Галава не хоча думаць: як ёй дапамагчы?

Перад вамі стаіць складаная задача, а галава «адмаўляецца» думаць і шукаць рашэнні? У дадзеным матэрыяле мы падкажам, як дапамагчы свайму мозгу скрануцца «з мёртвай кропкі» і пачаць эфектыўна працаваць.


Галава.png

Падказка 1

Адзін з самых простых і даступных спосабаў наладзіць працу — прагулка на свежым паветры. Мозг пачынае якасна апрацоўваць назапашаную інфармацыю і генераваць рашэнні прыкладна праз 25-30 хвілін засяроджвання на пэўнай задачы. То паўгадзінная прагулка пешшу паслужыць цудоўным каталізатарам для рашэння складаных задач. Але — абавязкова пешшу.

Увогуле існуе тэорыя, што менавіта доўгія пешыя пераходы ад стаянкі да стаянкі дапамаглі чалавечаму мозгу развіцца. А нейрабіёлагі сцвярджаюць, што звычайная хада можа павысіць узровень вашай крэатыўнасці аж на 60%!

Калі ж вы працуеце ў офісе і паўгадзінная прагулка на вуліцы — не ваш варыянт, можна замяніць яе хадой па лесвіцы. Падыміцеся пешшу на 10-ы паверх (ці 2 разы на 5-ы) — і адразу адчуеце прыток новых ідэй і натхнення. Калі вы не аматар гулянняў па лесвіцах, можна проста пахадзіць па кабінеце, калідоры. Паназірайце за вядоўцамі лекцый, трэнінгаў, матывацыйных майстар-класаў і інш. Большасць з іх праходжваецца перад аўдыторыяй — так прасцей думаецца, думкі больш структураваныя, іх лягчэй перадаць слухачам.

Падказка 2

Калі ж з нейкіх прычын прагулка і хада вам не пасуюць ад слова «зусім», іх можна замяніць масажам галавы. Ён забяспечыць большы прыток кіслароду да галаўнога мозга. А гэта, у сваю чаргу, павысіць вашу працаздольнасць.

І неабавязкова выклікаць прафесійнага масажыста. Будзе дастаткова, калі вы некалькі разоў націснеце на скуру галавы далонямі, злёгку пацягаеце сябе за валасы, кончыкамі пальцаў пасоўгаеце скуру галавы ў розных кірунках.

Можна выкарыстоўваць спецыяльныя масажоры для галавы — іх прапануецца вельмі шмат. А можна абысціся нават простым прычэсваннем. Прычашыце сваю галаву разоў 50-100 запар — і адразу адчуеце прыток свежых думак і ідэй!

Падказка 3

Калі не хочацца псаваць фрызуру, можна папрацаваць з рукамі! Яшчэ са школы мы ведаем, што, развіваючы дробную маторыку, мы развіваем працаздольнасць нашага мозга.

У дарослым узросце гэта працуе таксама. Калі вы загразлі на нейкім пытанні і ніяк не можаце яго вырашыць, папрацуйце рукамі. Самы просты варыянт для офісных работнікаў — гэта нататнік з устаўкамі-расфарбоўкамі. Звычайна яны называюцца «антыстрэс-нататнік» альбо «нататнік для творчасці». Адрозніваюцца ад звычайных тым, што ёсць малюнкі, якія трэба расфарбоўваць. Можна з гэтай жа мэтай набыць «расфарбоўку для дарослых» (разнастайныя мандалы і іншыя рэчы з дробнымі дэталямі). Альбо можна проста нацягаць сабе карцінак з сеціва — на ваш густ.

Акрамя малявання можна нізаць бісер, ляпіць з кінетычнага пяску, развучваць разнастайныя гамы (неабавязкова на сапраўдных музычных інструментах — можна проста намаляваць клавішы), складаць арыгамі... Абірайце, бліжэйшае вам (альбо тое, што дазваляюць працоўныя ўмовы) — і наперад, павышаць эфектыўнасць сваёй працы!

Падказка 4

Яшчэ адным цудадзейным сродкам з’яўляюцца гульні! Разнастайныя пазлы, канструктары «лега», нават звычайны «тэтрыс» — усё гэта дапаможа стымуляваць працу мозга. Вядома, пры ўмове, што вы не «заліпнеце» ў гульні на гадзіны і дні.

Увогуле, стварэнне чагосьці новага — вельмі карысная рэч для нашага мозга. Маляванне скетчаў, складанне вершаў, шыфраў, рэбусаў, кампазіцый з кветак ці іншых прадметаў, выкладанне мазаікі — гэты спіс можна працягваць бясконца.

І тут галоўнае не прафесійнае выкананне — няхай нават вашых «шэдэўраў» ніхто не пабачыць. Тут галоўнае — сам працэс стварэння. Ён задзейнічае структуры галаўнога мозга, якія «спяць» у паўсядзённым жыцці і абуджаюцца толькі пры творчай працы. А чым больш розных зон мозга задзейнічана, тым эфектыўней і хутчэй ён працуе. У тым ліку вырашаючы паўсядзённыя задачы.

Падказка 5

Дадайце ў сваё меню прадукты, якія стымулююць працу галаўнога мозга. Можна стварыць для сябе адмысловыя дыеты на перыяд, калі вам патрабуецца шмат думаць. А можна проста больш ужываць тлустыя віды рыбы, анчоўсы, чырвоны вінаград (сок), куркуму, яйкі, арэхі, зеляніну і бабовыя культуры.

Акрамя ежы можна дапамагчы свайму мозгу і адмысловымі пахамі. Водар бергамоту, апельсіна, лімона, язміну, эўкаліпту, грэйпфрута ўзбадзёраць, актывізуе думкі. Мята, вербалоз, леўзея, кедр, шалфей супакояць ураган думак, нададуць ім чысціні і яснасці, дапамогуць сканцэнтраваць увагу на важным.

Можна паэксперыментаваць і скласці для сябе адмысловыя зборы. Можна выкарыстоўваць эфірныя алеі — капаць іх на насоўку ці прыдалонне. Альбо пашыць для сябе аромападушачкі, паклаўшы ўсярэдзіну сухое рэчыва. І, калі спатрэбіцца «хуткая дапамога» мозгу, проста паціскаць гэтую падушачку і падыхаць над ёю. Як варыянт — выкарыстоўваць аромасвечы. Акрамя водару можна яшчэ і на полымя некалькі хвілін паглядзець, каб засяродзіцца на патрэбных думках.

Але тут, як і з ежай, трэба быць асцярожным людзям, схільным да алергіі. Да таго ж, калі вы ў пакоі працуеце не адзін, лепш перапытаць у калег, ці не выкліча ў іх дыскамфорту ваша ароматэрапія.

Вікторыя Лебедзева, budzma.org