Рэвалюцыя ў Парыжы пачалася нечакана, хоць выбух наспяваў даўно. Марнатраўства і бяздарнасць каралеўскай улады давялі краіну да сур’ёзнага крызісу. Калі па сталіцы Францыі разнесліся чуткі, што кароль збірае войскі, каб разагнаць парламент — Генеральныя штаты, парыжскі люд узбунтаваўся. У пошуках зброі натоўп скіраваўся да каралеўскай турмы-крэпасці пад назвай Бастылія і захапіў яе штурмам. Гэты дзень 14 ліпеня да сёння застаўся нацыянальным святам Францыі. А ўжо 26 жніўня 1789 г. Генеральныя штаты прынялі знакамітую Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна.
Штурм Бастыліі. Крыніца: www.ordissinaute.co.uk
Ідэалы Французскай рэвалюцыі
Французская рэвалюцыя дэкларавала ідэал рэспублікі і імкнулася стварыць дэмакратыю, якую пазней назвалі якабінскай. У народзе «клубам якабінцаў» называлі Таварыства сяброў канстытуцыі, якія збіраліся ў дамініканскім кляштары, па-французску «couvent des Jacobins». Кіраўнік якабінцаў Максімільен Рабесп’ер у прамове 5 лютага 1794 г. ужыў слова «дэмакратыя», што стала прычынай негатыўнага ўспрымання дэмакратыі на працягу ўсяго наступнага паўстагоддзя.
Клуб якабінцаў. Крыніца: https://www.wikipedia.org/
Французская рэвалюцыя абвяшчала найвышэйшай вартасцю свабоду і імкнулася да новай грамадскай повязі, заснаванай на прынцыпе роўнасці. У Дэкларацыі правоў Чалавека і Грамадзяніна гаварылася пра натуральныя, неад’емныя і святыя правы чалавека: на свабоду, маёмасць, бяспеку і супраціў прыгнёту. Грамадзяне, роўныя палітычна, былі падзеленыя на дзве групы ў залежнасці ад велічыні маёмасці, менавіта, на заможных — «актыўных» і бедных — «пасіўных». Толькі заможныя маглі браць удзел у прыняцці законаў.
Дэкларацыя правоў чалавека 1789 г. Крыніца: https://www.wikipedia.org/
Дэкларацыя правоў Чалавека і Грамадзяніна
Летам 1792 г. была скасаваная манархія і праведзеныя выбары без усялякага цэнзу, у выніку якіх да ўлады прыйшлі якабінцы. У новай якабінскай Дэкларацыі правоў Чалавека і Грамадзяніна з 1793 г. прынцып роўнасці датычыў як палітычнай, так і грамадскай сфераў. Ідэя прадстаўнічай улады была спалучаная са шматлікімі элементамі непасрэднай дэмакратыі. У практыцы гэта праявілася ў дзеянні шматлікіх выбарчых вечаў, сходах жыхароў паасобных раёнаў і г. д.
Канцэпцыя дэмакратыі абапіралася на волю народа, таму не надта звярталася ўвага на ўдасканаленне дзяржаўных інстытуцыяў. Масавыя сходы трактавалі сябе як найвышэйшую ўладу — права было вынікам волевыяўлення тых сходаў — яно магло быць зменена з дапамогай любой працэдуры ў любы момант. Якабінцы лічылі, што такім спосабам рэалізуецца ўсеагульная воля, якая ёсць адлюстраваннем агульнага дабра. Тая ўсеагульная воля залежыць ад высокай вартасці грамадзянаў, якія ствараюць грамадства.
Чым быў выкліканы якабінскі тэрор
Якабінскі тэрор грамадзянскай цноты быў выкліканы перакананнем, што палітычна выхаваная рэвалюцыйная меншасць здольная і мае права перарабіць скарумпаванае грамадства ў грамадзянскую супольнасць. Якабінцы яшчэ не ведалі, што дэмакратыя не прыходзіць адразу, не здараецца ў адзін момант. Каб закараніцца ў свядомасці людскіх масаў, яна патрабуе пастаяннага трэнінгу і практычнай дзейнасці. Французскія рэвалюцыянеры-якабінцы такога досведу не мелі, набываць яго не мелі часу і жадання, хацелі ўсяго і адразу. У выніку ў гісторыі застаўся якабінскі тэрор як добрая ілюстрацыя вядомай прымаўкі: «Добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла».
Страта караля Людовіка XVI. Гравюра 1794 г. Ісідора Хельмана
Значэнне Французскай рэвалюцыі
Аднак агулам гісторыкі ацэньваюць французскую рэвалюцыю (нездарма названую Вялікай) як вузлавы момант у французскай і ўсёй сусветнай гісторыі. Яна прывяла да знішчэння «Старога Парадку» і пераходу да канстытуцыйнай манархіі, а потым і да першай Рэспублікі. Рэвалюцыя паклала канец неабмежаванаму каралеўскаму абсалютызму, абвясціла ўсіх грамадзян аднолькавымі перад законам. То быў пачатак доўгай дарогі да дэмакратыі Найноўшага Часу.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org