Ён быў сапраўдным рэвалюцыянерам, які не толькі на словах, але і справай думаў перайначыць свет. Выступаў за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць, але пры гэтым заставаўся шчырым каталіком. У дзень нараджэння Францішка Багушэвіча прыгадваем некаторыя цікавосткі з ягонага жыцця.
Карціна Адама Глобуса «Францішак Багушэвіч», 1982 год. Крыніца: img-fotki.yandex.ru
Паўстанне 1863–1864 гадоў, якое скончылася фатальнай паразай інсургентаў і дзесяцігоддзямі царскай рэакцыі, сталася спрыяльным момантам для з’яўлення ўласна беларускай нацыянальнай ідэі. Менавіта пасля яго пачаў закладацца падмурак новай беларускай літаратуры, якая і сфармуе ў выніку яе вобраз.
Францішак Багушэвіч не мог не ўзяць удзел у паўстанні. Родам з Ашмяншчыны, якая ў свой час і была сэрцам той самай гістарычнай Літвы, малады шляхціч не мог застацца ў баку ад вірлівых падзей. Царскія ўлады падазравалі не толькі яго самога, але таксама бацьку, братоў і сястру ў спачуванні паўстанцам. Але даказаць таго так і не здолелі...
У Віленскай гімназіі Багушэвіч вучыўся ў адным класе з Цітусам Далеўскім — адным з кіраўнікоў паўстання і блізкім сябрам Кастуся Каліноўскага. У той самай гімназіі вучыўся і Ігнат Здановіч, яшчэ адзін вядомы інсургент. Будучыя паўстанцы былі ўзгадаваныя на працах ягонага бацькі — гісторыка Аляксандра Здановіча, які ў свой час фундаваў выданне «Шляхціча Завальні» Яна Баршчэўскага.
Некаторы час Багушэвіч павучыўся ў Пецярбургскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце, адкуль яго выключылі нібыта за слабое здароўе, а хутчэй за ўсё за рэвалюцыйныя пагляды. Потым нейкі час настаўнічаў у родных мясцінах. Калі пачалося паўстанне, далучыўся да яго, але да канца так і не зразумела, якім менавіта чынам. Імаверна, ён быў у знакамітым атрадзе Людвіка Нарбута.
Сам паэт быў нешматслоўным і да канца жыцця не асабліва расказваў аб тых падзеях, разумна пазбягаючы непатрэбнай увагі да свайго мінулага. Вядомыя толькі адзінкавыя выпадкі, калі ён так або іначай пацвярджаў свой удзел. Так, у ліпені 1897 года ён разам з таварышамі паплыў на чоўнах у Коўна. У час стаянкі вырашыў заночыць не ў «душнай» пуньцы разам з усімі, а пад адкрытым небам. Ішоў дождж, таму прысутныя адгаворвалі яго, на што Багушэвіч адрэзаў: «У 1863 годзе мы спалі і ў горшых варунках». Тое падарожжа стала для яго ў выніку фатальным...
Як ужо можам зразумець, Францішак Багушэвіч належаў да «чырвоных» — таго лагеру паўстанцаў, што выступалі за радыкальныя перамены ў тым ліку і сацыяльнага характару. Гэта былі не проста патрыёты, якія хацелі аднаўлення сваёй бацькаўшчыны, яны прагнулі прагрэсіўных змен. У сваю чаргу «белыя» імкнуліся проста аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года з усімі даўнейшымі парадкамі.
Вядома, што ў часе паўстання Багушэвіч быў цяжка паранены. Антон Луцкевіч у сваім нарысе аб жыцці і творчасці Францішка Багушэвіча звяртае ўвагу на цікавы момант:
«У нейкай бітве (дзе — няма ведама) быў ранены ў нагу і пэўне не мінуў бы сьмерці, калі б яго не паратаваў нейкі беларускі селянін. Факт гэты сам па сабе паказвае на асаблівую прыхільнасьць сялян да Багушэвіча, што ў тыя часы ў адносінах да паноў здаралася нячаста».
У любым разе, пасля паразы паўстання яму давялося знікнуць на вельмі працяглы час. Як цяпер бы сказалі — зліцца з асфальтам і наогул ніяк не выдзяляцца. Яго ўласны свет перастаў існаваць — многія знаёмыя Багушэвіча былі або забітыя на полі бою, або пакараныя смерцю, або сасланыя ў Сібір. А ў краі на доўгія дзесяцігоддзі ўсталявалася царская рэакцыя.
Потым Францішак Багушэвіч перабіраецца ва Украіну, дзе ў 1865 годзе паступае ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Па сканчэнні якога будзе матацца з месца на месца. Гэты «ўкраінскі» перыяд жыцця будзе цягнуцца ажно да 1884 года. За гэты час Багушэвіч паспее ажаніцца, завесці дзяцей — дачку Канстанцыю і сына Тамаша, зрабіць сабе адносна неблагую кар’еру.
Хутчэй за ўсё ў той час бацька новай беларускай літаратуры яшчэ не быў носьбітам уласна «беларушчыны». Імаверна, што вялікі ўплыў у гэтым кірунку на яго аказала жыццё ва Украіне — вядома, што ён валодаў украінскай мовай, добра ведаў побыт і вельмі цікавіўся культурай украінцаў. Такім чынам праз знаёмства з «украінствам» у ім самім прарасла і «беларушчына».
Расквітнела яна, калі Францішак Багушэвіч пераехаў у Вільню, дзе пачаў адвакацкую практыку. Там ён стаў абаронцам самых бедных і прыгнечаных. Таму марна думаць, што Багушэвіч проста так мараў паперу сваімі вершамі. Ён спрабаваў намацаць тое, што можа абудзіць беларусаў, хацеў стаць «сваім» сярод гэтых людзей, якім патрэбны быў уласны голас.
Францішак Багушэвіч у Вільні. Крыніца: zviazda.by
Цікавую вершаваную характарыстыку дзейнасці Францішка Багушэвіча даў у сваім аднайменным вершы Рыгор Семашкевіч, паэт ужо ХХ стагоддзя:
Ніякія годы,
Паходы,
Нягоды
Ад нас не адрынуць той час.
І світка мужыцкая днее пагодна —
Ашмянскага крою якраз.
Якія дакоры
Бываюць у гора?
Імжыць праз гады сіратлівы пагляд.
На ўсю Беларусь мільён пракурораў
І толькі адзін, толькі ён адвакат.
Няма ніякага сумневу ў тым, што выбар на карысць беларускай мовы ў творчасці быў цалкам свядомым. У той час Францішак Багушэвіч можа яшчэ і пачуваўся краёвым палякам, але дакладна ўжо рабіў справу беларускую, што выдае ў ім абсалютную адданасць уласным прынцыпам.
Бо складанне вершаў на беларускай мове, якую тады называлі не іначай, як «мужыцкай», на не самыя прыемныя тэмы — справа не надта ўдзячная. І можа прынесці найперш праблемы і непаразуменне, чым поспех і прызнанне. Прычым гаворка не толькі аб царскіх цэнзарах, якія пільна сачылі за тым, што друкуецца, але і аб паляках.
Багушэвіч «віленскага» перыяду — чалавек даволі дзіўны, бо, з аднаго боку, ён вядомы «халопаман», які дапамагае бедным, збольшага нават проста «за ідэю». Такое ў прынцыпе не дзіва — у Еўропе таго часу многія пісьменнікі і паэты імкнуліся ўвасобіць уласныя ідэалы на практыцы, а не толькі дэклараваць іх. З іншага боку, ён вядзе даволі замкнёнае жыццё — мае вузкае кола знаёмстваў і пазбягае шчырага сяброўства.
Разам з тым у кагорце яго прыяцеляў людзі даволі радыкальных поглядаў — у іх ліку быў малады Юзаф Пілсудскі, які ў той час цікавіўся сацыялістычнымі і рэвалюцыйнымі ідэямі і нават дапамог пераправіць праз мяжу першы паэтычны зборнік Багушэвіча пад назвай «Dudka białaruskaja». Надрукаваны ў Кракаве ў 1891 годзе, які быў тады ў складзе Аўстрыйскай імперыі, гэты томік меў важнае значэнне для ўсёй беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.
Вокладка «Дудкі Беларускай», 1891 год
Калі сёння мы расчытваем яго творы, то паэзія Багушэвіча можа падацца празмерна «плаксівай» — гэты канон, які ім і быў уласна сфармуляваны, жывы і цяпер. Спачатку яго падхопяць адраджэнцы «нашаніўскай» пары, а далей ён ужо будзе перадавацца сам сабой наступным пакаленням. І тым не менш у тых творах аформлены важныя думкі: абрысы беларускай прасторы, запавет не пакідаць мовы і трымацца найперш свайго.
Рукапісны вырыянт «Дудкі Беларускай», канец ХІХ стагоддзя. З фондаў музея Якуба Коласа. Крыніца: zviazda.by
Апошнія гады жыцця Францішак Багушэвіч правёў у родавым маёнтку ў Кушлянах. Атрымаўшы спадчыну, ён змог разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць у 1896 годзе нанова бацькоўскую сядзібу і цалкам прысвяціць сябе літаратурнай справе. Кажуць, што ў вольны час паэт любіў запрашаць да сябе вясковых жанчын, каб паслухаць беларускія песні.
Бюст Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Крыніца: zviazda.by
Л. Г., budzma.org