9 красавіка 2018 г. у Манчэстэры памёр былы вайсковец арміі Андэрса Мустафа Абрамовіч. Гэты ўраджэнец Беларусі, які паспеў адзначыць свой 102-і (!) дзень нараджэння, напэўна быў самым старым удзельнікам бітвы пад Монтэ-Касіна, якія дажылі да нашых дзён. Сайт “Znadniemna.pl” назваў яго “апошнім уланам Рэчы Паспалітай”. Але на розных франтах Другой сусветнай вайны ваявалі трое братоў Абрамовічаў. Двое з іх пачалі вайну ў верасні 1939 г., а скончылі ў маі 1945 г. На шляху да Перамогі ім давялося змяніць мундзір улана Войска польскага на савецкую гімнасцёрку і брытанскі “батледрэс” (гутарковая назва ваеннай формы англійскіх салдат). Мустафа першым пайшоў у войска…
Ён нарадзіўся 20 лютага 1916 г. у Клецку, у татарскай сям’і Ібрагіма і Фуршы. Хоць Абрамовічы паходзілі са шляхецкага роду, на жыццё яны зараблялі гарбарствам – апрацоўкай скур. Сям’я была вялікая: бацька, маці, двое дачок і чацвёра сыноў, з якіх Мустафа – старэйшы. У 1937 г. яму прыйшоў час выпраўляцца на тэрміновую вайсковую службу. Хлопца накіравалі ў 13-ы полк уланаў у Новай Вільні (цяпер у складзе Вільнюса). Адметнасцю палка быў адмыслова сфармаваны ў яго складзе татарскі эскадрон. Сюды ж праз год трапіў малодшы брат Бекір (1917 г. нар.) Служба была цяжкай, і Мустафа з нецярпеннем чакаў, калі яна скончыцца і можна будзе вярнуцца дадому. Нарэшце стала вядомай і дата дэмабілізацыі – 15 верасня 1939 г. Жаўнер падлічваў апошнія дні і рыхтаваўся змяніць вайсковую форму на цывільны касцюм.
1 верасня 1939 г. віленскія ўланы, пашыхтаваныя на пляцы, пачулі гул самалёта. Бамбардзіроўшчык зрабіў кола над чыгуначнай станцыяй і скінуў некалькі бомбаў. Не ведаючы, што рабіць, жаўнеры пачалі страляць па самалёце са сваіх кавалерыйскіх карабінаў. Так для старэйшых Абрамовічаў пачалася вайна. Частку эскадрона, у складзе якой быў Бекір, накіравалі на захад. Мустафа застаўся ў казармах для прыёму папаўнення і навучання рэзервістаў. Ён не ведаў, што татарскі эскадрон, дзе служыў яго брат, 3 верасня ўступіў у бой з нямецкімі танкамі пад Пётркавам. Страціўшы значную частку коней і асабовага складу, аддзел быў вымушаны адступаць. Потым быў яшчэ шэраг сутыкненняў з праціўнікам, пераправа праз Віслу, бамбёжкі. 23 верасня, пасля чарговага зацятага бою, кавалерыйская групоўка перастала існаваць. Не маючы сувязі з камандаваннем, назіраючы развал фронту і гібель дзяржавы, жаўнеры пачалі ратавацца самастойна. Бекір Абрамовіч, пераапрануўшыся ў цывільнае, пешшу прабраўся дадому. У кастрычніку ён быў у Клецку, дзе ўсталявалася савецкая ўлада.
Інакш склаўся лёс Мустафы, які не трапіў на фронт. Калі ў Заходнюю Беларусь уступілі аддзелы Чырвонай арміі, уланы спрабавалі перайсці ў Літву, але неўзабаве аказаліся ў акружэнні чырвонаармейцаў: “Яны былі апранутыя ў шэрыя шынялі, боты з “халявамі”, пераважна са свіной скуры, штаны былі запраўлены ў боты, а доўгія кашулі – гімнасцёркі насілі навыпуск паверх штаноў. Шынялі салдат былі без пагон, яны гаварылі, што пагоны – гэта перажытак капіталізму. Вельмі многія жаўнеры мелі вузкія вочы і смуглы колер твару”. Потым быў лагер ваеннапалонных у Казельску; шахты Крывога Рога, дзе здабывалі жалезную руду; будаўніцтва дарог і аэрадромаў у прыгранічнай паласе ў Заходняй Украіне. Мустафа здолеў перадаць вестку пра сябе ў Клецк і нават пачаў атрымліваць з дому харчовыя пасылкі. А вясною 1940 г. маці прыехала да яго ў Явароўскі лагер і прывезла любімыя мядовыя булачкі. Палітрукі падчас гутарак сцвярджалі, што пры ўмове добрай працы праз год-паўтара можна будзе вярнуцца дахаты. І хоць у гэтыя абяцанкі не надта верылася, яны давалі надзею. Аж раптам – зноў вайна!
Пасля нападу Германіі палонных пешшу і цягнікамі эвакуявалі на ўсход. Хто не мог ісці, тых дабівалі на месцы. Паводле ўспамінаў М. Абрамовіча, на шляху да Старабельскага лагера з 1500 чалавек былі страчаныя 250. Тыя, хто застаўся, не ведалі, што іх чакае заўтра. Усё змянілася пасля таго, як у Маскве было падпісанае савецка-польскае пагадненне і пачалося стварэнне ўзброеных сіл пад камандаваннем генерала Ул. Андэрса. Адзін з савецкіх камандзіраў звярнуўся да палонных з прамовай: “Давайце забудзем усё, што было паміж намі. Цяпер мы саюзнікі і будзем разам ваяваць супраць агульнага ворага. Я не хачу бачыць, як вы ўсміхаецеся, калі чуеце, што Чырвоная армія была вымушаная адступіць і пакінула сваю тэрыторыю”. У верасні 1941 г. Мустафа Абрамовіч уступіў у шэрагі польскіх узброеных сіл, якія неўзабаве былі выведзеныя на Блізкі Усход і перададзеныя пад брытанскае камандаванне. Разам з таварышамі ён апынуўся ў Іране, потым – у Іраку, Палесціне, Егіпце. На гэтым шляху былы ўлан змяніў спецыяльнасць і стаў кіроўцам танка. У складзе 1-га палка ўланаў Крэхавецкіх 2-й Варшаўскай танкавай дывізіі вясной 1944 г. ён быў пераведзены на італьянскі фронт, дзе польскі корпус заняў пазіцыі пад Монтэ-Касіна.
У сваіх успамінах М. Абрамовіч пісаў: “Усе мы ў поўнай баявой гатоўнасці чакалі загад пачаць наступленне. Мы ведалі, што калі авалодаем узвышшам, то навекі праславім польскага салдата. Нічога большага мы не жадалі, акрамя перамогі і помсты за тое гора, якое прынеслі нам немцы падчас вайны. Цэлыя суткі перад наступленнем наша авіяцыя бамбіла нямецкія пазіцыі. Ноччу пачаўся артылерыйскі абстрэл з дальнабойных гармат. Раніцай на штурм пайшла пяхота. Мы ваявалі з лозунгам “За нашу і вашу перамогу”. Мы неслі вялікія страты, але хацелі найхутчэй прымусіць ворага да капітуляцыі. Дасюль помню, з якім гонарам і шчасцем мы глядзелі, як на самым узвышшы ўзняўся бела-чырвоны сцяг, многія не маглі стрымаць слёз”.
У гэты час бацькі і браты Мустафы жылі ў Клецку пад акупацыяй. Хасень Абрамовіч, якому ў 1941 г. споўнілася толькі 16 гадоў, прыгадваў: “Пра тое, што робіцца на фронце, мы не ведалі. Але ўжо першай зімою, як немцы пачалі збіраць цёплую вопратку, стала ясна, што справы ў іх не надта. Хадзілі злосныя! Усе валёнкі, кажухі, шарсцяныя швэдры, усё забіралі ў людзей і зносілі на ваўначоску. А увогуле татары баяліся вайны і стараліся трымацца ўбаку. Наш мула Ібрагім Ждановіч казаў: “Хлопцы, вы маладыя. Не гарачыцеся і нікуды не лезьце”.
Пасля вызвалення Клецка ў ліпені 1944 г. Хасень падаўся ў Баранавічы, дзе на чыгунцы працаваў чацвёрты брат, Аляксандр (Алей). Яго аформілі на працу і ўжо рыхтаваліся выпісаць “браню” ад арміі, але якраз з Клецка прыйшла машына, шафёр якой расказаў, што ўсе суседзі, знаёмыя атрымалі позвы з ваенкамата і рыхтуюцца ісці ў войска. “І я падумаў, – прыгадваў Хасень Ібрагімавіч, – яны ўсе пойдуць, а што я буду рабіць адзін? Усё роўна забяруць, як час падыдзе. Як я адзін пайду? Куды?”. Хлопец сеў у машыну і вярнуўся дадому. 14 ліпеня 1944 г., разам з астатнімі, рушыў на зборны пункт у вёску Заямнае каля Стоўбцаў. Побач з ім быў старэйшы брат Бекір, якому амаль праз пяць гадоў давялося вярнуцца на вайну.
З Заямнага браты трапілі ў 45-ы запасны полк у Булькове каля Брэста. Бекіра залічылі ў каменданцкі звяз, Хасеня пасля некалькімесячнай падрыхтоўкі накіравалі на 1-шы Беларускі фронт у 124-ы мінамётны полк 5-й артылерыйскай дывізіі 4-га корпуса прарыву рэзерву галоўнага камандавання. Корпус прарыву заўсёды перакідвалі на самыя адказныя ўчасткі, дзе рыхтавалася вялікае наступленне. Так 19-гадовы баец аказаўся на Сандамірскім плацдарме. “Разам са мною было шмат хлопцаў, якія ішлі ад самага Сталінграда. Яны мяне вучылі ўсяму, што трэба на вайне. Я ім і сёння за тое ўдзячны, хоць прозвішчаў і не помню. Бо што я знаў? У запасным палку ні разу не стрэліў. Не трымаў ні вінтоўкі, ні аўтамата. Там з мяне рыхтавалі артылерыйскага разведчыка. На фронце паставілі падносчыкам мін. А ўжо пазней, пад Берлінам, я стаў наводчыкам мінамёта”.
На шляху да Берліна былі яшчэ баі ў Польшчы і штурм Шчэціна. Праз 65 гадоў пасля тых падзей ветэран прыгадваў: “У Шчэціне нам моцна дасталася. Мы падышлі пад самы горад, занялі прыгарады. Рухаліся вельмі і вельмі хутка. Выехалі на пазіцыі, адкрылі агонь, тут нашы самалёты ляцяць. Мы ўзрадаваліся, ну, думаем, гэта нам падмога. А яны не далятаючы да немцаў пачынаюць бамбіць нас! Мы кіламетраў дзесяць адтуль уцякалі. Потым аказалася, што батарэя заўчасна заняла нямецкія пазіцыі, якія ў лётчыкаў на картах былі пазначаны як цэлі… А немцы ў горадзе моцна заселі, прыйшлося іх “выкурваць” ужо аўтаматамі, гранатамі…”. Пад Шчэцінам таксама змагаліся аддзелы Войска польскага, куды Хасеню прапанавалі перайсці, але ён адмовіўся, матывуючы гэта вельмі проста: “Надаела мне тая Польшча яшчэ да вайны!”.
Тым часам яго старэйшы брат Мустафа на “Шэрмане” рухаўся ў складзе Польскага корпусу ўздоўж Адрыятычнага ўзбярэжжа Італіі вызваляючы Анкону, Ларэту, Балонью. Немцы займалі добра ўмацаваныя пазіцыі, танкам даводзілася прасоўвацца па небяспечных горных дарогах, дзе вялікую небяспеку ўяўлялі раскіданыя паўсюль міны. У палякаў з немцамі былі асаблівыя рахункі. Немцы баяліся, што тыя будуць помсціць за ўсё, што стала з іх радзімай, і стаялі да апошняга. Нават у палон стараліся здавацца не палякам, а англічанам. Жорсткія баі ў Італіі ішлі да 1 мая 1945 г. Ва ўспамінах М. Абрамовіча амаль няма апісання баявых дзеянняў. Але ёсць цікавыя назіранні са штодзённага салдацкага побыту. Трэба адзначыць, што па многіх параметрах саюзныя войскі ўтрымліваліся лепш, чым савецкая армія. Англічане рэгулярна забяспечвалі свае аддзелы гарачым харчаваннем, байцы атрымлівалі грашовыя выплаты і рэчавы паёк, куды ўваходзілі цыгарэты, піва, мыла, лёзы для брытвы, зубная паста і шчотка. У мемуарах Абрамовіч піша: “Дакладная арганізацыя забеспячэння англійскіх войск не пераставала нас здзіўляць. Як ім удавалася так усё арганізаваць, нават пад абстрэлам нямецкіх кулямётаў і артылерыі, так і засталося для нас загадкай”.
Яго брат Хасень, артылерыст савецкай арміі, не мог пахваліцца такой увагай: “Кухню мы мала калі бачылі. Самі запасалі ў машыну што можна. Немцы ад нас уцякалі, гаспадаркі стаялі кінутыя. То мы заскочым на двор, калбас набяром, парася якое з хлява выцягнем. Бывала, што былі добра пад’етыя. А франтавыя сто грам давалі. Не кожны дзень, але перад боем – абавязкова. Вып’еш, зашуміць у галаве, ужо неяк і весялей здаецца”.
У канцы красавіка 124-ы мінамётны полк набліжаўся да Берліна. За гэты горад яфрэйтар Х. Абрамовіч атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Вось радкі з узнагароднага ліста: “У баях з нямецкімі захопнікамі на подступах да Берліна паказаў узор мужнасці і адвагі. 21.04.45 адбіваючы контратаку праціўніка, трапным агнём свайго мінамёта знішчыў: 2 ручныя кулямёты, 1 гармату і да 20 салдат праціўніка. У вулічных баях за Берлін затрымаў 2 аўтаматчыкаў праціўніка, якія пераапрануліся ў цывільную вопратку. 26.04.45 замяніў наводчыка і дзейнічаў у складзе батарэі, трапным агнём спрыяў паспяховаму прасоўванню пяхоты 153 стралковага палка”. Да прыведзеных тут лічбаў удзельнік баёў ставіўся скептычна (“Хто там лічыў колькі мы немцаў забілі!”), але адзначаў, што сам ледзьве не загінуў, калі перад аўтамабілем на адной з вуліц разарваўся снарад “фаўстпатрона”. Яшчэ прыгадваў, як з берага ракі Шпрэе “лупілі” па Рэйхстагу. А раніцай 2 мая на вуліцы ўбачылі калону немцаў: “Калона доўгая, не відно ёй ні пачатку, ні канца. Ледзьве ногі цягнуць, а за сабою валакуць вінтоўку або аўтамат. Падыходзяць да пляцоўкі, кідаюць зброю і ідуць далей. Ніхто іх не суправаджае. І ўсё ціха, спакойна. Нідзе ніводнага стрэлу. Аж неяк не па сабе стала”. У штурме Берліна, у складзе баявых аддзелаў 1-га Беларускага фронту браў удзел і Бекір Абрамовіч. Цяпер ён мог адпомсціць за гібель свайго эскадрона ў верасні 1939 г.
Пасля Перамогі сям’я так і не ўз’ядналася ў поўным складзе. Бекір дэмабілізаваўся ў кастрычніку 1945 г. і вярнуўся дадому. Мустафа, баючыся зноў трапіць у савецкія лагеры, у чэрвені 1946 г. пераехаў у Англію. Хасень служыў у акупацыйных войсках у Германіі. Аднаго разу яго выклікалі ў асобы аддзел і… паказалі лісты ад брата з Манчэстэра. Той пісаў на радзіму, спрабуючы дазнацца пра лёс блізкіх, пільныя органы перахоплівалі лісты і збіралі інфармацыю пра адрасатаў. Сяржанту Абрамовічу задалі пытанне: “Чаму схаваў, што родны брат жыве за мяжой?”. “А што я ім мог сказаць! Перад тым як немец напаў, яго завезлі ў Крывы Рог як ваеннапалоннага, а што потым з ім было, ніхто не знаў”. На ўсялякі выпадак салдата перавялі ўглыб Расіі, у Калужскую вобласць, дзе давялося служыць да 1950 г. Пазней вярнуўся ў Клецк, працаваў настаўнікам фізкультуры.
У Манчэстэры Мустафа Абрамовіч уладкаваўся на фабрыку, стварыў сям’ю, а ў 1971 г. вырашыў наведаць радзіму. Афармленне неабходных дакументаў і залагоджванне фармальнасцяў заняло дзесяць месяцаў, але нарэшце ўраджэнец Беларусі змог убачыць родныя мясціны. Як замежніку яму было забаронена адхіляцца ад маршрута і пакідаць Клецк, таму шматлікія сваякі мусілі прыязджаць у горад з розных куткоў рэспублікі. Пасля было яшчэ некалькі паездак, у тым ліку ў часы незалежнай Беларусі. У адным з лістоў ён пісаў: “Хаця я і жыву ў Англіі ўжо 60 гадоў, але адчуваю, што належу да Беларусі, мясцін, дзе я нарадзіўся… Можа, спытаеце мяне, чаму я не вяртаюся – старое дрэва не перасаджваюць, засохне”. Тым не менш Мустафа Ібрагімавіч стараўся па магчымасці дапамагаць землякам. Падтрымліваў сувязь са сваякамі. У канцы 1990-х ахвяраваў грошы на будаўніцтва малітоўнага дома клецкіх татар. Ён, дарэчы, знаходзіцца насупраць таго месца, дзе некалі стаяла хата Абрамовічаў, на вуліцы імя К. Заслонава (былым Татарскім завулку).
З Мустафой Абрамовічам мы пачалі ліставацца ў 2007 г. Мне хацелася даведацца, ці былі ў яго аддзеле беларусы, землякі з-пад Клецка. Праз нейкі час прыйшоў адказ: “Вы пытаецеся ў мяне пра беларусаў у арміі Андэрса. Іх было многа. Вельмі многа іх пахавана на могілках у Монтэ-Касіна. Толькі ў маім аддзеле было тры землякі з вёскі Бабаевічы, што пад Клецкам: Нупрэйчык, Васілеўскі і Плакса. Нупрэйчык застаўся жыць у Англіі і памёр гадоў 10 таму. Васілеўскі і Плакса ў 1946 г. вярнуліся ў Беларусь. А неўзабаве іх вывезлі ў Казахстан за тое, што ваявалі супраць немцаў на захадзе”. Наступным разам ён дзякаваў за дасланую кнігу “Беларусы ў бітве пад Монтэ-Касіна”, выдадзеную ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”: “Спрабую патроху чытаць, ёсць некаторыя праблемы з беларускай мовай… Я прыемна здзіўлены, што ў вас ёсць уся інфармацыя пра беларусаў, якія пахаваныя на могілках у Монтэ-Касіна, і нават выдадзеная кніга з імёнамі і месцамі пахавання”. З часам ліставанне спынілася, але яно дало штуршок пошукам, вынікам якіх стаў невялікі раздзел у экспазіцыі Музея гісторыі Клеччыны, прысвечаны землякам – жаўнерам арміі Андэрса.
Так сталася, што паручнік Войска польскага (званне было прысвоенае ў студзені 2016 г.) Мустафа Абрамовіч, старэйшы сын у сям’і, перажыў усіх сваіх братоў (малодшы, Хасень, памёр 13 жніўня 2015 г.). “Апошні ўлан Рэчы Паспалітай” пахаваны ў Манчэстэры, далёка ад роднай зямлі, сынам якой ён сябе адчуваў.
Артыкул падрыхтаваны на падставе кнігі ўспамінаў Мустафы Абрамовіча “Жыццёвая вандроўка”, гутарак з Хасенем Абрамовічам, запісаных у 2010–2011 гг., матэрыялаў асабістага архіва аўтара. Выказваю падзяку супрацоўнікам ДУ “Музей гісторыі Клеччыны” за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.
Андрэй Блінец