Францыю каралі аб’ядноўвалі стагоддзямі, а Вітаўт зрабіў тое ў ВКЛ за тры гады

24.01.2025 Гісторыя
Астроўская дамова 1392 года была для Вітаўта прыніжальнай, рабіла васалам польскага караля і каралевы, але ён тым не надта пераймаўся. Ведаў, як даць рады. Літаральна на працягу некалькіх гадоў Вітаўт зрабіў тое, чаго, напрыклад, французскія каралі дабіваліся дзесяцігоддзямі і стагоддзямі. Сілай і хітрасцю ён цэнтралізаваў велізарную краіну пад сваёй уладай. Як яму тое ўдалося? Хто былі галоўнымі ворагамі Вітаўта і як ён здолеў іх перамагчы? Распавядаем у артыкуле.

Vitaŭt
Вітаўт. Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Расклад сілаў у ВКЛ

Паводле дамовы ў Астрове ад 5 жніўня 1392 г. Вітаўт стаў намеснікам Ягайлы ў Літве. Ягайла як польскі кароль знаходзіўся збольшага ў Кракаве, але надалей заставаўся вялікім князем літоўскім. Вітаўт тытулаваўся «літоўскім князем панам троцкім, луцкім і інш.», г. зн. меў статус удзельнага князя, выбранага на «перадатачны механізм» для кіравання Вялікім Княствам Літоўскім. Менавіта так было пры папярэдніку Вітаўта Скіргайле.

Вялікае Княства Літоўскае на той час з’яўлялася велізарнай дзяржавай, падзеленай на кангламерат буйных і дробных княстваў-удзелаў, якімі кіравалі прадстаўнікі роду Гедыміна, або князі з мясцовых дынастый — полацкай, тураўскай і інш. Самыя буйныя ўдзелы памерам, большым за многія еўрапейскія дзяржавы, знаходзіліся ў валоданні Гедымінавічаў. Фактычна гэта былі амаль самастойныя ўладары-манархі, якія вялі нават міжнародную палітыку, а некаторыя білі ўласную манету.

Ягайла, стаўшы вялікім князем у 1377 г., пасля смерці Альгерда, парупіўся перадаць самыя буйныя і важныя ўдзелы ў рукі сваіх родных братоў, якім найбольш давяраў. Аб’яднаўшы свае сілы, яны маглі разграміць любога «сепаратыста» ўнутры краіны. Такім «сепаратыстам» здаўна быў іх стрыечны брат Вітаўт Кейстутавіч, адзін з удзельных князёў, які сніў і бачыў сябе на чале дзяржавы.

Mapa


Аўтары карты Сцяпан і Віктар Цемушавы

Галоўныя ворагі Вітаўта

Пасля заключэння Астроўскай дамовы новы каралеўскі намеснік на Літве адразу пачаў сур’ёзную і няпростую справу, важную не толькі для яго асабіста, але і для ўсёй дзяржавы. Літаральна на працягу некалькіх гадоў Вітаўт зрабіў тое, чаго, напрыклад, французскія каралі дабіваліся дзесяцігоддзямі і стагоддзямі — ён цэнтралізаваў краіну, аб’яднаў пад уладай аднаго манарха — сваёй. Менавіта замяніў на чале буйных удзелаў князёў Гедымінавічаў на сваіх намеснікаў — баяраў, якія і марыць не маглі пра суперніцтва з вялікім князем.

Палітычнымі праціўнікамі былі паўнародныя (ад адных бацькоў) браты Ягайлы, якія стаялі на чале буйных удзельных княстваў і сярод іх галоўныя асабістыя ворагі Скіргайла і Карыбут. Тыя самыя, што дзесяць гадоў таму былі побач з Ягайлам удзельнікамі змовы і звяржэння бацькі Вітаўта Кейстута.

Спробы прымірыць ліцвінскіх князёў

Хоць у Астроўскім акце Вітаўт абяцаў змяніць злосць да іх на ласку, насамрэч рабіць гэтага не збіраўся. Канфлікт трываў надалей, і ўжо ў снежні таго ж 1392 г. Ягайла чарговы раз спрабаваў хоць бы вонкава прымірыць Вітаўта са Скіргайлам. Выклікаў абодвух у Бэлз, змусіў памірыцца, пасля чаго абвясціў пра гэта адмысловым актам. Падобны дакумент выставіў і Вітаўт, але не Скіргайла, з чаго відаць, каго Ягайла бачыў галоўным вінавайцам у канфлікце. У тым акце Вітаўт называў Скіргайлу ўлюбёным братам і абяцаў дапамагчы здабыць у валоданне Кіеў і Камянец-Падольскі.

Kamianiec Padoĺski ŭ 17 st.
Камянец Падольскі ў 17 ст.

Пазней справай прымірэння ліцвінскіх князёў занялася яшчэ і каралева Ядвіга. Выклікала абодвух у Львоў, дзе ў кастрычніку 1393 г. зноў быў выстаўлены акт згоды і зноў толькі адным Вітаўтам.

Разгром каралеўскіх братоў у імя і ад імя караля

Асноўныя падзеі разгарнуліся ў 1393 г. Парадаксальным чынам Вітаўт здолеў сагнаць сваіх ворагаў — каралеўскіх братоў — з іх удзелаў пры падтрымцы... самога Ягайлы. Вітаўт павярнуў справу так, што бунты супраць яго выглядалі як выступленні супраць агульнага сюзерэна — польскага караля. Вітаўт іх граміў і прыводзіў да пакоры ў імя і ад імя Ягайлы, а той быў вымушаны падтрымліваць ліцвінскага намесніка супраць родных братоў і яшчэ больш павялічваць яго асабістыя ўладанні. Такая сітуацыя настолькі супярэчыла інтарэсам Ягайлы, які ніяк не хацеў аддаваць вярхоўную ўладу над Літвой, што некаторыя гісторыкі падазраюць Вітаўта ў наўмысным правакаванні бунтаў каралеўскіх братоў.

Сапраўды, неяк надта ж удала ўсё складвалася. У пачатку 1393 г. супраць Вітаўта збройна выступіў ноўгарад-северскі князь Карыбут-Дзмітры. Вітаўт паслаў сваіх ваяводаў, якія разграмілі войска бунтаўніка, а Карыбут схаваўся ў Наваградку. Туды з яшчэ большым войскам прыбыў сам Вітаўт, змусіў да капітуляцыі і адаслаў Карыбута да караля ў Кракаў. Тут яшчэ адзін Альгердавіч — малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла паказаў свой шалёны нораў. У Віцебску пасля смерці маці ён забіў ягайлавага намесніка Хведара Вясну і пачаў кіраваць сам. Вітаўт зноў выступіў у абарону правоў сюзерэна, схапіў Свідрыгайлу і адправіў да караля.

Як Вітаўт усіх абхітрыў

Заставаўся яшчэ адзін галоўны вораг — Скіргайла, якому Вітаўт абяцаў дапамогу ў здабыцці кіеўскага княжання.

Skirhajla
Скіргайла. Мастак Артурас Шлапскас

Маючы ў валоданні яшчэ Полацкае і Менскае княствы, Скіргайла мог быць сур’ёзнай супрацьвагай для Вітаўта ў Літве. Прынамсі, так разлічваў Ягайла. Але Вітаўт зноў усіх абхітрыў. Цягнуў з паходам на Кіеў як мог, усё нешта перашкаджала, ажно пакуль у снежні 1393 г. не прыйшла вестка пра смерць Скіргайлы.

Тут ужо Вітаўт перастаў марудзіць, выступіў на Кіеў, вывеў з яго Уладзіміра Альгердавіча, паставіў свайго намесніка, а Уладзіміру даў «на пракорм» Копыль. Справа была зробленая, вярхоўная ўлада над усім Вялікім Княствам Літоўскім апынулася ў руках Вітаўта! Пакуль адно дэ факта, але раней ці пазней мела стаць і дэ юрэ.

Vitaŭt
Вітаўт. Партрэт з Хронікі А. Гваньіні. 1611 г.

Ягайла не здаваўся, не жадаў прызнаваць за Вітаўтам вялікакняскай годнасці і надалей планаваў кіраваць Літвой праз намесніка. Так цягнулася да 1401 г., пакуль Вітаўт не дамогся свайго, нягледзячы на сур’ёзную паразу ад татараў над ракой Ворсклай у 1399 г.

Сцяпан Сарока, Budzma.org