Якія фестывалі наведаць у Беларусі? Агляд фэстаў гэтага лета ад «Будзьма!»

Каб вашае лета запомнілася вам напоўніцу, зрабілі агляд самых цікавых фестываляў, якія нас чакаюць у розных гарадах і мястэчках Беларусі. Хапае падзеяў на любы густ — ад вясковых кірмашоў да маштабных рыцарскіх фестываляў ды музычных оўпэн-эйраў.

Вядома, гэта далёка не ўсе культурныя падзеі гэтага лета ў Беларусі. Мы адмыслова не ўключалі ў падборку ідэалагічныя дзяржаўныя мерапрыемствы накшталт «Славянскага базару».

29 чэрвеня. Свята «Першы ўкос»

У нядзелю, 29 чэрвеня, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы спраўляюць свята «Першы ўкос».

Pieršy ukos

Першы ўкос — гэта спрадвечнае і важнае свята для нашых продкаў. На першы ўкос збіраліся ўсёй вёскай на вялікую талаку. На талацэ, акрамя працы, людзі разам адпачывалі і спажывалі ежу, што таксама мела магічны сэнс.

29 чэрвеня вас чакае расповед пра традыцыю свята першага ўкоса, талочныя і застольныя беларускія песні, урачыстае шэсце, конкурс на самага лепшага касца, майстар-класы па пакосу травы і па вырабу лялькі з травы, беларускія танцы і гульні пад скрыпку і гармонік.

Падрабязней па спасылцы.

29 чэрвеня. Купалле ў Дукорскім маёнтку

У праграме святкавання: традыцыйныя танцы ды спевы, гульні і забавы, купальскае шэсце, а таксама лекцыя з частаваннем «Абрадавая кухня беларусаў», расповеды ад майстроў музычных інструментаў, пляценне вянкоў, батлейка «Купальскае шчасце», роспіс масак з пап’е-машэ і інш.

А на галоўнай сцэне выступяць: капэла Алены Мялешкі, гурты «Еthnoloops» і «Roskvit», спявачка Nevika.

kupallie-Dukora.jpg
Купалле ў Дукоры

Падрабязней па спасылцы

А па гэтай спасылцы знойдзеце агляд, дзе і як сёлета беларусы азначаюць Купалле.

4-5 ліпеня. Летні джазавы фестываль «Джаз у горадзе Н»

Летні джазавы фестываль «Джаз у горадзе Н» традыцыйна пройдзе пад адкрытым небам у самым сэрцы Нясвіжскага замка.

4 ліпеня будзе прэзентавана першая праграма «Гукі джаза». 5 ліпеня публіка пачуе канцэртную праграму «Сінатра-110», прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння легендарнага амерыканскага спевака і кінаакцёра Фрэнку Сінатры.

Абяцаюць незабыўныя дзіўныя вечары для аматараў сапраўднага Джаза.

4-5 ліпеня. Будслаўскі фэст

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай у Будславе сёлета пройдуць 4–5 ліпеня. Дэвіз сёлетніх урачыстасцяў: «Міласэрнасць Божая — давяраем Табе».

Budslaŭski fest 2024
 Будслаўскі фэст 2024

Сёлета падчас фэсту адбудзецца асаблівая падзея — прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі.⠀

На Будслаўскі фэст з’язджаюцца, як правіла, усе каталіцкія біскупы Беларусі, а таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. Акрамя святароў, на фэст прыходзіць мноства паломнікаў, у тым ліку і з іншых краін.

Нагадаем, што ў 2018 годзе Будслаўскі фэст быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

12 — 13 ліпеня. Фестываль «Археалагічнае сафары» ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі»

Фестываль дазволіць адчуць сябе першаадкрывальнікам і дакрануцца да старажытнай гісторыі Палесся. У праграме: экскурсія «Закінутае гарадзішча» (абяцаюць паказаць старажытнае гарадзішча, пабудаванае да нашай эры),
выстава старажытных артэфактаў, майстар-клас па вырабе керамікі, квэст па пошуку артэфактаў.

18-19 ліпеня. Міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль»

Традыцыйнае міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль» адбудзецца ў другой палове ліпеня ў Глыбокім.

У праграме: шэсце «вішнёвай каралевы», забегі «вішнёвых смаўжоў», стральба вішнёвымі косткамі, музычная праграма і шмат іншых тэматычных мерапрыемстваў.

Што паглядзець на Глыбоччыне, можна пачытаць тут:

Вандруем разам з «Будзьма!»: Глыбоцкі раён. Частка другая

Вандруем разам з «Будзьма!»: Глыбоцкі раён. Частка чацвёртая

19-20 ліпеня. Шаснаццаты штогадовы фестываль «Наш Грунвальд»

Міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры адбудзецца традыцыйна ў музейным комплексе «Дудуткі».

Fiestyvaĺ «Naš Hrunvaĺd»Фестываль «Наш Грунвальд». Фота: nashgrunwald.by

Мерапрыемства прысвечана вайсковай і свецкай сярэднявечнай тэматыцы, звычаям нашых продкаў. Гэта найстарэйшы і найбуйнейшы фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі. Галоўнай падзеяй фэсту стане аднаўленне самай маштабнай бітвы сярэднявечнай Еўропы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і хаўруснікаў: Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.

Падрабязная праграма фэсту па спасылцы

2 жніўня. Фестываль «Гальшанскі замак»

У вёсцы Гальшаны ля сцен былога замка Сапегаў адбудзецца штогадовы фестываль «Гальшанскі замак».

Fiestyvaĺ «Haĺšanski zamak»
Фестываль «Гальшанскі замак». Фота: travel.by

Гасцей фестывалю чакае насычаная і разнастайная праграма: конныя турніры, турніры лучнікаў, майстар-класы па хаджэнню на хадулях і сярэднявечных танцах, прадстаўленні вулічнага тэатра і конна-спартыўных клубаў, канцэртныя выступленні гуртоў сярэднявечнай музыкі і многае іншае.

На пляцоўках ля сцен замка збяруць сваіх прыхільнікаў турніры рыцараў — адно з самых займальных відовішчаў свята. Тут можна будзе пастраляць з лука, пазмагацца на мячах, пракаціцца конна. Для гасцей свята правядуць майстар-класы па ганчарнай справе, кавальскім рамястве, фехтаванні. Выдатным падарункам для дзяцей стане дзіцячая пляцоўка са шматлікімі атракцыёнамі і гульнямі.

2 — 3 жніўня. Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст»

Rycarski fest
Рыцарскі фэст. Фота: vk.com/mstislavl_fest

Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» у Мсціславе штогод збірае больш за 300 удзельнікаў з клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Пляцоўкай, на якой адбываецца фестываль, традыцыйна з’яўляецца гісторыка-археалагічны помнік архітэктуры «Замкавая гара».

Галоўная задача фестывалю — захаванне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры, рэканструкцыя гістарычных каштоўнасцей. Праграма фестывалю складаецца з выступленняў лучнікаў, конных спаборніцтваў і пешых рыцарскіх турніраў, тэатралізаваных і музычнах выступаў і іншых цікавостак.

9-10 жніўня. Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі»

Фестываль праходзіць у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэта фестываль, які знаёміць з традыцыямі Палесся. Сёлета ў конкурснай праграме будуць паказваць разнастайныя традыцыйныя вясельныя стравы. Мерапрыемства пачнецца са святочнага шэсця ў выглядзе вяселля, працягнецца гандлем на галоўнай вуліцы аграгарадка, а ўвечары наведнікаў фестывалю чакае канцэрт.

Што паглядзець у Моталі, мы распавядалі тут:

На выходныя ў Моталь: што цікавага ў старадаўнім мястэчку на 

9 — 10 жніўня. Свята «Іўеўскі памідор»

Sviata «Iŭjeŭski pamidor»
 Свята «Іўеўскі памідор». Фота: kultura.grodno.by

Свята праводзіцца ва ўмоўнай сталіцы беларускага памідора Іўі. У праграме фэста тэатралізаванае шэсце, выстава-продаж і дэгустацыя памідораў, «памідорны дартс», музычная праграма і шмат іншага. А што паглядзець у Іўі, можна пачытаць тут.

9 жніўня. Фестываль сярэднявечнай культуры «Навагрудскі замак»

Фестываль традыцыйна ладзіцца ў Навагрудку ля падножжа Замкавай гары. Наведнікаў чакаюць сярэднявечныя музыка і танцы, рыцарскі турнір, кірмаш рамеснікаў, вулічны тэатр ды іншыя цікавосткі.

22-23 жніўня. Ганненскі кірмаш

Ганненскі кірмаш штогод праводзіцца ў жніўні ў Зэльве. Свята ладзіцца ў гонар святой Ганны і мае даўнюю гісторыю. Яшчэ ў 1721 годзе гаспадары мястэчка Сапегі атрымалі ад караля Аўгуста Моцнага прывілей на торг і кірмашы. Па некаторых звестках гандаль на кірмашы цягнуўся цэлы месяц і быў не менш маштабным за знакаміты кірмаш у Лейпцыгу. Лакальнай асаблівасцю гэтых таргоў было тое, што асноўным аб’ектам куплі-продажу на іх былі коні.

Hannienski kirmaš
Ганненскі кірмаш. Фота: planetabelarus.by

З 2001 года традыцыю Ганненскіх кірмашоў спрабуюць адрадзіць. У горадзе ладзіцца вялікае свята, з хлебам, соллю, шашлыкамі, мастацкай самадзейнасцю ды, вядома, коньмі. Тут любы жадаючы можа пракаціцца на брычцы і адчуць атмасферу старадаўняга мястэчка, якім яно было пару стагоддзяў таму.

Што паглядзець у Зэльве, мы распавядалі тут:

5 нагодаў наведаць Зэльву