Калі князь Вітаўт вяртаўся на радзіму з першай эміграцыі ў Прусіі (1382 — 1384 г.), то зрабіў гэта з вялікім розгаласам і значнай шкодай для Тэўтонскага ордэна. Спаліў некалькі замкаў. Напэўна, хацеў не толькі даць доказ вернасці дасягнутай дамоўленасці з Ягайлам, але і адводзіў душу — помсціў за прыніжэнне, з якім яго сустрэлі крыжакі пасля ўцёкаў з Крэўскага замка
Калі перыпетыі палітычнага лёсу зноў прывялі князя ў Прусію, то кіраўніцтва Ордэна прыняло меры, каб забяспечыцца ад паўтарэння падобнай сітуацыі. Як аказалася, марна. Як Вітаўту ўдалося ўцячы з-пад пільнага нагляду крыжакоў, распавядаем у артыкуле.
Мальбарк у сярэднявеччы
Марныя меры бяспекі крыжакоў
Крыжакі вымусілі пакінуць у закладніках, рассяліўшы па розных замках, знатных баяраў і блізкіх сваякоў Вітаўта, у тым ліку ягонага малодшага брата Жыгімонта. Пільнавалі таксама самога Вітаўта, адсочвалі ягоныя дзеянні і перамяшчэнні. Не дапамагло.
Калі перад Кейстутавічам паўстала перспектыва вяртання бацькаўшчыны (уладанняў Кейстута) і здабыцця ўлады над усім Вялікім Княствам Літоўскім, ён зноў выехаў з Прусаў, нягледзячы ні на што. І зноў спаліў за сабой усе масты.
Падрыхтоўка аперацыі вяртання выглядала няпростай справай па прычыне чуйнасці крыжакоў. Найперш неабходна было наладзіць нейкую сувязь між ім і Ягайлам, пра ўсё дамовіцца, абмеркаваць умовы і гарантыі. Ініцыятыва зыходзіла ад Ягайлы, бо той урэшце ўсвядоміў, што лепш закончыць канфлікт мірам, чым чакаць, пакуль Вітаўт замацуецца ў Літве сам пры падтрымцы Ордэна і шматлікіх прыхільнікаў сярод ліцвінскага баярства. Гэтае ягайлава ўсведамленне і было гарантыяй выканання ім дасягнутых дамоўленасцей.
Вітаўт і Ягайла. Вокладка альбома 1850 г. Мастак E.Hauger
Заставалася знайсці хоць няпростае, але ўсё ж тэхнічнае рашэнне рэалізацыі мірнага плану Ягайлы, менавіта, правесці перамовы з Вітаўтам таемна ад крыжакоў. Знайшлі спосаб, дакладней, адпаведную асобу.
Мазаўшанін княскага роду Генрых Земавітавіч (як малодшы сын князя быў вымушаны выбраць царкоўную кар’еру), прыбыў у Прусы нібыта па сваёй волі з дэклараванай мэтай памірыць Польшчу з Ордэнам. Мазоўша на той час не ўваходзіла ў Польскае каралеўства, ягоныя князі трымаліся сяброўскіх і нават саюзных адносінаў з крыжакамі. Адмовіць біскупу, хоць яшчэ не ўведзенаму афіцыйна ў сан, ордэнскае кіраўніцтва (усе спрэс каталіцкія манахі) не магло. Генрых падарожнічаў ад замка да замка, усюды горача прапаведаваў мір і дружбу між народамі і так дабраўся да рэзідэнцыі Вітаўта ў замку Рыттэрсвердэр.
Ордэнская дзяржаваў Прусах у 14 ст.
Далей усё пайшло як у прыгодніцкім рамане. Каталіцкі манах, без пяці хвілін біскуп закахаўся ў сястру Вітаўта Рынголу, а тая адказала ўзаемнасцю. (здарылася тое ў пачатку 1392 г., а ўжо ў чэрвені раман скончыўся шлюбам, дзеля якога Генрых адмовіўся ад кар’еры біскупа.) Згараючы ў полымі кахання, Генрых аднак не забыўся пра справу, дзеля якой быў пасланы ў Прусы. Не адыходзіў ад вітаўтавага дома, усе ведалі (прынамсі былі пэўныя, што ведаюць) дзеля чаго ён там прападае, а Генрых між іншым усё абгаварыў і дамовіўся з Вітаўтам.
Заставалася выканаць апошнюю самую важную частку плана — адысці з Прусіі разам з закладнікамі. Вітаўту ўдалося зрабіць амаль усё так, як задумаў. Абвясціў чарговую выправу ў Літву здабываць бацькаўшчыну і пачаў падрыхтоўку да яе. Дзеля гэтага сабраў каля сябе блізкіх, акрамя Жыгімонта, які знаходзіўся ў самым крыжацкім логаве — сталічным Мальбарку.
Самая ранняя выява Мальбарка. 1481 г
Выезд Жыгімонта да брата быў бы занадта падазроным, ды яго б і не выпусцілі. Вітаўт дакладна разлічыў, што крыжакі не рашацца забіць брата, занадта высокага рангу закладнік, мог спатрэбіцца ў палітычных гульнях. Пазней Вітаўт усё-такі вызваліў Жыгімонта, але той мусіў правесці ў крыжацкім палоне яшчэ доўгія шэсць гадоў.
У канцы чэрвеня 1392 г. у Вітаўта ўсё было гатова да адыходу. Дзейнічаў як звычайна рашуча і імкліва. Вяртаўся дамоў, на гэты раз назаўжды, але ордэнскае кіраўніцтва да апошняга было перакананае, што ён павёў войска ў паход на Літву. Праўда адкрылася хутка, бо Вітаўт пры адыходзе знішчыў, акрамя свайго Рыттэрсвердэра, яшчэ два крыжацкія замкі. Зноў паліў за сабой масты і гэтым дэманстраваў Ягайлу сур’ёзнасць імкнення да міру.
Неўзабаве пасля вяртання стрыечныя браты давялі справу да канца. 5 жніўня 1392 г. між Ягайлам і Вітаўтам была заключаная знакамітая Астроўская дамова, якая перадала Вітаўту ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Глядзіце таксама:
Сцяпан Сарока, Budzma.org