На «Дзяды» вялікая колькасць беларусаў наведвае могілкі, дзе спачываюць продкі. Традыцыйна іх узгадваюць і шануюць, прыносячы кветкі, ці запальваючы свечы ў памяць аб тых, каго ўжо няма. З нагоды «Дзядоў» мы расказваем, якія могілкі ў Беларусі найбольш цікавыя ў плане гісторыі і архітэктуры.
Кальварыя ці «Старыя» мінскія могілкі з 2001 года афіцыйна прызнаныя культурна-гістарычным помнікам міжнароднага значэння. Могілкі дзейнічаюць прыкладна з канца XVIII стагоддзя, але ёсць меркаванні, што гэтае месца было абранае яшчэ ў 1745 годзе для каталіцкай Кальварыі (Крыжовага шляху) пры Кармеліцкім манастыры.
На тэрыторыі могілак знаходзіцца мноства старадаўніх надмагілляў, скульптур і помнікаў, выкананых у розных стылях, уключаючы класіцызм і мадэрн. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць сямейныя склепы, якіх налічваецца каля 30.
Старадаўнія помнікі на могілках. Фота: planetabelarus.by
У цэнтры могілак знаходзіцца Каталіцкі Касцёл Узвышэння Святога Крыжа, пабудаваны ў 1839 годзе на месцы больш старога драўлянага храма.
Кальварыйскія могілкі і касцёл. Фота: planetabelarus.by
Могілкі былі каталіцкімі толькі першапачаткова, з цягам часу на іх пачалі знаходзіць апошні спачын і прадстаўнікі іншых канфесій. Тут знайшлі апошні спачын беларускі паэт Янка Лучына, мастак Ян Дамель, палітычны дзеяч Вацлаў Іваноўскі, Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч і яшчэ шмат выбітных беларусаў.
Не абышлі Кальварыйскія могілкі гарадскія пужалкі, быццам бы ноччу па тэрыторыі некропаля блукае здань маладой дзяўчыны, даўно спачыўшай у адным са скляпенняў. У адрозненні ад сучасных могілак, Кальварыя захавала дух старога некропаля з яго ўнікальнай планіроўкай, векавымі дрэвамі, гістарычнымі помнікамі і гісторыямі.
«Гродзенскі некропаль» — самыя старыя гарадскія камунальныя могілкі ў Беларусі. Па гістарычнай і архітэктурнай каштоўнасці іх параўноўваюць адмыслоўцы з Лычакаўскімі ў Львове і могілкамі Росы ў Вільні. Гісторыкі неаднаразова звярталіся з просьбай уключыць некропаль у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Чытайце яшчэ: У Гродне пачалі добраўпарадкоўваць найстарэйшыя могілкі Беларусі
Каталіцкія могілкі былі заснаваныя ў 1792 годзе, пасля таго як Сойм Рэчы Паспалітай забараніў пахаванні каля касцёлаў і ўнутры гарадскіх сцен.


Гродзенскі некропаль
Праваслаўная частка некропаля паўстала ўжо пасля Трэцяга падзела Рэчы Паспалітай, у 1800 годзе, калі ў горадзе з’явілася вялікая частка праваслаўнага прыезджага насельніцтва. Тут знайшла вечны пакой маці паэта Максіма Багдановіча — Марыя.
Магіла Марыі Багдановіч — маці Максіма Багдановіча ў Гродне
Наведвальнікаў і адмыслоўцаў не перастаюць здзіўляць разьбяныя каменныя манументы надмагілляў, многія з каторых створаныя ў майстэрнях XIX стагоддзя ўручную і ўяўляюць сабой творы мемарыяльнага мастацтва і архітэктуры. На каталіцкім могілках спачывае і адзін з выбітных разбяроў Гродна таго часу — Баляслаў Шычкевіч. Згодна гарадской легендзе, майстар сам зрабіў сабе манумент, калі даведаўся аб сваёй хваробе.
Надмагілле разьбяра Шышкевіча. Фота: poshyk.info
На каталіцкай частцы некропаля спачываюць многія вядомыя жыхары Гродна, уключаючы прадстаўнікоў шляхты, дзеячаў культуры, лекараў і вайскоўцаў: архітэктар Джузэпэ Сака, літаратарка Эліза Ажэшка і яе муж Станіслаў Нагорскі, вядомы ў тагачасным Гродна доктар Тэльгейм, заснавальнік гродзенскага заапарка Ян Каханоўскі і шмат іншых вядомых жыхароў горада.
На тэрыторыі могілак амаль кожныя выходныя праходзяць турыстычныя экскурсіі.
Яўрэйскае насельніцтва Пінска мела асобныя могілкі ажно з 1556 года, абшчыне выдзяліў надзел на пачатку XVI стагоддзя пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраслававіч. Аднак у часы Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі могілкі брутальна знішчылі, помнікі (т. зв. мацэвы) выкарыстоўвалі пры будаўніцтве падмуркаў. Цяпер на месцы былых могілак знаходзіцца парк, а адзіную ацалелую мацэву перадалі ў мясцовы музей.
Так званым Старым пінскім могілкам пашчасціла больш, яны захаваліся да сённяшняга дня. У пачатку ХІХ стагоддзя пінчукоў-хрысціян пачалі хаваць на тэрыторыі, што знаходзілася блізу паўночнай мяжы горада. Каталіцкія і праваслаўныя пахаванні падзяляў праезд, які стаў пазней часткай вуліцы Спакойная.

Могілкі на міжваенным плане горада. Фота з Вікіпедыі
Першыя магілы на каталіцкай частцы могілак адносяцца да пачатку XIX стагоддзя. Частка надмагілляў і агароджаў XIX — пачатку XX стагоддзя выкананы на высокім мастацкім узроўні з каштоўных матэрыялаў. Тут пахаваныя выхадцы вядомых родаў Скірмунтаў, Агінскіх, Ордаў, Бутрымовічаў, вялікая колькасць мясцовых грамадска-палітычных дзеячаў і прадстаўнікоў духавенства.

Помнік прадстаўніку рода Бутрымовічаў. Фота: radzima.org
Актыўнае будаўніцтва і дэмаграфічны прырост у пасляваенныя дзесяцігоддзі сталі прычынай складанай сітуацыі, калі могілкі апынуліся ў глыбіні гарадской забудовы. Таму з 1961 па 1977 год могілкі выкарыстоўваліся паўторна: на месцы безназоўных магілаў і салдацкіх пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны рабілі новыя магілы. У 1977 годзе могілкі зачынілі для пахаванняў, а ў 1993 надалі статус гістарычнай каштоўнасці.
У вёсцы Бабцы, непадалёк ад Докшыцаў, у жніўні 2011 года каля вясковых могілак, выявілі ўнікальную знаходку: на мясцовых могілках знайшлося каля 30 каменных крыжоў вышынёй ад 30 сантыметраў да амаль 2 метраў.
Каменныя крыжы ў Бабцах. Фота: planetabelarus.by
Існуе легенда, што знайшоў іх не абы хто, а Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, вяртаючыся з родных Ушачаў у Мінск. Паэт вырашыў спыніцца па дарозе ў Бабцах, дзе яго чакала неверагоднае адкрыццё. Ён быў так зачараваны ўбачаным, што праз пэўны час прысвяціў гэтаму месцу верш:
У лесе, у зялёнай імжы Затоеныя вякамі Каменныя стынуць крыжы З адсечанымі рукамі. Калі багоў даўніны Расьцілі — Адцялі рукі, І сталі крыжамі яны, Сакральныя помнікі-рухі. Тут часу зацішна яшчэ. Зьбіраюцца здані з адхонаў. І камень сьцюдзёна пячэ Сузор’е паганскіх пісьмёнаў.
Дакладнае прызначэнне і час іх узвядзення пакуль адмыслоўцамі не вызначаны. Хутчэй за ўсё, яны былі ўсталяваныя тут у якасці надмагільных камянёў прыкладна ў часы Сярэднявечча.
Могілкі маюць выключную гістарычную каштоўнасць, бо тут знаходзіцца адно з самых ранніх пахаванняў у Беларусі, датаванае 1278 годам! Дакладных звестак пра тое, колькі памерлых тут спачывае, няма. Паводле звестак даследчыкаў іўдаізму і краязнаўцаў, усяго захавалася каля сотні помнікаў. На некаторых плітах праглядаецца тэкст, але прачытаць яго ўжо амаль немагчыма.
Старажытная яўрэйская мацэва ў Сапоцкіне. Фота: grodnonews.by
Да 2000 года могілкі знаходзіліся ў занядбаным стане і былі закінутыя. Аднавілі могілкі пры падтрымцы Майкла Лозмана, стаматолага з ЗША, чый бацька быў родам з Сапоцкіна, але за часамі Другой Сусветнай вайны пакінуў родную вёску. У праекце па добраўпарадкаванні ўдзельнічалі амерыканскія студэнты і мясцовыя валанцёры, якія не толькі аднавілі надмагіллі, але і ўсталявалі на некаторых з іх металічныя зоркі Давіда ў знак памяці.
Уваходная брама на найстарэйшыя яўрэйскія могілкі Фота: grodnonews.by
Вандруйце і спазнавайце гісторыю роднага краю разам з намі!
Даведацца больш падрабязна пра абрады нашых продкаў у галоўны памінальны дзень можна па спасылцы.
А.К., Budzma.org