«Важнасць моўнага пытання для Беларусі ў тым, што, па вялікім кошце, беларуская мова і ёсць беларуская нацыя. Няма беларускай мовы — і беларуская нацыя перастае існаваць». Такое меркаванне выказаў кіраўнік Нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк на канфэрэнцыі «Беларусь: выжыванне і адраджэнне нацыі», якую правялі ў Варшаве 29 чэрвеня яго арганізацыя і Беларускі дом, піша pozirk.online.
Зянон Пазьняк на канфэрэнцыі «Беларусь: выжыванне і адраджэнне нацыі» 29 чэрвеня 2025 года ў Варшаве. Фота: «Позірк»
«Бо сітуацыя тут выключная, — працягнуў Пазьняк. — Побач — Расея, смяротны вораг беларускай нацыі. Пры страце беларускай мовы, існуючы побач з імперскай Расеяй, гэта будзе азначаць толькі русіфікацыю. І тады ніякая нацыянальная свядомасць «на русском языке» ўжо не ўзнікне. Бо няма ніякай іншай агульнай аб’яднаўчай нацыянальнай апоры, акрамя мовы».
«Беларуская мова — наймагутнейшая наша зброя. Што ў расейцаў было самае галоўнае, каб знішчыць у Беларусі? Мова ў першую чаргу», — падкрэсліў палітык.
На гэтым тле з гастролямі ў Беларусь «прыязджае ўсякая шваль з Расеі», сказаў палітык, выбачыўшыся за «нехарошае слова». «Выступаюць, паказваюць голыя зады, і, як кажуць, за тры месяцы раскупленыя білеты. Гэта — сучаснасць. Гэты яд, гэтая атрута «рускага свету», яна пранікла, не то што ўжо ў пятках сядзіць, і гэта канец. З гэтым трэба змагацца», — заклікаў прамоўца.