстаўрацыі. Фота: metravel.by
Ёсць легенда, паводле якой пасля задушэння паўстання 1863–1864 гадоў у высокім шпілі капліцы схаваўся кіраўнік Кобрынскага паўстанцкага атраду Рамуальд Траўгут. Гэтае сховішча яму прапанавала Эліза Ажэшка, якая пазней таксама дапамагла яму перабрацца ў Польшчу.
Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў у Закозелі пасля рэстаўрацыі. Фота: сацыяльныя сеткі
Капліца шмат дзесяцігоддзяў прастаяла закінутай. У 2008 годзе каля яе праводзіліся археалагічныя раскопкі, падчас якіх былі знойдзеныя парэшткі прадстаўнікоў роду Ажэшкаў, фрагменты слуцкага поясу, рэшткі бронзавых трунаў і вопраткі пахаваных.
У 2019 годзе капліцу пачалі рамантаваць, каб не дапусціць далейшага разбурэння.