«Галасы Утопіі». Выйшла аўдыяверсія серыі кніг Святланы Алексіевіч

Аўдыяверсія пяці кніг нобелеўскай лаўрэаткі створана супольнымі намаганнямі Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і фонду «Kamunikat».


Час сэканд хэнд

«Галасы Утопіі» складаюцца з пяці кніг: «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд».

Унікальнасць серыі ў тым, што найноўшае выданне Святлана Алексіевіч дапоўніла запісамі з уласнага дзённіка і новымі гісторыямі, а таксама скасавала праўкі цэнзараў.

Акрамя таго — якасная агучка прафесійных акцёраў — Алег Гарбуз, Алена Баярава, Сяргей Чуб і Крысціна Дробыш.

у вайны не жаночы твар

Фонд «Kamunikat» пагаварыў з купалаўцамі, якія агучвалі серыю.

— Чаму гэтыя кнігі патрэбныя цяпер?

Сяргей Чуб:

— Праўда... Часам яна бывае балючай, але калі яна датычыцца такіх падзей, як вайна, Чарнобыль, людзі павінны ведаць яе. І лепей позна, чым ніколі.

Алег Гарбуз:

— Яны патрэбныя заўжды. І Алексіевіч — не адзіная крыніца. Слухайце, чытайце, удумвайцеся.

Апошнія сведкі

Алена Баярава:

— Тое, што адбывалася падчас вайны, заўсёды здавалася далёкім мінулым, якое трэба помніць і шанаваць. Здавалася, што гэта застанецца толькі ў кнігах і фільмах. Святлана Алексіевіч зрабіла неверагодную працу, зафіксаваўшы ўспаміны сведкаў Другой сусветнай і Афганскай вайны, ліквідатараў і ахвяр Чарнобыльскай катастрофы. Страшна ад таго, што гісторыя, на жаль, паўтараецца. Мы не ведаем дакладна ўсіх падзей, якія адбываюцца зараз, але мы можам прачытаць кнігі Святланы Алексіевіч і зразумець аб’ём гэтай катастрофы.

Цынкавыя

Крысціна Дробыш:

— Хочам мы гэтага ці не, але гісторыя паўтараецца. Яна можа змяняць час, месца, але сутнасць застаецца той жа. Тое, што ёсць у кнігах Святланы Алексіевіч, — яно вось тут цяпер з намі. А некаторыя былі для мяне як погляд у будучыню. Гэта трэба пачуць цяпер, каб убачыць, наколькі іншай ёсць гісторыя таго, што, здавалася, расказанае з усіх бакоў. Наколькі яна актуальная цяпер. Да дрыжыкаў.

Дарэчы, за адну з гэтых кніг Святлану Алексіевіч судзілі ў БССР, а спектакль Купалаўскага стаўся адной з прычын для позвы ў суд.

Чарнобыльская малітва

Дзе слухаць?

На любой зручнай пляцоўцы. Перайшоўшы па спасылках, выбірайце зручную (дзеля найлепшага ўражання варта захаваць аўтарскую чарговасць выданняў):

«У вайны не жаночы твар» (пераклад Валянціна Акудовіча)

«Апошнія сведкі» (пераклад Барыса Пятровіча)

«Цынкавыя хлопчыкі» (пераклад Андрэя Хадановіча)

«Чарнобыльская малітва» (пераклад Уладзіміра Арлова)

«Час сэканд хэнд» (пераклаў Сяргей Дубавец)

Каманда праекта:

Чытаюць: Алег Гарбуз, Алена Баярава, Сяргей Чуб і Крысціна Дробыш

Аўтарская музыка і мантаж гуку Дзмітрыя Фрыгі

Запіс: Павел Сініла

Прадзюсар праекта: Яраслаў Іванюк

Вокладкі: Ірына Арахоўская